Украінскія медыі: Лукашэнка плануе прызнаць «ЛДНР»


«24 канал» паведамляе са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўкраінскіх спецслужбах, што Уладзімір Пуцін дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам аб прызнанні незалежнасці псеўдарэспублік «ДНР» і «ЛНР».

Паводле тэлеканалу, Лукашэнка рыхтуецца накіраваць у падкантрольныя Расеі раёны Данбасу сваю дэлегацыю, каб афіцыйна прызнаць «ЛДНР». Але сам Лукашэнка туды не паедзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Падчас візіту беларуская дэлегацыя нібыта плануе падпісаць пагадненне аб прызнанні «ЛДНР» і публічна засведчыць падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Хутчэй за ўсё, візіт адбудзецца 9 траўня або ў сярэдзіне месяца. Магчыма беларуская дэлегацыя будзе разам з лідарамі груповак «ДНР» і «ЛНР» прымаць парад 9 траўня ў Марыупалі, сцвярджае «24 канал».

Паводле крыніцаў тэлеканалу, Пуцін паабяцаў Лукашэнка пэўную эканамічную дапамогу, улічваючы што гэты крок можа прывесці да ўзмацнення санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Магчыма, «ЛДНР» пачне за расейскія грошы набываць у Беларусі сельскагаспадарчую тэхніку.

Нагадаем, Расея прызнала незалежнасць квазірэспублік «ДНР» і «ЛНР» 21 лютага.

РР belsat.eu

Стужка навінаў