«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»


36-гадовы Раман Багнавец наступныя 6 гадоў свайго жыцця мае правесці ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На такі тэрмін за нібыта масавыя закалоты пінчука асудзіў берасцейскі суддзя Яўген Брэган. Гісторыя Рамана – чарговы прыклад таго, як жорсткімі выракамі руйнуюцца сем’і, калечацца лёсы дзяцей. Да арышту мужчына будаваў дом, пра які марыў усё жыццё. На будоўлі днямі прападаў з 9-гадовым сынам Арцёмам. Цяпер домам займаецца сястра Рамана, Арцём плача без таты, які ў кожным лісце піша, што не можа змірыцца, што не пабачыць сталенне сына ў самыя галоўныя для яго гады.

«Разумела, што можа быць, адгаворвала брата некуды ісці»

Пра Рамана Багнаўца ды ягоную сям’ю мы размаўляем са старэйшаю сястрою палітычнага вязня Святланаю. Жанчына адразу вяртаецца ва ўспамінах у той жнівеньскі паслявыбарчы вечар, які для соцень беларусаў падзяліў жыццё на да і пасля. Святлана распавядае, што Раман тады працаваў маналітчыкам у Менску, а ў родны Пінск прыехаў якраз 9 жніўня, каб развязаць некаторыя сямейныя пытанні і прагаласаваць.

Раман Багнавец.
Фота: сямейны архіў

– Пабыў удома, з’ездзіў на свой участак, дзе дом будаваў, пагуляў з сынам, – прыгадвае пінчанка. – А ўвечары сказаў, што пройдзецца зірнуць, што там. Патэлефанавала яму каля 23:40, ён быў у кавярні і збіраўся ісці ў цэнтр, бо там нешта адбывалася. Я разумела, што можа быць. Наагул я адчуваю брата, нібыта мы блізняты. Я стала адгаворваць яго некуды ісці. Набрала яго зноў а 00:01, тэлефон ужо быў недасяжны.

Гісторыі
«Пакуль Міша ў СІЗА, дачка сказала сваё першае слова: тата». Гісторыя сям’і берасцейскага палітвязня
2021.05.05 12:30

А 5:00 жанчына стала тэлефанаваць у міліцыю, дзе ёй пацвердзілі, што брат у іх. Далей атрымаць інфармацыю стала амаль немагчыма.

12 жніўня Святлане патэлефанаваў следчы і папрасіў прынесці рэчы для Рамана. Сказаў яшчэ, што наўрад ці для мужчыны ўсё скончыцца 72 гадзінамі, хутчэй за ўсё, яго этапуюць у СІЗА ў Баранавічы. 14 жніўня Рамана ды іншых затрыманых сапраўды перавялі ў СІЗА з абвінавачваннем ва ўдзеле ў масавых закалотах (ч. 2 арт. 293 КК РБ).

«Ад паясніцы да каленяў брат быў амаль чорны, яму адбілі ныркі»

18 жніўня Святлана з адвакаткаю паехалі ў Баранавічы.

– Адвакатка тады выйшла і кажа: «Я сапраўды думала, што гэта ўсё фэйкі ў інтэрнэце пра сініх людзей». А Раман заходзіць у пакой і не сядае. Кажа, што не можа. Адвакатка тады ўсё зразумела і кажа яму: «Здымай штаны, я ўжо шмат чаго пабачыла за жыццё». Але, кажа, як убачыла – добра, што сядзела тады. Ад паясніцы да ўпадзінаў пад каленямі Раман амаль чорны быў. Сядзець наагул не мог.

Пасля затрымання мужчыну моцна збілі. Як ён сам распавядаў, завялі ў нейкі склеп і там білі. Хто, ён не бачыў, яны былі ў масках.

Адбілі ныркі, кажа Святлана. У Рамана моцна балела спіна, пачаліся іншыя сімптомы. Жанчына працуе ў аддзяленні ўралогіі, пайшла да загадчыка, распавяла, той назваў меркаваны дыягназ, выпісаў лекі.

Гісторыі
Стаяў у намётавым мястэчку ў 2006-м, у 2020-м – абвінавачаны ў «пінскай справе». Распавядаем пра Ігара Салаўя, якога пакаралі 6 гадамі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.01 08:30

Святлана падкрэслівае: добра, што ў Баранавічах прымалі гэтыя лекі ў перадачах – ад іх Раману стала лепш. А вось у Берасці, куды пінчука этапавалі напярэдадні суда, перадаваць лекі з дому забаранілі. Сказалі, толькі па прызначэнні іхнага доктара. Які нічога так і не прызначыў. Толькі аналізы зрабілі, якія выйшлі добрымі. Пра дадатковае абследаванне, са словаў Рамана, доктар сказаў, што яго хутчэй у калоніі можна будзе дачакацца, чым у ізалятары.

Раман Багнавец.
Фота: сямейны архіў

У камеры ў Берасці драўляная падлога

Раман пакуль яшчэ ў Берасцейскім СІЗА, але з дня на дзень чакае этапавання назад у Баранавічы, дзе прабудзе да разгляду апеляцыі. Пра ізалятар у Берасці піша, што ўмовы там лепшыя, чым у Баранавічах: у камеры драўляная падлога, а не бетонная, цёпла, кормяць лепш.

Святлане ж не падабалася, што пасля пераводу брата ў абласны цэнтр пачаліся перабоі з лістамі. Пра гэта кажуць і родныя іншых фігурантаў «пінскай справы». Таксама Святлана адзначае, што ў Баранавічах цэнзура была больш лаяльная: Раман часта адкрыта пісаў, што думае пра палітыку, сітуацыю ў краіне. Усё прапускалі. А лісты з Берасця пустыя, ні пра што: брат піша, што ўсё добра, пытае, як справы ўдома.

Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00

Святлана чакае пераводу брата ў Баранавічы, бо вельмі спадзяецца на хуткае спатканне, дасюль Багнаўцы бачыліся толькі на судах.

«Віна не была даказаная. За што шэсць гадоў?»

Сястра палітычнага вязня на прысуд 30 красавіка ехала без асаблівага аптымізму, але ўсё ж разлічвала на тры, максімум чатыры гады:

– Калі я пачула пра шэсць гадоў, то ўчапілася ў лаўку, каб толькі не ўпасці. На першым паседжанні мне стала блага, упаў цукар, хуткую выклікалі. Раман тады вельмі спужаўся за мяне, калі мяне вывелі. Распавядалі, што ён кідаўся ў клетцы, не мог супакоіцца, пакуль яму не сказалі, што са мной усё ў парадку. І таму на прысудзе я думала, абы толькі зноў не стала кепска, каб не пужаць брата.

Святлана абураная прысудам, бо перакананая: караць там не было за што.

– Такія тэрміны забойцам не заўсёды даюць, – кажа жанчына. – А на судзе ж ніякай віны не было даказана, ні Ромавай, ні тых, каго разам з ім судзілі. Так, на відэа было бачна, што Рома кідае падвязачны кол ад дрэва, але ён паляцеў убок, паміж шарэнгай амапаўцаў і домам, ні ў кога з міліцыянтаў гэты кол не трапіў. Дык за што шэсць гадоў?

Цяпер Раман з адвакатам рыхтуюць апеляцыю. На абскарджанне сястра вязня таксама не ўскладае вялікай надзеі, але жанчына перакананая, што гэта трэба рабіць для будучых справядлівых судоў, каб паказаць барацьбу асуджаных і сутнасць цяперашніх судоў усіх інстанцыяў.

Раман Багнавец з сынам Арцёмам.
Фота: сямейны архіў

«Самае балючае для брата – тое, што ён так доўга не зможа быць побач з сынам»

Раман Багнавец паводле спецыяльнасці – токар-фрэзероўнік. Але ўсё жыццё быў рознарабочым у розных месцах і краінах. З 23 да 33 гадоў шмат ездзіў на заробкі па Еўропе – у Чэхію, Швейцарыю. Потым некаторы час працаваў у Маскве. У Беларусь вярнуўся ўвесну 2020 года і пасля смерці мамы ў красавіку вырашыў застацца, каб не кідаць сястру тут адну. Знайшоў працу ў Менску.

У Рамана – 9-гадовы сын Арцём. Больш блізкіх і цёплых стасункаў паміж бацькам і сынам Святлана ў сваім жыцці не бачыла. Арцём вельмі моцна перажываў, калі тату забралі, плакаў. Хлопчыку адразу распавялі ўсю праўду, што тата ў турме і чаму. Арцём сам стаў заглыбляцца ў сітуацыю, чытаць розныя тэлеграм-каналы. А для Рамана амаль трагедыяй было, калі ў яго забралі тэлефон.

Гісторыі
«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду
2021.04.25 18:31

– Ён казаў, што там усё ягонае жыццё, фотаздымкі Арцёма з пялёнак. Калі вярнулі і ўдалося аднавіць фота, ён быў такі шчаслівы, – кажа Святлана. – Я якраз яму цяпер раздрукавала здымкі Арцёма, адпраўлю. Уяўляю, колькі слёзаў будзе праліта над гэтым лістом. Рома ў кожным лісце пра яго піша, пытае. Кажа, самае балючае, – што ён не пабачыць, як Арцём з дзіцяці робіцца падлеткам, не зможа выхоўваць яго ў гэты час, быць побач.

Раман Багнавец з сынам Арцёмам.
Фота: сямейны архіў

Дзесяць гадоў працаваў за мяжою, каб пабудаваць дом

Раман і Святлана Багнаўцы – з сям’і вайскоўцаў. Бацькі няма ўжо 11 гадоў, маці пайшла з жыцця год таму, у красавіку 2020-га. Мама заўсёды сачыла за сітуацыяй у краіне, баялася, каб толькі не было аб’яднання з Расеяй, і прышчапіла палітычную абазнанасць дзецям.

Раман глядзеў на беларускую сітуацыю больш з эканамічнага пункту гледжання. Яго абурала, што быў вымушаны працаваць за мяжой, і не ён адзін, што наагул моладзь зʼязджае з Беларусі і так распадаюцца сем’і.

– Раман шмат гадоў марыў пра свой дом, а калі падлічыў усе выдаткі, то зразумеў, што з беларускімі заробкамі ён будзе будавацца гадоў трыццаць, – кажа Святлана. – Таму паехаў за мяжу. Але кожны раз у размовах абурана пытаў, чаму ў нас такія ўмовы, што чалавек не можа працаваць удома і пракарміць сямʼю…

Дом Раман пабудаваў. Але пакуль ездзіў па заробках, страціў сямʼю: так склалася, што з жонкаю разышліся.

Hавiны
Праваабаронца з Пінску: Яны хацелі застрашыць, але атрымаюць раззлаваных людзей
2021.04.30 16:01

Паводле Святланы, дом стаў аддушынаю для Рамана. Увесь вольны час ён бавіў там разам з сынам. Летась сабраў першы ўраджай шатландскіх парэчак.

– Прывёз мне іх такі шчаслівы, – згадвае жанчына. – Я ніколі ў жыцці не падумала б, што мой брат будзе ягады вырошчваць і збіраць.

Пасля затрымання Рамана клопаты пра дом леглі на сястру – ёй давялося дарабіць тое, што не паспеў Раман: падлучаць камунікацыі – электрычнасць, газ, цяпліць кацёл усю зіму.

Якіх людзей пасля гэтых прысудаў улады хочуць сустрэць на волі?

Раман «смяротна стаміўся ад камернага жыцця» за 9 месяцаў. Надакучылі шпацыры па 40 хвілінаў у кайданках, што нельга прысесці ці прылегчы за дзень. Хоча ўжо ў калонію.

– Іх там з першага дня ў Баранавічах на шпацыры водзяць у кайданках, – кажа Святлана. – Я на судзе заўважыла, што ў іх ува ўсіх ужо рэфлекс выпрацаваўся: калі яны ўставалі, то аўтаматычна адводзілі рукі за спіну, хоць у судзе ніхто не прымушаў іх так рабіць.

Сястра палітычнага вязня перакананая, што брат не заслужыў шасці гадоў у турме:

– Ніхто з гэтых 14 не заслужыў. Але яны малайцы, так добра трымаліся. Іх не змаглі зламаць.

Святлана ўпэўненая, што калонія таксама не зломіць брата, колькі б яму там ні давялося прабыць:

– Нават калі будзе цяжка, ён будзе трымацца. А я думаю: якіх людзей дзяржава, якая цяпер шчодра раздае прысуды, потым хоча сустрэць на волі?

Яны чакаюць, што за шэсць гадоў людзі забудуць пра несправядлівасць і здзекі, палюбяць гэтыя ўлады? Натуральна, ніхто нічога не забудзе. І як забыць? Як дараваць нашыя скрадзеныя галасы, здароўе, гады жыцця, асірацелых дзяцей? Як Рома зможа забыць і прабачыць, што ў яго забралі час, за які ён мог гадаваць сына, бачыць, як ён расце, дабудаваць дом, стварыць новую сямʼю?

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў