«Псіхалагічная траўма на ўзроўні грамадства»: псіхіятр аб тым, што адбываецца з намі цяпер і як дапамагчы сабе


«Падзеі, якія адбываюцца цяпер у Беларусі, – гэта неверагодны стрэс, псіхалагічная траўма на ўзроўні грамадства», – упэўненая Ганна Савіцкая, экзістэнцыяльны псіхатэрапеўт і псіхіятр. Тое, як беларусы ўспрымаюць рэальнасць апошнія дзесяць месяцаў і рэагуюць на яе, вызначае наш псіхалагічны стан. Але не ўсе мы ўмеем даваць рады з такой колькасцю стрэсавых фактараў.

Што адбываецца з намі цяпер як з грамадствам і як мы можам дапамагчы сабе? Пра гэта мы і паразмаўлялі з Ганнай.

Ганна Савіцкая, экзістэнцыяльны псіхатэрапеўт і псіхіятр.
Фота: АК / Белсат

Ганна Савіцкая распавядае, што для разумення таго, як беларусы перажываюць сітуацыю ў краіне і дынаміку развіцця гэтых працэсаў, можна звярнуцца да крыніц псіхаэмацыйнага стрэсу і траўматычных перажыванняў, якія пералічваюцца ў літаратуры, і пачаць загінаць пальцы.

Для беларусаў гэта сутыкненне з гвалтам і сітуацыя бездапаможнасці, перабыванне ў непасрэднай блізкасці ад вядомага раней аб’екту стрэсу і крыніцы небяспекі. Дадатковая крыніца стрэсу – пазбаўленне свабоды перамяшчэння, якое актуальна для ўсяго свету з пачатку пандэміі, а для беларусаў прымае асабліва драматычныя маштабы. Таксама на наш стан ўплывае інфармацыя, прычым яе лішак або дэфіцыт успрымаецца аднолькава дрэнна.

Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі і з беларусамі – комба. Прычым комба з бягучай палітычнай сітуацыі і наступстваў эпідэміі каронавіруса, якія змянілі звыклы лад жыцця.

У апошнія месяцы актуальная тэма для беларусаў – гэта перажыванне з нагоды таго, што сітуацыя застаецца траўматычнай, а людзі як быццам бы ўсё менш рэагуюць на тое, што адбываецца. Хтосьці зусім пазбягае чытання навін або злуецца пры спробе сяброў развіць палітычную тэму, а хтосьці проста адчувае вялікую стомленасць і апатыю.

Што з намі цяпер

Каб зразумець, што адбываецца цяпер з людзьмі, можна разгледзець дынаміку развіцця псіхаэмацыйнага стрэсу і ўплыў яго на арганізм. Гэта класічная тэорыя Ганса Шэе (Hans Selye) першай паловы XX стагоддзя – добра даследаваны і дэталёва апісаны на фізіялагічным узроўні працэс.

Паводле тэорыі, пад дзеяннем стрэсу арганізм перажывае тры стадыі. Першая – стадыя напружання або мабілізацыі, што наступае адразу за ўздзеяннем стрэсу. Для яе характэрная рэакцыя «бей або бяжы»: арганізм мабілізуецца, спрабуючы зліквідаваць пагрозу. Гэта тая рэакцыя, якую мы бачылі з боку грамадства напачатку пандэміі, калі ўзровень грамадзянскай і валанцёрскай актыўнасці незвычайна вырос. Гэта тое, што адбывалася з беларусамі ў канцы лета і пачатку восені. І гэта працэс, які вымагае вельмі шмат энергіі, каб выходзіць за межы свайго звычайнага жыцця і супрацьстаяць стрэсу. Асабліва калі стрэсагенныя акалічнасці не ўдаецца зліквідаваць, што і адбылося ў Беларусі.

Далей, калі не ўдалося зліквідаваць крыніцу небяспекі або схавацца ад яе, узнікае стадыя рэзістэнтнасці. Пры ёй арганізм супраціўляецца стрэсу, застаючыся ў змабілізаваным стане, і прыцягвае значна больш рэсурсаў для існавання. Мы можам не заўважаць гэтага, але пры ўважлівым поглядзе гэтыя працэсы робяцца вельмі прыкметныя.

Працуючы псіхатэрапеўтам, маеш магчымасць параўноўваць перажыванні розных людзей і бачыць у іх падабенства. На працягу апошняга года былі добра заўважныя хвалі мабілізацыі, стомленасці і адчаю, якія мелі шмат агульнага ў розных людзей.

За мабілізацыяй наступае стадыя знясілення нервовай сістэмы – крыніца стрэсу па-ранейшаму актуальная, але ў арганізму больш няма сіл супраціўляцца. У гэты перыяд высокая рызыка праблем са здароўем: парушэнне сну, дэпрэсія, трывога. Таксама могуць з’яўляцца і цялесныя сімптомы – праблемы з сэрцам, гастрыт, язва, павышэнне артэрыяльнага ціску і г. д.

У сітуацыі зацяжнога стрэсу гэтыя фазы могуць паўтарацца па коле, са змяншэннем адаптацыйнага рэсурсу. Гэта значыць, знясіленне нервовай сістэмы з кожным новым разам будзе ўзмацняцца.

Ганна Савіцкая – экзістэнцыяльны псіхатэрапеўт, псіхіятр. Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Ступені перажывання падзей

Стасуючы гэтыя стадыі да таго, што адбываецца ў нашым грамадстве, варта адрозніваць індывідуальную і групавую дынамікі, якія ў нейкай ступені накладваюцца адна на адну.

У дадзены момант мы як група балансуем паміж стадыямі рэзістэнтнасці і знясілення. З’яўляецца чарговая бязрадасная навіна, якая шакуе, – і кожны раз наша нервовая сістэма мабілізуецца, выходзячы на новае кола гэтага працэсу. Вось толькі сіл усё менш, бо трэба яшчэ неяк жыць, працаваць і спраўляцца з паўсядзённымі справамі. Акрамя таго, у грамадстве адчуваецца нявызначанасць і небяспечнасць, трывога.

Што тычыцца індывідуальнай дынамікі перажывання стрэсу – вельмі важна разумець, што мы ўладкаваныя па-рознаму. Ёсць людзі больш і менш устойлівыя да стрэсу генетычна. Хутчэй высільваюцца людзі чуллівыя, з тонкай душэўнай арганізацыяй, найбольш эмпатычныя. Іх проста затапляе перажываннямі ўласнымі і чужымі, яны перажываюць чужы боль і весткі аб пакутах, як уласныя.

Акрамя таго, ёсць людзі экстравертнага і інтравертнага складу.

Першыя будуць лепш сябе адчуваць, прагаворваючы свае перажыванні, дзелячыся спасылкамі на ўражлівыя навіны. Ім робіцца лягчэй ад гэтага, з’яўляецца пачуццё супольнасці. Іншыя прызвычаіліся ў стрэсе замыкацца і перажываць усё самастойна. Таму часам яны адчуваюць патрэбу «схавацца», каб ператравіць тое, што адбываецца. Яны могуць быць проста не ў стане ўспрымаць дадатковую негатыўную інфармацыю, удзельнічаць у абмеркаваннях, што вонкава можа выглядаць як пасіўнасць і абыякавасць.

Але як псіхатэрапеўт я ведаю, што такія вонкава спакойныя людзі часцяком вельмі ранімыя і вельмі глыбока і неабыякава ставяцца да таго, што адбываецца навокал. Цяпер такая рэакцыя часта сустракаецца сярод чуллівых, эмпатычных маладых мужчынаў, бо яны зазнаюць яшчэ і ціск уяўленняў аб мужнасці, чаканняў актыўных дзеянняў.

Усведамляць тое, што адбываецца

Нашыя сілы патрэбныя не толькі на актыўныя дзеянні, але і на ўсведамленне таго, што адбываецца, на перажыванне пачуццяў, якія гэтае ўсведамленне выклікае. Гэта добра можна адчуць, чытаючы навіны ці праглядаючы эмацыйна зараджаныя відэа. У кожнага з нас свая ўласная «змяшчальнасць» псіхікі. Хтосьці можа вытрымаць шмат, працягваючы аналізаваць, спачуваць, а хтосьці настолькі ўразлівы або няспелы праз траўмы, якія папярэднічалі ў жыцці, што здольны рэагаваць толькі адхіліўшыся ад таго, што адбываецца. Гэта падобна да паводзінаў дзяцей, якія яшчэ не вытрымліваюць складаных перажыванняў і ў выпадку сутыкнення з імі замыкаюцца ў сваім маленькім свеце.

Ганна Савіцкая – экзістэнцыяльны псіхатэрапеўт, псіхіятр. Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Таксама вакол кожнага з нас ёсць нямала людзей, якіх зусім не кранае тое, што адбываецца. Яны жывуць, як быццам нічога не здарылася. І да гэтага таксама варта паставіцца з разуменнем: у існых умовах кожны спраўляецца як можа. Добрай можа быць любая псіхалагічная абарона, якая дапаможа чалавеку выжыць і захаваць сябе.

Прапаганда і іншае меркаванне

Варта разумець, што задача любой палітычнай прапаганды – пераканаць людзей, што яны самотныя ў сваёй нязгодзе з тым, што адбываецца, даць ім адчуць сябе ў ізаляцыі. Антыдот – змагацца з гэтымі пачуццямі. Прыміце тое, што ёсць людзі іншых поглядаў. Заўсёды трэба аналізаваць, наколькі ў тым ці іншым выпадку дыскусія з імі можа быць прадуктыўнай, і берагчы свае энергетычныя рэсурсы ў выпадку відавочна розных светапоглядаў. Старайцеся фармаваць асяроддзе з людзей блізкіх поглядаў.

Навучыцеся дазаваць інфармацыю. Шмат – не значыць добра. Часта гэта проста прыводзіць да неўратызацыі, страты сувязі з блізкімі і фіксацыі на пачуцці бяссілля. Імкнецеся не звужаць кругагляду да палітычных пытанняў і працягвайце цікавіцца іншымі аспектамі жыцця, мастацтвам. Творчасць, дарэчы, – добры спосаб трансфармацыі бяссілля ў штосьці прадуктыўнае, няважна – гэта вячэра для сям’і, напісанае эсэ або карціна пра набалелае.

«Віна таго, хто выжыў»

Многія людзі адчуваюць перажыванне з-за таго, што не змаглі больш цяжкую долю таварышаў раздзяліць з імі. У псіхалогіі гэта называецца «віна тых, хто выжыў». «Віна тых, хто выжыў» – адзін з сімптомаў посттраўматычнага стрэсавага засмучэння, яна апісаная ў людзей, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, былі сведкамі катастроф.

Ёсць вялікая розніца паміж спачуваннем іншаму чалавеку ў бядзе, дзе мы можам аналізаваць магчымыя варыянты дапамогі, знаходзіць спосаб выказаць спагаду, і таксічным пачуццём віны за тое, што не пацярпеў так, як нехта іншы. Часцей гэта перажыванне звязана з самаўспрыманнем чалавека, з адчуваннем ім сваёй малакаштоўнасці і ціскам жорсткіх маральных установак.

У асабліва цяжкіх выпадках на гэтым фоне могуць узнікаць нават суіцыдальныя думкі і дзеянні ў гэтым кірунку. Калі пачуццё віны – пакутлівае, мае сэнс звярнуцца да псіхолага або псіхатэрапеўта па дапамогу.

Ганна Савіцкая – экзістэнцыяльны псіхатэрапеўт, псіхіятр. Менск, Беларусь. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Як абараніць сябе

Насамрэч самае лепшае, што мы можам рабіць цяпер, – ставіцца да сябе і да іншых людзей далікатна і з разуменнем. Нават сямейнікі могуць адначасова быць у вельмі розным стане. Важна чуць сябе. Магчыма, даваць сабе інфармацыйныя перадышкі, пераключацца на простыя і зразумелыя бягучыя справы, клапаціцца пра здароўе і мець зносіны з блізкімі. Пры гэтым не губляць сувязі са сваймі пачуццямі, не забывацца, не сыходзіць у спячку.

Пры наяўнасці сіл – абмяркоўваць тое, што хвалюе, з сябрамі і блізкімі, дзяліцца перажываннямі і знаходзіць падтрыманне. Памятайце правіла бяспекі ў самалёце: «Спачатку надзеньце кіслародную маску на сябе, потым – на дзіця». Так і ў жыцці – у стане дэпрэсіі і маральнага знясілення мы нікому не дапаможам.

Стужка навінаў