Гісторык Тарасаў выдаў «працу жыцця»: кнігу «Еўфрасіння – Офрасіння – Афрасіння. Яе час, яе крыж»


Віленская друкарня «Спаўда» і выдавецтва «Цымбераў» выдалі кнігу беларускага археолага і гісторыка Сяргея Тарасава пра Еўфрасінню Полацкую. Перадзамовіць яе можна праз сайт Talaka.org.

Вокладка кнігі.
Фота: talaka.org

Сама кніга пры перадзамове каштуе 35 рублёў, «па сабекошце», як кажа аўтар – кандыдат гістарычных навук, дацэнт у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў . За гэтую суму пакупніку абяцаюць экзэмпляр з аўтографам аўтара, запрашэнне на прэзентацыю, паштоўку з выявай вокладкі кнігі і зніжкі на кнігі выдавецтва Цымберава і выдавецкага праекту «Такая гісторыя». Пры замове ад 20 экзэмпляраў прапануюць зніжкі. Выданне можна падтрымаць і меншымі сумамі. Кніга ўжо выдадзеная і на наступным тыдні мае дабрацца да Беларусі.

Даведка
Еўфрасіння Полацкая нарадзілася між 1100 і 1104 годам, яна дачка полацкага князя Святаслава (у хрышчэнні – Георгія), унучка Ўсяслава Брачыслававіча. У 12 гадоў адмовілася ад дынастыйнага шлюбу і пайшла ў манастыр. Перапісвала кнігі, заснавала ў Полацку дзве царквы, мужчынскі і жаночы манастыры пад Полацкам. На яе замову Лазар Богша зрабіў славуты крыж, які называюць галоўнай духоўнай святыняй Беларусі. У 1167 годзе памерла падчас паломніцтва ў Іерусалім. Прызнаецца святой і праваслаўнымі, і каталікамі, і ўніятамі.

Кніга мае назву «Еўфрасіння – Офрасіння – Афрасіння. Яе час, яе крыж». Аўтар тлумачыць: сама гістарычная асоба называла сябе імем Офрасíння, што на сучаснай беларускай мове варта перадаваць як Афрасіння.

Сяргей Тарасаў заяўляе «Белсату», што больш, чым у гэтай кнізе, пра Еўфрасінню Полацкую цяпер не знайсці:

«Гэтая кніга – гэта праца ледзь не ўсяго майго жыцця, – кажа ён. – У гэтай кнізе сабрана ўсё, што тычыцца гісторыі Еўфрасінні. Апрача жыцця Еўфрасінні Полацкай, апрача таго, што пісалі аб крыжы Еўфрасінні сённяшнія даследчыкі, астатняе там новае. Да гэтай кнігі я падышоў не толькі як гісторык, а як археолаг. Матэрыялы археалагічныя ў параўнанні з ізаграфічнымі, архітэктурна-археалагічнымі і гістарычнымі, чыста археалагічныя – гэта ўсё новае.

Гэта не пераказ жыцця Еўфрасінні Полацкай, гэта не пераказ таго, як шукалі крыж. Гэта асэнсаванне яе ў часе, у тых абставінах XII ст, калі яна нарадзілася, дзе яна нарадзілася, як яна жыла.

Нават прыблізнае апісанне дому яе бацькі, князя Георгія, і яе маці Сафіі ў Полацку. І тое, як праходзілі яе дзіцячыя гады, і тое, як яна апынулася ў Спасаўскім манастыры».

Пры тым кніга не публіцыстычная – гэта папулярнае выкладанне навуковых ідэяў і падставаў, тлумачыць аўтар. Толькі ў спісе літаратуры ў канцы амаль сотня крыніцаў, а яшчэ проста ў тэксце ёсць спасылкі на даследчыкаў і крыніцы, якімі ён карыстаўся.

Загадкі беларускай гісторыі
Крыж Св. Еўфрасінні Полацкай. Страта
2016.01.16 13:25

Тарасаў дадае, што ўпершыню сутыкнуўся з гісторыяй Еўфрасінні больш як 35 гадоў таму, і з таго часу «насіў у сваім сэрцы» яе гісторыю, а Полацку прысвяціў усё сваё навуковае жыццё.

Гісторык мяркуе, што Еўфрасіння Полацкая «ўсё сваё жыццё спланавала», а ў яго кнізе – «фантастычная гісторыя маладой дзяўчынкі, якая ў 12 гадоў вызначыла сваё жыццё». Ён даводзіць, што Еўфрасіння вызначыла і прадбачыла нават існаванне свайго імя пасля смерці. Тарасаў згадвае, як тлумачыў, хто такая Еўфрасіння Полацкая, у падручніку «Мая радзіма – Беларусь» для 4 класа і ў кнізе апавяданняў «Фрэскі»:

«Безумоўна, яна для нас абаронца Беларусі. Безумоўна, яна нашая святая, – кажа Тарасаў пра Еўфрасінню Полацкую. – Але яна і кроў ад крыві нашая Радзіма. Яна як плынь Палаты́, якая працінае ўсё нашае жыццё і ўсю нашую гісторыю. Гэта той чалавек, які знайшоў моц у сваёй душы, каб палюбіць сваю Радзіму і застацца на гэтай Радзіме сваім духам, сваім вобразам і сваім сімвалам, бараніць нашую Радзіму з неба».

АА belsat.eu

Стужка навінаў