Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнку няма чаго прапанаваць Захаду


Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў эфіры «Белсату» выказаў меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка цяпер вымушаны шукаць выйсці з сітуацыі, у якую ён трапіў, падтрымаўшы Расею ў вайне супраць Украіны. Але шанцаў дамовіцца з Захадам у яго фактычна няма.

Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што рыторыка Лукашэнкі істотна змянілася за апошнія месяцы. Цяпер Лукашэнка не пагражае Захаду, а «спрабуе трошкі дыстанцыявацца ад Расеі» і даслаць Захаду сігнал, што ён «гатовы мірыцца». Але Класкоўскі лічыць, што ён не зможа «выйсці сухім з вады». Нават калі хтосьці на Захадзе захоча згуляць у real politic, то «Лукашэнку ўсё роўна няма чаго прапанаваць Захаду».

«Ён не можа адарвацца ад Расеі і не можа адпусціць палітвязняў», – канстатуе эксперт.

Паводле Класкоўскага, вайна ва Украіне «рэзка паскорыла дынаміку падзеяў». Пакуль беларускі і расейскі рэжым працягваюць курс на канфрантацыю і закручванне гаек, але іх рэсурс становіцца ўсё менш.

«Гэтае супрацьстаянне будзе падточваць сілы абодвух рэжымаў. Дарэчы, калі ляснецца Расея, калі там пачнуцца тэктанічныя зрухі, то гэта адкрые акно магчымасці для тых, хто хоча перамен у Беларусі», – дадаў палітычны аглядальнік.

Класкоўскі прызнаецца, што не вельмі давярае інфармацыі ўкраінскіх медыяў пра тое, што Лукашэнка нібыта рыхтуецца неўзабаве прызнаць «ДНР» і «ЛНР». На думку эксперта, для Крамля ў цяперашняй сітуацыі пытанне аб прызнанні «ЛДНР» адышло на трэці план.

«Прызнае там Лукашэнка ці не прызнае – гэта ўжо пытанне абсалютна не самае важнае на сённяшні дзень для Крамля. Я дапускаю, што нейкая дэлегацыя ў гэтыя так званыя рэспублікі можа паехаць, але ўсё ж вырашае Лукашэнка. Мне цяжка ўявіць, што Качанава ці Андрэйчанка можа падпісаць ад Беларусі нейкае пагадненне аб прызнанні гэтых рэспублік. Таму я пакуль бы такім паведамленням надта вялікага значэння не надаваў.

Іншая рэч, што дэ-факта Лукашэнка гуляе на баку Масквы. Ён выглядае ў вачах і Кіева, і Захаду яе васалам. Таму прызнанне ці непрызнанне – па вялікім рахунку, нічога не мяняе. Усе бачаць, што гэта за персанаж і якая палітыка беларускага рэжыму ў кантэксце гэтай вайны».

РР belsat.eu

Стужка навінаў