Пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка – пра тое, што важна казаць праўду ў любой сітуацыі


Публікуем меркаванне пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі пра тое, як важна казаць праўду і адстойваць каштоўнасці ў любой сітуацыі.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка. Менск, Беларусь, 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Мы павінны гаварыць праўду нават тады, калі наступіла цемра. Праўда сёння топчацца і караецца, гучыць шмат хлусні. Але праўда павінна гучаць у цемры, каб выкрываць няпраўду. У цёмны час казаць праўду цяжэй, чымся ў светлы час. Але толькі так будзе развеяная цемра. Бо абвешчаная праўда выводзіць на свет злыя справы, адбываецца вялікае выкрыццё цемры.

Калі ты кажаш праўду, гэта вельмі важна: такім чынам ты аддзяляеш сябе ад няпраўды. А калі ты маўчыш, такім чынам робішся суўдзельнікам і змешваеш сябе з няпраўдаю ды беззаконнем. Абавязкова трэба казаць і абвяшчаць праўда.

Інтэрв’ю
«Царква павінна паказаць, што белае, а што чорнае». Вялікае інтэрв’ю з пастарам царквы «Новае жыццё», у якой забралі будынак
2021.04.04 17:07

Супрацьстаяць беззаконню і асудзіць яго – яшчэ больш страшна. Мы стаім на паркоўцы і гаворым, што мы супраць вайны. І калі давядзецца адказваць за гэтыя словы, мы не станем казаць, што мы чагосьці не ведалі. Бо мы ўсе разумеем… Невядома, што можа адбыцца заўтра на нашай зямлі. Але ведай, што Божы анёл заўсёды будзе па-над табою, калі ты будзеш стаяць на баку праўды. Бог нават у галодны час цябе накорміць. Ён правядзе цябе праз агонь і ваду. Там, дзе тысячы будуць падаць, ты выстаіш.

Ад таго, што адбываецца ў цемры, робіцца яшчэ страшней. Але ў нас павінна быць пазіцыя: асудзіць беззаконне, якое чыніцца. Не толькі ў чужой краіне, але і ў сваёй краіне, ува ўсім свеце. Калі здараецца прэцэдэнт, людзі задаюцца пытаннем, чаму гэта адбываецца, нам трэба супрацьстаяць беззаконню і асудзіць яго паводле законаў Нябеснага Царства. Бо тое, чаго няма на Небе, не павінна быць і на зямлі. Гэта вучэнне Ісуса Хрыста. Ён казаў нам маліцца пра гэта ў малітве «Ойча наш»: «Няхай прыйдзе Царства Тваё; ды будзе воля Твая і на зямлі, як на небе». Хай гэта будзе не так, як у Еўропе, не так, як у іншых краінах, у якіх ёсць бяспека, дабрабыт і росквіт, але на зямлі як на Небе! Гэта такая вышыня. Таму да гэтага часу, пакуль тут не так, як на нябёсах, нашая роля і адказнасць як Царквы вялікая.

Пратэстанцкія вернікі святкуюць Вялікдзень каля будынку царквы «Новае жыццё» ў Менску. Менск, Беларусь, 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Ісус Хрыстос смела асуджаў беззаконне свайго часу. Гэтак сама рабіў і Ян Хрысціцель, і пра яго напісана, што ён быў найвялікшым з прарокаў. Бачачы беззаконне нават у таго, хто ўладу мае, у Ірада, Ян выкрыў яго і казаў: «Ты грашыш». Святая Царква таксама павінна трымаць адвес і паказваць заблудным у цемры іхныя арыенціры.

Быў такі чалавек Дытрых Бангёфер, які ў свой час вельмі смела прапаведаваў і супрацьстаяў беззаконню ў фашысцкай Нямеччыне. Ён сказаў: «Мы павінны не толькі перавязваць раны пацярпелым ад несправядлівасці, але і ўсяляк устаўляць палкі ў колы самой несправядлівасці». Таксама ён сказаў: «Быць хрысціянінам – значыць не столькі быць асцярожным, каб не зграшыць, колькі быць мужным і актыўным у выкананні волі Божай».

Я ж дадам, што трэба смела гаварыць праўду таму, што маўчанне ягнятаў умацоўвае зубы ваўкоў. Мы павінны быць смелымі ў гэтым свеце і рабіць тое, што нам загадае Бог.

Фотарэпартаж
Вернікі сабраліся на малітву каля будынку царквы «Новае жыццё», з якога іх выселілі
2021.02.21 12:46

Пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка

Стужка навінаў