Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 6 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 6 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

З пачатку расейскага ўварвання пацярпелі 631 дзіця, сярод якіх 223 загінулі, яшчэ 408 былі параненыя. Таксама ў выніку штодзённых бамбаванняў і абстрэлаў украінскіх гарадоў і пасёлкаў узброенымі сіламі РФ пашкоджаныя 1607 навучальных установаў. Пры гэтым 121 з іх знішчаная цалкам.

Тым часам Управа Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека паведаміла, што займаецца зборам ва Украіне сведчанняў і доказаў дзеянняў вайскоўцаў РФ, якія могуць быць прызнаныя ваеннымі злачынствамі. Размова ідзе аб шматлікіх выпадках гібелі цывільнага насельніцтва, у прыватнасці ў выніку нападаў на шпіталі, тэатр у Марыупалі, чыгуначны вакзал у Краматорску, жылыя масівы ў Адэсе, а таксама пра злачынствы супраць мірнага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Разам з тым журналісты агенцтва «Reuters» выказалі меркаванне, што ў перыяд акупацыі расейскімі войскамі ў горадзе Буча дзеялі падраздзяленне Нацыянальнай гвардыі Расеі «Віцязь», 76-ая парашутна-дэсантная дывізія з Пскова, а таксама вайскоўцы з Чачэніі. Журналісты лічаць, што ў Гастомэлі і Барадзянцы ‒ населеных пунктах Кіеўскай вобласці, якія месцяцца непадалёк Бучы, ‒ таксама прысутнічалі чачэнскія вайскоўцы.

6 траўня працягнулася эвакуацыя цывільнага насельніцтва з Марыупалю. Дзякуючы намаганням місіі ААН і афіцыйных уладаў Украіны за апошнія содні з гораду змаглі эвакуявацца амаль 500 чалавек. Пры гэтым паведамляецца, што сёння расейцы парушылі рэжым прыпынення агню і падбілі аўтамабіль, які ехаў эвакуяваць мірных грамадзян з «Азоўсталі». У выніку загінуў адзін украінскі баец, яшчэ шасцёра параненыя.

Hавiны
На «Азоўсталі» застаюцца мінімум 5 беларусаў
2022.05.06 13:11

Па інфармацыі Генеральнага Штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 24900 чалавек. Паведамляецца, што найбольшыя страты за апошнія содні расейцы панеслі на ліманскім і курахіўскім напрамках.

Дэпутат Аляксей Ганчарэнка заявіў, што расейскі фрэгат «Адмирал Макаров» быў падбіты ўкраінскімі ракетамі «Нептун» Але афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі ад украінскага Генштабу пакуль не было.

Начальнік штабу Сухапутных сілаў ЗША генерал Джэймз МакКонвіл заявіў, што ваенны план Расеі ва Украіне быў ад пачатку невыканальным. Вайсковец адзначыў, што сучаснае войска РФ не было дастаткова падрыхтаванае і адладжанае для правядзення такіх складаных ваенных дзеянняў. Генерал адзначыў, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў расейцаў узніклі праблемы з лагістыкай, што таксама стала вынікам няўдалага планавання. Апроч гэтага, адгукнулася слабая дысцыплінаванасць расейскага войска.

Пры гэтым намеснік дырэктара Дэпартаменту інфармацыі МЗС РФ Аляксей Зайцаў заявіў, што ўжыванне Расеяй ядравай зброі падчас вайны ва Украіне немагчыма і з’яўляецца спробай «эскалацыі міжнароднага становішча». Паводле слоў Зайцава, Расея нібыта цвёрда прытрымліваецца прынцыпаў, у адпаведнасці з якімі «у ядравай вайне не можа быць пераможцаў і яна не павінна быць развязана.

«24 канал» са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўкраінскіх спецслужбах паведаміў, што Уладзімір Пуцін дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам аб прызнанні незалежнасці псеўдарэспублік «ДНР» і «ЛНР». Паводле тэлеканалу, Лукашэнка рыхтуецца накіраваць у падкантрольныя Расеі раёны Данбасу сваю дэлегацыю, каб афіцыйна прызнаць «ЛДНР», але сам туды не паедзе. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца 9 траўня або ў сярэдзіне месяца.

Разам з тым так званыя ЛНР і ДНР прызначылі амбасадара ў РФ. Імі сталі Радзівон Мірошнік і Вольга Макеева адпаведна.

ПраСвет
Ці магчымы распад Расеі? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2022.05.06 12:54

ВК belsat.eu

Стужка навінаў