Славенія адклікала дазвол на беларускае консульства, Італія не дала згоду прыняць новага амбасадара


Урад Славеніі афіцыйна адклікаў рашэнне аб згодзе на адкрыццё консульства Беларусі. А італьянская газета «Corriere della Sera» сцвярджае, што Італія ўжо некалькі месяцаў не выдае дазволу на прызначэнне амбасадарам Беларусі Анатоля Глаза.

Славенія 4 ліпеня афіцыйна адклікала згоду на працу беларускага ганаровага консульства ў Любляне пад кіраўніцтвам Янеза Шкрабца. Апошні быў ганаровым консулам у Славеніі з 2014 году – у траўні міністр замежных справаў Славеніі Анжэ Логар заяўляў, што чакае ад консула асуджэння дзеянняў рэжыму ў Беларусі.

Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай нагадвае, што Ціханоўская падчас візіту ў Славенію падымала пытанне працы консульства. Кабінет сцвярджае, што кампанія Шкрабца Riko заключала звыш 40 кантрактаў з буйнымі беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і што Шкрабец лабіяваў інтарэсы беларускага рэжыму ў Славекіі, дапамагаў выводзіць з-пад санкцыяў атачэнне Лукашэнкі.

Анатоль Глаз.
Фота: mfa.gov.by

Афіцыйнай адмовы ад кандыдатуры Анатоля Глаза не было, як і афіцыйнага пацверджання звестак выдання. Аднак без дазволу краіны, якая прымае амбасадара, яго прызначыць немагчыма. А Беларусь не мае амбасадара ў Італіі з 20 ліпеня 2020 года, калі Аляксандра Гур’янава звольнілі «ў сувязі з пераходам на іншую працу» (на пасаду першага намесніка міністра замежных справаў).

Паводле італьянскага выдання, даверчыя граматы для Глаза «ніхто не чапае», хоць яны гатовыя. Гэта тлумачаць тым, што Глаз – «верны афіцыйны прадстаўнік беларускага міністэрства замежных справаў», якога прызначыў «апошні дыктатар Еўропы Аляксандр Лукашэнка». Глазу нагадваюць шматлікія рэзкія выказванні адносна краінаў Захаду. Таксама ў італьянскім выданні згадваюць закрыццё паветранай прасторы для Беларусі ў сувязі з захопам рэйсу «Ryanair» і непрызнанне Еўропай перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

Hавiны
Пагарда, невуцтва і вобраз Праметэя. Што МЗС Беларусі адказала на супольную заяву заходніх краінаў
2021.02.18 16:19

У сувязі з гэтым, сцвярджае «Corriere della Sera», Італія будзе чакаць – як і іншыя краіны Еўропы, «часова прыпыніць» працэдуру зацверджання амбасадара. Па каментары аб магчымым прызначэнні Глаза італьянскае выданне звярталася да Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.

Анатоль Глаз ужо працаваў у амбасадзе Беларусі ў Італіі: з 2007 па 2009 год быў другім і першым сакратаром амбасады, з 2014 па 2018 год быў старшым дарадцам амбасады.

АА belsat.eu

Стужка навінаў