Першы энергаблок БелАЭС зноў уключылі ў сетку. Яго адключылі месяц таму


БелАЭС.
Фота: Белсат

Першы энергаблок Беларускай АЭС 6 траўня быў уключаны ў сетку. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

«6 траўня ў 14.48 першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўключаны ў сетку пасля правядзення рэгламентных работ, прадугледжаных этапам доследна-прамысловай эксплуатацыі», – гаворыцца ў паведамленні.

Зараз адмыслоўцы прыступілі да комплекснага апрабавання абсталявання энергаблока на намінальным узроўні магутнасці рэактарнай устаноўкі, якое будзе доўжыцца 15 содняў.

Пра тое, што першы энергаблок БелАЭС будзе адключаны ад сеткі, у Мінэнерга паведамілі 7 красавіка.

Зроблена гэта было, каб «правесці агляд і ацаніць эфектыўнасць функцыянавання сістэм і абсталявання перад выкананнем завяршальных дынамічных выпрабаванняў, прадугледжаных праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі».

Аб’ектыў
Маўчанне забівае: што агульнага ў Чарнобыльскай і Беларускай АЭС
2021.04.26 22:39

МГ belsat.eu

Стужка навінаў