На «Азоўсталі» застаюцца мінімум 5 беларусаў


Прадстаўнікі Батальёну імя Кастуся Каліноўскага агучылі колькасць беларусаў, якія застаюцца на тэрыторыі марыупальскай «Азоўсталі». Верагодна, на гэты час не меней за 5 нашых суайчыннікаў абараняюць аточаны расейскімі вайскоўцамі завод. Пра гэта паведамілі ў жывым эфіры «Белсату» прадстаўнікі беларускага вайсковага фармавання.

Прадстаўнікі беларускага батальёну паведамілі, што апошні раз сувязь з байцамі была 4 дні таму. Паводле жаўнераў, настрой у абаронцаў бадзёры, і яны шмат жартуюць: «Кажуць, што яны ў аблозе, і можна весці агонь у любым накірунку».

«Яны ўдала ваююць і не толькі трымаюць абарону, але яшчэ і робяць вылазкі насустрач ворагу. Гэта не проста пазіцыйная вайна, але адбываецца тактычная вайна, каб на вуліцах гораду нават знішчаць ворагаў», – паведаміў прадстаўнік батальёну Ян Мельнікаў.

Вайскоўцы адзначаюць, што сітуацыя ў Марыупалі застаецца цяжкай. У абаронцаў «Азоўсталі» канчаецца ўзбраенне, ежа і пітная вада. Але баявы дух у іх на высокім узроўні. Вайскоўцы паведамляюць, што амаль 80 % абаронцаў параненыя, мала спяць і пры тым удала вядуць абарону і нават робяць контрнаступы.

«Тое, што афіцыйна распавядаюць, на заводзе больш за 500 параненых, сярод іх большасць з раненнямі вядзе абарону «Азоўсталі». Нават калі канчаліся медыкаменты для цывільных, вайскоўцы аддавалі ім свае. Тое самае можна сказаць і пра складанае становішча з вадой і ежай. Праблема вялікая, і рэсурс амаль вычарпаны. Лічаныя дні засталіся», – дадаў Ян Мельнікаў.

Трэнаванне для новых байцоў беларускага Бтальёну імя Каліноўскага.
Фота: АЦ / Белсат

Беларускія вайскоўцы адзначаюць, што сітуацыя ў Марыупалі патавая. Казаць пра дэблакаду немагчыма, бо пакуль у Украіне не стае неабходнай артылерыі і СПА. Складанасць палягае і на тым, што горад месціцца недалёка ад мяжы з Расеяй, у дадатак Чорнае мора застаецца заблакаваным для падтрымання.

«Верагодна, шмат хто бачыў відэа пра стан рэчаў. Дзякуючы медыям гэтая гісторыя сталася вядомай на ўвесь свет. Медыі робіць 50 % для перамогі Украіны, бо не кожны верыць і ведае праўду. Дзякуй усім, хто выказвае падтрымку, асвятляе сітуацыю, піша матэрыялы і робіць рэпосты», – гавораць байцы беларускага батальёну.

Хлопцы дзякуюць за падтрыманне і кажуць, што ім увесь час прыходзіць падтрымка ў выглядзе бронекамізэлек, разгрузачных сістэмаў ды іншага. Таксама паведамілі, што набор у батальён адкрыты. Удзельнікі фармавання абяцаюць кожнаму ахвочаму неабходны курс рыхтавання да баявых дзеянняў. Перад тым як трапіць на фронт, кожны падрыхтуецца.

Мaю прaвa
Лукашэнка павінен баяцца: Украіна ўражаная адвагаю Батальёну Каліноўскага
2022.04.29 18:27

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў