Маці і дачка, абвінавачваныя ў «карагоднай справе»: Да «хіміі» маральна гатовыя і верым, што хутка ўсё зменіцца


У судзе Маскоўскага раёну Берасця 7 траўня вынесуць прысуд яшчэ 14 асобам у «карагоднай справе». Абвінавачанне патрабуе ад года калоніі да 1,5 года «хатняй хіміі». Практыка паказвае, што такія ж тэрміны назаве і суддзя.

Маці і дачцэ Алене і Вікторыі Лысковіч пагражае паўтары гады «хіміі» за ўдзел у карагодзе.
Фота: Белсат

Маці і дачцэ Алене і Вікторыі Лысковіч пагражае 1,5 года «хіміі». З журналістамі «Белсату» гаварыла пераважна маці, Вікторыя збольшага моўчкі ківала. І толькі ў канцы дадала: «А што мне сказаць? У нас з маці пазіцыя падобная. Шкада толькі, што разам нас на «хімію» не адправяць, нас падзеляць, бо мы «суўдзельніцы».

– Безумоўна, тыя падзеі пакінулі адбітак на нашым жыцці і лёсе. Многім балюча казаць пра тое, што адчуваюць людзі, і мы ў тым ліку. Цяпер у краіне – стан трывогі, хвалявання, бязмежжа з боку сілавікоў і цяперашняй улады, перажываць такое вельмі цяжка. Але, тым не менш, усе мы адно аднаго падтрымліваем, мы разам з дачкою, мы ўдваіх, нам прасцей, – кажа спадарыня Алена.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

Алена Лысковіч працуе галоўнаю бухгалтаркай у будаўнічай кампаніі.

– У мяне добрая праца, і я магла б на тое, што адбывалася ў краіне ў жніўні, не звяртаць увагі, але я не магла быць абыякавай, я даўно хацела пераменаў. Я жадала быць з людзьмі, быць разам з тою часткаю нашага народу, які хацеў праўды і свабоды, іншага, свабоднага, жыцця. 10 жніўня мы былі ў Кобрыне і там убачылі ўсё гэтае сілавое бязмежжа, адчулі гэты жах на сабе. Потым вярнуліся ў Берасце, тады зʼявіліся ланцугі салідарнасці, і мы не маглі гэтага не падтрымаць, – адзначае Алена Лысковіч. – Нас у сям’і трое: я, мая дачка і мая мама. І мы займаем адзіную пазіцыю, мы адзіныя ў сваіх мэтах і перакананнях.

Спадарыня Алена кажа, што на працы яе амаль усе падтрымліваюць, хаця «хтосьці больш баіцца, хтосьці менш, хтосьці зусім не баіцца».

– Мы аказаліся, напэўна, больш актыўнымі. Як мне здаецца, усе людзі абʼядналіся адною мэтай і адным жаданнем. Можна кожнага чалавека паасобку разглядаць, і кожны чалавек раскажа сваю гісторыю гэтай барацьбы. Разам з дачкою стаялі ў ланцугах салідарнасці, бралі ўдзел у мірных мітынгах, пакуль не падышлі да гэтай рысы, калі здарыўся той дзень, калі ў нас усё пайшло іначай і мы ўжо не мелі той свабоды, якая ў нас нават была да 9 жніўня.

На паліцы ў Лысковічаў сямейныя фотаздымкі, шарж падарунак з працы і фота з васямнаццацігоддзя дачкі.
Фота: Белсат

Алена Лысковіч згадвае той змрочны час. Іх затрымалі проста на працы, публічна надзелі кайданкі, адвезлі ў ІЧУ. І панеслася: адміністратыўная справа, потым крымінальная. 2 кастрычніка затрымалі, потым пайшлі суды – 5 кастрычніка, 9-га. У выніку 30 содняў правялі ў ІЧУ, і там жа на іх завялі крымінальную справу.

Але ў сям’і лічаць, што яны выбралі правільны шлях.

– Прайшлі суды, мы ўбачылі яшчэ раз усё гэтае беззаконне. Але, нягледзячы на ўсё, мы імкнёмся не здавацца. Мы не сталі на шлях, пра які мы потым пашкадавалі б, мы ні ў чым сябе не папракаем, не вінавацім, мы разумеем, што наш шлях – адзіна правільны. І таму мы адчуваем падтрымку многіх людзей – і знаёмых і незнаёмых, асабліва ў судах, гэта проста неймаверна.

Гісторыі
«Сын плача па вечарах наўзрыд, а я тлумачу – тата не памёр, не кінуў нас, а з турмы ён вернецца»
2021.04.11 11:52

З іншымі абвінавачаннымі маці з дачкою прайшлі суды, кажуць, што «абʼядналіся, сталі адною камандаю, вельмі моцнаю».

– Менавіта там мы сустрэлі выдатных і годных людзей. Натуральна, мы не верым уладам, судам і разумеем, што цяпер у нас няма закону, таму нічога не застаецца, як прыняць гэтую сітуацыю такой, як яна ёсць, і шчыра верыць, што ўсё ў нас будзе добра, што Беларусь будзе вольнаю. Вера, што мы прыйдзем да таго, чаго жадаем, дае нам сілы перанесці гэтую складаную сітуацыю сёння, – кажа спадарыня Алена.

Жанчына адзначае: калі б падобны карагод узнік да 9 жніўня, не было б ніякай крымінальнай справы, і людзі нават не думалі, што за бяскрыўдныя танцы іх будуць судзіць.

Алена Лысковіч.
Фота: Белсат

– 13 верасня мы выйшлі падтрымаць людзей, інакш паступіць мы не маглі і, вядома, былі разам, ішлі разам, і той прыпынак, які тады здарыўся ды прывёў да крымінальнай справы, вядома, ніхто яго не планаваў, ніхто пра нейкае блакаванні дарогі і не думаў, людзі проста ішлі, спявалі і танчылі, і здарыўся гэты выдатны карагод, які ўсе запомняць на ўсё сваё жыццё.

У той момант ніхто не разумеў, што за такія бяскрыўдныя дзеянні можа быць такое пакаранне, што гэта выльецца ў пераслед і рэпрэсіі. Тады ўсе былі шчаслівыя, «свята здарылася ў той дзень».

Гісторыі
Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла
2020.12.22 07:57

– Каб карагод быў да 9 жніўня, гэта б разглядалася як самы звычайны корак, што бывае на дарозе, калі збіраюцца машыны. Але ўсё было паднесена і сфармулявана, каб стварыць эфект запалохвання, толькі з такою мэтаю. Людзі, якія бралі ўдзел у карагодзе, былі вельмі далёкія ад парушэнняў і беспарадкаў, – упэўненая спадарыня Алена.

Алена і Вікторыя Лысковіч разам абвінавачаныя ў «карагоднай справе». Алена і Вікторыя Лысковіч.
Фота: Белсат

Галоўнае, адзначае жанчына, што праўда за імі, і важна быць разам:

– Мы паглядзелі, як праходзяць першыя суды ў «карагоднай справе». Ясна, што прысуд нельга лічыць сумленным, справядлівым і абʼектыўным. Як многія цяпер кажуць, самая цёмная ноч бывае перад світанкам. Я ўпэўненая, што цяпер у рэжыму стадыя агоніі. І кожны чалавек, які ўмее думаць, разумее, што гэта доўга не можа працягвацца. Ніхто не можа назваць час, але ўсе разумеюць, што незадоўга гэта скончыцца.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў