Святлана Ціханоўская выступіць перад Кангрэсам ЗША


Камісія Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў у справе правоў чалавека правядзе 6 траўня онлайн-слуханні на тэму правоў чалавека ў Беларусі. Пачатак анансаваны на 10:00 паводле часу ў Вашынгтоне (17:00 паводле беларускага часу).

На слуханнях збіраюцца абмеркаваць практыкі ўраду Лукашэнкі адносна выканання правоў чалавека і перспектывы зменаў. Перад амерыканскімі кангрэсменамі выступяць Святлана Ціханоўская, дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў доктар Адам Эбэргарт, сябра Акадэмічнай рады арганізацыі ахвяраў камунізму Пол Гоўбл, старэйшы працаўнік Праграмы Вацлава Гавэла ў справе правоў чалавека і дыпламатыі Дэйвід Крэймэр і доктар Гюльназа Саід – каардынатарка праграмаў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Камітэту абароны журналістаў.

Інтэрв’ю
Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр пра Лукашэнку: «Мы б размаўлялі з ім як з асобаю, якая ажыццяўляе ўладу ў Менску»
2021.05.02 22:15

У анонсе слуханняў згадваюць, што ў мінулым снежні Кангрэс ЗША прыняў акт «Аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце ў Беларусі», які дазваляе мноства захадаў для падтрымання дэмакратычных памкненняў беларусаў, а Палата прадстаўнікоў нядаўна прыняла рэзалюцыю з заклікам да новых выбараў у Беларусі, вызвалення палітвязняў і дыялогу дзеля мірнага транзіту ўлады. Згадваецца таксама, што ў Беларусі застаюцца ў няволі палітычныя вязні (на дзень 6 траўня беларускія праваабаронцы прызналі такімі 369 чалавек), а за кратамі з палітычных прычынаў пабывалі не менш за 32 тысячы асобаў; прынамсі 10 чалавек былі забітыя або загінулі пры загадкавых абставінах падчас пратэстаў.

«ЗША і Еўрапейскі Звяз асудзілі фальсіфікацыі выбараў і гвалт, увялі ў адказ на іх санкцыі, – адзначаюць у Кангрэсе ЗША. – Лукашэнка шукаў падтрымання ў Расейскай Федэрацыі, а Расея імкнулася выкарыстаць эканамічную залежнасць Беларусі на сваю карысць».

Святлана Ціханоўская паабяцала расказаць пра парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў Беларусі, формы мірнага пратэсту беларусаў, важнасць унутранага і вонкавага ціску на рэжым; падняць пытанне падтрымання перамоваў з уладамі Беларусі пры медыяцыі АБСЕ.

«Такія слуханні – найлепшы спосаб для Кангрэсу ЗША падкрэсліць важнасць якога-кольвек пытання, – тлумачыць офіс Ціханоўскай. – Амерыканскія палітыкі, лакальныя і міжнародныя СМІ надаюць пільную ўвагу слуханням у Кангрэсе, таму выступ Святланы Ціханоўскай – добры спосаб яшчэ раз нагадаць ЗША і ўсяму свету пра масавыя і сістэмныя парушэнні правоў чалавека рэжымам у Беларусі».

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў