У Фрунзенскім судзе за адзін тыдзень прысудзілі 275 содняў арышту і 14 500 рублёў штрафу


Пераслед дваровых актывістаў працягваецца. Так, у Фрунзенскім судзе Менску толькі за адзін тыдзень беларускія суддзі пакаралі 20 чалавек, якія нібыта ўдзельнічалі ў дваровых маршах. Агулам ім прысудзілі 275 содняў арышту і 14 500 рублёў штрафу.

Фота: чытачы Белсату

Увечары 2 чэрвеня ў парку Цівалі ў Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі 12 чалавек. Менчукоў даставілі ў Фрунзенскі РУУС і склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП. Усіх абвінавацілі ў шэсці з БЧБ-сцягамі і лозунгамі па вуліцы Матусевіча.

Сярод затрыманых былі маці непаўнагадовых дзяцей, але да суда выпусцілі толькі адну – дома ў яе трое дзяцей. Ёй трэба было прыйсці ў РУУС а 9 раніцы наступнага дня, адкуль пазней і прайшоў суд над жанчынай. Таксама ў парку Цівалі затрымалі хірурга Сяргея Броўку.

Hавiны
Хірурга арыштавалі на месяц пасля «хапуна» ля Цівалі ў Менску
2021.06.03 18:26

Справы затрыманых разглядзелі 3 чэрвеня ў судзе Фрунзенскага раёну суддзі Марыя Ярохіна і Юлія Блізнюк. У судзе ўсе затрыманыя сваю віну адмаўлялі, бо па іх словах ніякага шэсця не было і ў парку яны знаходзіліся для адпачынку. Некаторыя ў парку былі з сабакамі і з роварамі, але для суддзяў гэта не было апраўданнем.

У выніку васьмярых чалавек арыштавалі на 15 содняў, а дваіх мужчын, якія раней ужо былі асуджаны па «народным артыкуле», арыштавалі на 30 содняў. Яшчэ дваіх жанчын, якія маюць непаўнагадовых дзяцей, аштрафавалі на 100 базавых (2900 рублёў).

За масавы марш, які прайшоў 27 траўня на вуліцы Прытыцкага, увечары 3 чэрвеня затрымалі чацвярых менчукоў. На ўсіх склалі пратаколы за ўдзел у масавым мерапрыемстве па арт. 24.23 КаАП.

Так, 41-гадовага Алега Бабінцава сведка-міліцыянт нібыта апазнаў па відэа на «адным з дэструктыўных тэлеграм-каналаў». Суддзю Блізнюк не пераканала нават відэа з камер назірання, якое пацвярджае, што падчас маршу Бабінцаў быў дома з сынам. Вынік – 30 содняў.

Яшчэ адзін затрыманы – Дзяніс Пазняк – растлумачыў суддзі Ярохінай, што ў той дзень рамантаваў машыну і пачуў крыкі. Выйшаў у арку дома паглядзець, што адбываецца і ўбачыў на супрацьлеглым баку Марш. Ён вырашыў гэта зняць на тэлефон. На судзе ён хадайнічаў аб праглядзе відэа з телофона. Тэлефон з РУУСа прывезлі, але відэа, на думку Дзяніса, выдалілі супрацоўнікі міліцыі. Суддзя Ярохіна пакарала мужчыну 30-соднявым арыштам.

Таксама была затрымана 44-гадовая Святлана Маліноўская, якая здымала шэсце на відэа са свайго балкона, але па пратаколе ўдзельнічала ў ім. Суддзя Ярохіна пагадзілася паглядзець відэа на тэлефоне жанчыны, якое яна да гэтага паказвала самім міліцыянтам падчас затрымання. У выніку, відэа на тэлефоне не аказалася – яго таксама выдалілі супрацоўнікі. Гэта пацвердзіў сын жанчыны, які потым знайшоў гэта відэа на воблаку. Сын паказаў відэа на сваім тэлефоне, але суддзя не паверыла, што гэта відэа здымала сама Святлана і аштрафавала яе на 2900 рублёў (100 базавых).

У справе яшчэ адной затрыманай зрабілі перапынак да 7 чэрвеня.

Hавiны
«У нас, што, вайна ўжо?» Паразмаўлялі з 78-гадовай жанчынай, якая атрымала $ 1717 штрафу
2021.06.01 20:37

Яшчэ тром жанчынам за нібыта ўдзел у маршы ў Сухарава прысудзілі ад 10 да 15 содняў арышту. Іх сваякі сцвярджаюць, што яны ў ім не ўдзельнічалі. Таксама ў некаторых з іх дома правялі агляды і канфіскавалі БЧБ-сімволіку і тэхніку.

Жанчыну, якая здымала шэсце на відэа з 12-га паверха, аштрафавалі на 5800 рублёў.

Гісторыі
Неймаверная Жабінка, на якую абрынулася машына рэпрэсіяў. «Гэта помста за тое, што горад не здаецца з 9 жніўня»
2021.06.03 13:22

АД, belsat.eu

Стужка навінаў