«Скаргамі мы фіксуем парушэнні, змагаемся за свае правы». Юрыдычныя парады Сяргея Зікрацкага


Для беларускіх уладаў адмова друкаваць і распаўсюджваць незалежныя выданні – сталая практыка. Асабліва тады, калі нашая краіна перажывае крызіс. Наколькі гэткія дзеянні чыноўнікаў адпавядаюць заканадаўству, мы абмеркавалі з юрыстам, прадстаўніком Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргеем Зікрацкім.

У якім выпадку выданню могуць адмовіць у распаўсюдзе?

Распаўсюд газетаў або часопісаў рэгулюецца звычайнай грамадзянскай дамовай. І ў нас ёсць норма ў заканадаўстве, што бакі вольныя ў заключэнні дамовы. Гэта азначае, што крама можа адмовіць рэдакцыі ў распаўсюдзе газеты або часопісу і не мусіць тлумачыць, чаму яна адмовілася ад распаўсюду.

А калі адмаўляюць з палітычных матываў?

Такая адмова незаконная, бо мае месца дыскрымінацыя. На жаль, такую дыскрымінацыю вельмі цяжка даказаць, калі мы гаворым аб практычным прымяненні, але калі мы кажам пра тэорыю, то, вядома, такая адмова будзе незаконнаю.

А што з адмовай на распаўсюд праз пошту?

«Белпошта» ў нас манапаліст, «Белсаюздрук» у нас таксама манапаліст. На гэтыя арганізацыі распаўсюджваецца заканадаўства аб супрацьдзеянні манапалістычным дзеянням, і гэтыя арганізацыі не маюць права проста так адмаўляць у заключэнні дамоваў з рэдакцыямі газетаў і часопісаў. Калі ніякіх парушэнняў з боку рэдакцыі не было, то «Белпошта» не мае права адмовіць у распаўсюдзе выданню.

Амаль усе палітвязні падпісаныя на газету «Новы час», але ім перасталі яе дастаўляць. Як з гэтым змагацца?

Газета ёсць у падпісцы, ёсць заключаныя дамовы з «Белпоштай», і калі тым, хто ўтрымліваецца за кратамі, гэтай газеты не дастаўляюць, трэба пісаць скаргу на імя начальніка гэтае ўстановы папраўчай, дзе ўтрымліваецца асоба, і патрабаваць, каб гэтую газету ўсё ж такі даставілі.

Сярод дадатковага ціску на журналістаў – выманне тэхнікі, на якой яны працуюць. Ці законна гэта?

Калі гэтую тэхніку забіраюць у журналіста толькі праз тое, што ён журналіст, то гэта супрацьпраўныя дзеянні. Парушэннем ёсць тое, што фактычна журналістам перашкаджаюць працаваць у якасці журналіста. Тут мы можам казаць, што за гэта прадугледжаная адміністратыўная, а ў некаторых выпадках і крымінальная адказнасць.

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас пасяджэння над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Цяпер прымаюцца новыя законы, якія абмяжоўваюць права журналістаў працаваць на мітынгах

Гэта права журналіста, якое яму належыць дзякуючы таму, што ён ажыццяўляе сваю прафесійную дзейнасць. Ёсць два артыкулы ў Канстытуцыі: 33-і артыкул, які гарантуе права на свабоду выказвання сваіх думак, і 34-ы артыкул, які гарантуе права на распаўсюд і свабодны доступ да інфармацыі. Канстытуцыя ж мае большую юрыдычную сілу! І ў выпадку, калі законы парушаюць Канстытуцыю, мусіць прымяняцца Канстытуцыя.

Як прымусіць выконваць найперш Канстытуцыю?

Я цудоўна разумею, што зараз ёсць вельмі-вельмі вялікі недавер да судовай сістэмы. Мы кажам пра прававы дэфолт. Але трэба падаваць скаргі і не даваць магчымасці ім зноўку і зноўку гэта ўсё парушаць. Таму што гэтымі скаргамі мы фіксуем парушэнні, змагаемся за свае правы, робім няўтульнымі для тых, хто гэтыя правы парушае, сам факт іх парушэння!

Стужка навінаў