Спроба разабрацца з канкурэнтамі? Як працуе медцэнтр «Ладэ», працу якога прыпынілі ўлады


Улады спыняюць дзейнасць двух буйных прыватных медычных цэнтраў. Афіцыйная версія – там знайшлі шмат парушэнняў, але суразмоўцы «Белсату» не выключаюць, што рэальныя прычыны могуць быць іншымі. Пагатоў і ў дзяржаўных клініках усё, мякка кажучы, таксама не ідэальна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Міністэрства аховы здароўя змагаецца з прыватнымі клінікамі. У студзені пад раздачу трапілі дзясяткі стаматалагічных лякарняў.

Як паведамлялі дактары, прычыны адклікання ліцэнзіяў у стаматалогіяў могуць быць розныя, але вынік – адзін: адкліканне ліцэнзіі ды спыненне дзейнасці.

Hавiны
Уладам зноў не спадабаліся лекары? У Менску спынілі працу больш як 20 стаматалогіяў
2022.01.27 11:31

Цяпер надышла чарга да Клінікі А1 і «Ладэ». Як паведамляў «Белсат», Мінздароўя пастанавіла спыніць іх ліцэнзію з 16 траўня. Афіцыйна там знайшліся парушэнні, што могуць «выклікаць нанясенне шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзянаў або стварыць пагрозу нанясення такой шкоды».

У Клініцы А1 кантралёры выявілі ўжыванне абсталявання без дамоваў на яго абслугоўванне і рамонт, працу без санітарнага пашпарта на лазерную сістэму, парушэнні заканадаўства аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, няякаснае вядзенне дакументацыі, адсутнасць згоды пацыентаў на правядзенне ўмяшанняў, парушэнні клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння.

У «Ладэ» Камітэт дзяржаўнага кантролю знайшоў лекі са скончаным тэрмінам прыдатнасці, парушэнні парадку надання неадкладнай дапамогі, парушэнні ў галіне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту, выпадкі неабгрунтаванай выдачы і падаўжэння лісткоў непрацаздольнасці.

Hавiны
Міністэрства аховы здароўя спыняе дзейнасць медцэнтраў «Клініка А1» і «Лодэ»
2022.05.05 13:01

Што адбываецца ў клініках

Самі клінікі на сваіх парталах пакуль не выказваліся адносна спынення ліцэнзіі. Пры гэтым самыя цэнтры ўсцяж працуюць. У «Ладэ» нам удалося запісацца на прыём нават пасля 16 траўня, калі мае быць адкліканая ліцэнзія.

Работнікі «Ладэ» ў размове з карэспандэнтамі «Белсату» адзначаюць, што сітуацыя ў клініцы пакуль незразумелая. Большасць працаўнікоў здзіўленыя і збянтэжаныя пастановаю Мінздароўя.

Афіцыйных распараджэнняў ад кіраўніцтва пакуль не было.

Спроба ўзяць пад кантроль

Гэта ўжо не першы выпадак ціску на медычны цэнтр «Ладэ», у сацыяльных сетках якога ў жніўні 2020 года з’явілася інфармацыя пра бязвыплатную дапамогу беларусам, якія пацярпелі падчас акцыяў пратэсту.

Сур’ёзныя правяранні ў цэнтры ладзіліся яшчэ ў лістападзе 2021-га. Тады сюды завіталі больш за 60 працаўнікоў санстанцыі і падатковай.

Праўда, прычыны спынення працы цэнтраў могуць не быць звязаныя з палітыкай і помстаю за 2020 год, а з канкурэнцыяй, якую прыватныя цэнтры ствараюць дзяржаўным клінікам.

«Эксперымент правялі і быццам бы ім абгрунтавалі неабавязковасць існавання прыватных цэнтраў», – выказаў меркаванне ў размове з «Белсатам» прадстаўнік «Белых халатаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

І дадаў: сапраўдныя прычыны адклікання ліцэнзіі «наўрад ці будуць агучаныя».

Пры гэтым працаўнікі «Ладэ» не выключаюць умяшання дзяржавы, «каб узяць кантроль пад сябе».

«Што ёсць рэальнаю прычынаю, можна здагадвацца. «Ладэ» – самы буйны прыватны медычны цэнтр, ён прыносіць значную частку грошай у дзяржаўны бюджэт у якасці падаткаў», – кажуць працаўнікі цэнтру.

Прыязджаюць цэлымі сем’ямі

На думку суразмоўцаў, прыватны медычны цэнтр у Беларусі – гэта платная паліклініка, куды звяртаюцца людзі, якія клапоціцца пра сваё здароўе і хочуць атрымаць медычную паслугу хутка ды якасна.

«У мяне ёсць сяброўка, ейная сямʼя сярэдняга дастатку. Яны ўсе абследуюцца ў «Ладэ». Чаму? Бо ў паліклініцы на прыёме кожны раз новы лекар, усё маладзейшы і маладзейшы. Частка аналізаў не выконваецца з прычыны адсутнасці рэактываў. А ў «Ладэ» мы запісваемся да доктара, якога ведаем і які ведае нас. У цэнтры працуюць дасведчаныя, кваліфікаваныя лекары, там сучаснае абсталяванне. Персанал нязменна ветлівы і карэктны», – падзяліўся ўражаннямі сяброўкі адзін з работнікаў цэнтру.

Паводле медыка, у выходныя на кансультацыі ў «Ладэ» прыязджаюць людзі з усёй Беларусі, часта семʼямі. Прычына – лекараў, асабліва вузкіх спецыялістаў, у раёнах проста няма, а ў абласны цэнтр не прабіцца.

У дзяржаўных праблемаў не менш

Пры гэтым суразмоўцы адзначаюць: аналагічныя парушэнні, за якія закрываюць «Ладэ» і Клініку А1, можна знайсці ў 100 % выпадкаў і ў дзяржаўнай паліклініках.

«У дзяржаўных лякарнях і паліклініках падобных парушэнняў столькі ж, калі не больш. Скаргаў у дзяржаўных рэальна больш, чымся ў прыватных цэнтрах. Але, часцей за ўсё, пакаранне заключаецца ў вымовах і дэпрэміяванні», – кажа суразмоўца, што мае досвед працы і там, і там.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

На ягоную думку, стаўленне Міністэрства здароўя да дзяржаўнай і прыватнай медыцыны можна параўнаць са стаўленнем да ўласнай дачкі і падчаркі:

«Адной усё дазваляецца, на любыя памылкі закрываюцца вочы, а для іншай любая памылка ператвараецца ў катастрофу».

Яшчэ не ўсё страчана?

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 6 траўня заявіў, што калі «Ладэ» жадае працягнуць працу, то павінен звярнуцца з інфармацыяй пра ліквідацыю парушэнняў.

Пры гэтым міністр прарэкламаваў платныя паслугі ў дзяржаўных клініках. Чым фактычна пацвердзіў меркаванні суразмоўцаў «Белсату». З ягонага пункту гледжання, цэны там «адназначна будуць у 2–2,5 разу ніжэйшыя, чымся ў прыватным сектары». Да такіх паслуг плануюць прывязаць медработнікаў, якія там працуюць на сталай аснове і якія б маглі падпрацоўваць у закрытых клініках.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў