«Зацікавілі рэчы пэўных колераў». У майстэрню брэнду «Honar» прыйшоў з правяраннем Дзяржстандарт


Вопратка «Honar».
Фота: Facebook / Адзенне Honar

Чыноўнікі працягваюць рэпрэсаваць крамы і вытворцаў тавараў з беларускім нацыянальным каларытам. Раніцай 6 траўня яны наведаліся ў менскую майстэрню да брэнду «Honar», піша TUT.by.

Прадстаўнікі Дзяржстандарту агледзелі тавар, «асабліва іх зацікавілі рэчы пэўных колераў». У іх былі пытанні да маркіроўкі, знайшлі пэўныя недакладнасці.

«З сабой яны рэчы не забіралі. Яны склалі акт агляду, не са ўсім мы пагадзіліся. Акт падпісалі з нашымі заўвагамі. Дзяржстандарт патрабуе ад нас даць да 12 траўня ўсе дакументы на наш тавар. Частка дакументаў мы падалі ўжо сёння. Канкрэтных заўваг яны яшчэ не давалі. Я так разумею, што яны будуць яшчэ збіраць інфармацыю. Праверка будзе доўжыцца да 28 траўня», – распавёў заснавальнік брэнда «Honar» Павел Доўнар.

Зараз шоўрум брэнду не працуе. Але працу працягвае онлай-крама, гаворыцца ў паведамленні брэнду ў Facebook.

Правяранне ў краме «Honar».
Фота: Facebook / Адзенне Honar

Афіцыйна праверку ладзілі паводле пункта 20 указа прэзідэнта № 143 ад 24 красавіка 2020 года «Аб падтрыманні эканомікі». Згодна з ім, Дзяржстандарт «для аператыўнага выяўлення і спынення парушэнняў заканадаўства» можа прызначаць пазапланавыя правяранні юрыдычных асобаў і ІП у пытаннях абавязковага пацвярджэння адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага і Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Праводзіць такія праверкі можна два гады з дня рэгістрацыі юрасобы або ІП, калі яно займаецца гандлем або яго дзейнасць звязана з грамадскім харчаваннем. Чыноўнікі могуць прыпыніць працу аб’екта на тэрмін да 90 дзён, калі знойдуць сурʼёзныя парушэнні. Паводле ўказу, старшыня Дзяржстандарту «нясе персанальную адказнасць за абгрунтаванасць рашэнняў, якія прымаюцца ў адпаведнасці з гэтым пунктам».

Hавiны
Як ціснуць на культуру ў Беларусі. ПЭН-цэнтр апублікаваў маніторынг за студзень – сакавік 2021 года
2021.05.06 13:41

За апошні год гэта чарговы выпадак, калі чыняцца перашкоды працы крамаў з нацыянальнаю сімволікаю. Сярод тых, хто ўжо зазнаў пераслед: «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», «Мой модны кут», «Vokladki», БЧБ.бел, «Адметнасць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», «LSTR Adzieńnie», майстэрні «Moj rodny kut». Некаторыя з іх былі вымушаныя зачыніцца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў