«Reuters»: «Кадыраўцы, Нацгвардыя і пскоўскія дэсантнікі адказныя за зверствы ў Бучы»


Журналісты агенцтва «Reuters» мяркуюць, што ў перыяд акупацыі расейскімі войскамі ў горадзе Буча дзеялі падраздзяленне Нацыянальнай гвардыі Расеі «Віцязь», 76-ая парашутна-дэсантная дывізія з Пскова, а таксама вайскоўцы з Чачэніі. Журналісты правялі расследаванне і за тры тыдні апыталі больш за 90 мясцовых жыхароў, вывучылі перададзеныя імі фота і відэа, матэрыялы з сацыяльных сетак, а таксама дакументы, якія расейцы пакінулі ў Бучы.

Удзельнік пошукавай групы нясе эксгумаванае цела. Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Сярод доказаў прысутнасці ў Бучы 76-й парашутна-дэсантнай дывізіі з Пскова прысутнічае ліст, знойдзены мясцовым жыхаром у сваім доме ўжо па вяртанні ў горад. Ён быў адрасаваны жаўнеру Аляксандру Лагвіненку, якога агенцтва «Reuters» пазней апазнала як дэсантніка з Пскова.

Акрамя таго, суседні дом, паводле мясцовага жыхара, займала тая ж група расейскіх салдатаў. На сцяне дому нехта балончыкам з фарбай напісаў «Wolf_68». Журналісты апазналі расейца Кірыла Кручкова, які так падпісваецца ў сваіх сацыяльных сетках. Ён служыў у 234-м штурмавым авіяпалку, які ўваходзіць у склад 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі.

Разбураны дом у паселішчы Барадзянка, якое месяц было пад акупацыяй расейскіх войскаў.
Фота: Белсат

У будынку на Яблунскай вуліцы, дзе размяшчаўся штаб расейскіх вайскоўцаў, побач з якім былі знойдзеныя восем целаў, салдаты Нацгвардыі Украіны знайшлі пасведчанне асобы на імя Канстанціна Коршунава. Журналісты «Reuters» ідэнтыфікавалі яго як вайскоўца вайсковай часткі № 3179, якая належыць да падраздзялення Нацыянальнай гвардыі Расеі «Віцязь».

Таксама журналісты высветлілі, што ў Гастомэлі і Барадзянцы ‒ населеных пунктах Кіеўскай вобласці, якія месцяцца непадалёк Бучы, ‒ прысутнічалі чачэнскія вайскоўцы. Напрыклад, жыхар гораду Уладзімір Абрамаў расказаў журналістам, што бачыў, як 4 сакавіка чачэнскія войскі вялі сваю калону ў горад.

Буча пасля вызвалення ад расейскіх вайскоўцаў.
Фота: DmytroKuleba / Twitter

На наступны дзень, 5 сакавіка, паводле яго, чачэнскія салдаты пагрукалі да іх у дзверы. Як кажа Абрамаў, яны былі апранутыя ў форму пясочнага колеру і дарагія чаравікі, а іхны рыштунак быў больш ахайны, чым у рэгулярных расейскіх войскаў.

«Чачэнцы загадалі Абрамаву, Ірыне і Алегу выйсці на вуліцу з паднятымі рукамі. Адзін з салдатаў неаднаразова пытаўся ў Ірыны, дзе, паводле яе, хаваюцца «нацысты», і падпаліў іхны дом. Пакуль Ірыну дапытвалі, іншыя салдаты ў падраздзяленні загадалі ейнаму мужу зняць кашулю.

Яны вывелі яго, голага па пояс, з дому надвор на холад. Абрамаў сказаў, што чуў, як Алег прасіў салдатаў не прычыняць яму шкоды. Паводле Абрамава, салдаты прымусілі Алега ўстаць на калені. Потым яны стрэлілі яму ў скронь. Калі расейскія войскі ў канцы сакавіка адступілі, цела Алега было адным з больш як дзясятка целаў, пакінутых на вуліцы Яблунскай», ‒ гаворыцца ў расследаванні.

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09

Нагадаем, што 31 сакавіка расейскія вайсковыя фармаванні пакінулі прыгарад Кіева – Бучу. 1 красавіка ўкраінскія вайскоўцы, якія ўвайшлі ў горад, зафіксавалі масавыя выпадкі расправы расейцаў над цывільным насельніцтвам. Паводле відавочцаў, горад быў проста «засеяны трупамі». Украінскія ўлады заявілі, што ў Бучы загінулі больш за 420 чалавек.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў