КПП, закрытыя станцыі метро, салют і 0 рублёў дапамогі ветэранам. Як Менск сустрэне 9 траўня


Менск, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

9 траўня Беларусь святкуе Дзень Перамогі. Афіцыйныя ўлады запланавалі шэраг урачыстых падзеяў, але далучыцца да святкаванняў дазволяць не ўсім.

Што будзе

Паводле прэс-службы Менгарвыканкаму, аб 11:00 на плошчы Перамогі адбудзецца ўскладанне кветак і вянкоў да манумента Перамогі. Запланаваны ўдзел чыноўнікаў, афіцыйных прафсаюзаў, святароў, дэпутатаў і г.д. Адначасова ў парку Перамогі пачнецца святочная тэматычная праграма, падчас якой адбудуцца выступленні ў рукапашным баі і кіналагічнага цэнтру, будзе выстаўляцца.

А 12:00 каля Палаца спорту стартуе канцэртная праграма з песнямі вайсковых часоў і святочным кірмашом. А 18:00 на плошчы Дзяржаўнага сцяга пачнецца цырымонія ўшанавання афіцыйных герба і сцяга.

У 21:30 на плошчы Перамогі пройдзе святочны гала-канцэрт, а на 23:00 запланаваны салют.

Менск, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Колькі гэта каштуе

Як паведамляе TUT.by, на тэхнічнае забеспячэнне канцэрту на плошчы Перамогі дзейныя ўлады вылучылі 430 тыс. рублёў, на чырвона-зялёны феерверк – 230 тыс. Ушанаванне афіцыйных герба і сцягу будзе каштаваць 145 тыс., а запуск у неба 4 тыс. чырвоных і зялёных шароў – 8 тыс.

Між тым на святочныя выплаты ветэранам вылучэнне сродкаў не запланаванае.

Менск, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

А што міліцыя

Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Уладзімір Станілевіч паведаміў, што «асабісты склад органаў унутраных спраў будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме». Будуць працаваць аператыўныя сітуацыйныя штабы. Месцы афіцыйных святочных мерапрыемстваў возьмуць «пад асаблівы кантроль». У найбольш шматлюдных будзе прапускны рэжым – з ачапленнем па перыметры, аглядам тэрыторыі сапёрамі, паведамляе TUT.by.

Месцы святкаванняў абсталююць пунктамі пропуску, на якіх трэба будзе паказваць свае рэчы.

«У выпадку выяўлення забароненых прадметаў у ручной паклажы альбо на сабе – іх будуць адбіраць, а асобы дастаўляць у тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для разбіральніцтва», – заявіў Станілевіч. Да забароненых рэчаў ён аднёс і незарэгістраваную сімволіку.

Плошча перамогі. Менск, Беларусь. 6 траўня 2019 года.
Фота: ІА / Белсат

На плошчы Перамогі абмяжуюць рух на праспекце Незалежнасці, выхад з метро на гэтай станцыі да рытуальнай пляцоўцы і Вечнага агню забароняць. Падчас салюту тэрыторыя ў радыусе 500 метраў ад кропак размяшчэння піратэхнічных зарадаў будзе аточаная, будзе абмежаваны рух і забароненая стаянка транспарту ў небяспечных зонах. Нарады міліцыі будуць на станцыях метро, чыгуначным вакзале і ў іншых месцах з масавым знаходжаннем грамадзянаў.

Усе ўязная магістралі Менску будуць пад пільным кантролем ДАІ, з ужываннем сродкаў відэафіксацыі і выбарачным даглядам аўтатранспарту.

Hавiны
Павел Латушка анансаваў новую акцыю пратэсту
2021.05.03 12:36

Нагадаем, што Павел Латушка заявіў нямецкім журналістам, што разлічвае на масавую дэманстрацыю пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі 9 траўня, у Дзень Перамогі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў