У Індыі паскорыўся распаўсюд каронавіруса: за дзень выявілі 412 тысячаў новых выпадкаў


Яшчэ ў студзені – лютым ува ўсёй Індыі за дзень выяўлялі па 10–15 тысячаў новых выпадкаў COVID-19. З красавіка пачаўся рэзкі рост. Цяпер у краіне больш за 3,5 мільёна «актыўных выпадкаў» каронавіруснай інфекцыі, а за ўвесь час было больш за 21 мільён выпадкаў. Толькі 5 траўня выявілі рэкордныя 412 тысячаў новых выпадкаў, памерлі амаль 4 тысячы інфікаваных.

Цяпер на Індыю прыпадае каля паловы новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ў свеце і каля чвэрці новых смерцяў. Паводле «Reuters», цяпер каронавірус шырока распаўсюджваецца не толькі па гарадах, а і па сельскай мясцовасці Індыі.

Шпіталям у Індыі бракуе месцаў для хворых і кіслародных апаратаў, пастаўкі вакцынаў запаволіліся, а медычныя эксперты заяўляюць, што рэальных выпадкаў COVID-19 можа быць і ў 5–10 разоў больш за зафіксаваныя. Прэм’ер-міністра Нарэндру Модзі крытыкуюць за павольную рэакцыю на другую хвалю каронавіруса, а таксама за дазвол рэлігійных фэстаў і палітычных кампаніяў, якія называюць «выпадкамі суперраспаўсюду» каронавіруса. Бі-Бі-Сі адзначае, што жыхары Індыі перасталі выконваць правілы бяспекі праз супярэчлівыя дзеянні і ўказанні ўраду, які зарана стаў «святкаваць перамогу» над эпідэміяй.

Следам за Індыяй паводле новых выяўленых выпадкаў COVID-19 ідзе Бразілія: там за 5 траўня зафіксавалі 75 тысячаў новых выпадкаў і каля 2800 смерцяў інфікаваных. На трэцім месцы – ЗША з 46 тысячамі новых выпадкаў і 743 смярцямі за дзень. У Еўропе лідары рэйтынгу распаўсюду COVID-19 – Францыя і Нямеччына, дзе за 5 траўня выявілі адпаведна 26 тысячаў і 21 тысячу новых выпадкаў, паводле прызнаных смерцяў інфікаваных першыя месцы займаюць Расея, Польшча і Нямеччына, дзе толькі за ўчора памерлі па тры сотні інфікаваных. На душу насельніцтва найбольш выпадкаў інфекцыі прыпадае на Андору, Чарнагорыю і Чэхію, найбольш смерцяў інфікаваных – на Вугоршчыну, Гібралтар і Чэхію.

У Беларусі за 5 траўня прызналі толькі 1138 новых выпадкаў (56-е месца ў свеце) і 10 смерцяў інфікаваных (70-е месца), аднак беларускія дактары сумняюцца ў праўдзівасці афіцыйнай статыстыкі.

Аналітыка
Год пандэміі: як каронавірус змяніў Беларусь і беларусаў
2021.02.27 16:55

АА belsat.eu

Стужка навінаў