Галоўны рэдактар Tribuna.com выказаўся наконт арышту журналіста Аляксандра Івуліна


Галоўны рэдактар парталу Tribuna.com Алег Гаруновіч выказаўся на сваёй старонцы Facebook пра арышт спартовага журналіста Аляксандра Івуліна і рэакцыю на яго затрыманне.

Алег Гаруновіч.
Фота: euroradio.fm

Алег Гаруновіч адзначыў, што нягледзячы на ўсе абставіны рэакцыя на затрыманне журналіста магла бы быць больш значнай: «Зразумела, з кожным днём вытыркацца ўсё цяжэй і страшней. І ўсё ж такі, і ўсё ж такі. Нікога не збіраюся папракаць, проста канстатую: рэакцыя беларускага футбола на арышт Івуліна амаль ніякая. Словы падтрымкі выказалі чалавек пяць, астатнія – маўчок, і вось чаму звярнуў на гэта ўвагу».

«Івулін – гэта чалавек, які рабіў з нашага футбола шоў. Гэта чалавек, які глядзеў на футбалістаў чэмпіянату Беларусі як на зорак. Гэта чалавек, дзякуючы якому многія футбалісты ЧБ маглі адчуць і ўсвядоміць сябе зоркамі. Гэта чалавек, які рабіў чэмпіянат Беларусі цікавым тысячам людзей, многія з якіх не так ужо пільна сочаць за футболам.

Маўчанне стала яму падзякай ад тых, з кім рагатаў на мікрафон ля броўкі.

І чым менш слоў, чым менш жэстаў, тым даражэй яны каштуюць. Раней я проста ведаў, што ў мяне ёсць круты зямляк – баксёр Дзмітрый Асанаў. У 19 узяў бронзу на чэмпіянаце свету, зараз яму 25. Жыве ў Новай Баравой, добра ведае, што там адбываецца. Пасля выбараў выступіў супраць гвалту і за чэсныя выбары, за што быў пазбаўлены значнай часткі заробку. Тым не менш не засцаў, не даў заднюю, не зліўся. Учора Асанаў адабраўся на другую ў сваім жыцці Алімпіяду», – распавёў Гаруновіч.

Учора, 5 чэрвеня, у Францыі беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў заваяваў пуцёўку на Алімпіяду ў Токіа. Сваё дасягненне ён прысвяціў Аляксандру Івуліну, які, па словах Асанова, вельмі чакаў бою і не змог яго убачыць з-за атрыманых напярэдадні 30 содняў арышту.

Баксёр Дзмітрый Асанаў падтрымаў затрыманага Аляксандра Івуліна.
Фота: dzmitry_67_asanau / Instagram
Hавiны
Затрыманы журналіст «Трыбуны» і футбаліст «Крумкачоў»
2021.06.03 17:29

АД, belsat.eu

Стужка навінаў