Даць сігнал Расеі ды Эміратам. У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханні адносна Беларусі


Капітолій – сядзіба Кангрэсу ЗША.
Фота: wikipedia.org

У Камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША 6 траўня прайшлі онлайн-слуханні, прысвечаныя дэмакратыі і правам чалавека ў Беларусі.

Слуханні вялі амерыканскія кангрэсмены Джэймс Макговэрн і Крыс Сміт, які з’яўляецца аўтарам «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».

Умовы развязання крызісу

Святлана Ціханоўская, якую кангрэсмен Сміт назваў сапраўднай пераможцай на выбарах 2020 году ў Беларусі, распавяла пра масавыя рэпрэсіі і катаванні ў Беларусі: больш як 35 тыс. арыштаў, больш як 3 тыс. крымінальных спраў, не менш за 8 забітых, «тысячы выпадкаў жорсткага збівання і катаванняў – і ніводнай справы супраць вінаватых у гвалце рэжыму».

Паводле яе, для развязання палітычнага крызісу ў Беларусі неабходныя нацыянальны дыялог і прымірэнне на падставе вызвалення ўсіх палітвязняў і аднаўлення іх правоў, новыя свабодныя і справядлівыя выбары, а таксама рэформа палітычнай сістэмы, аднаўленне вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека.

Святлана Ціханоўская заклікала ЗША надалей ізаляваць Лукашэнку, арганізаваць міжнародную канферэнцыю для развязання палітычнага крызісу ў Беларусі ды павялічыць падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных медыяў і бізнесу. Яна назвала санкцыі эфектыўным інструментам ціску на Лукашэнку, які падтрымлівае ў тым ліку народ Беларусі.

Сігналы Расеі ды Эміратам

Былы памочнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крэймэр заклікаў да санкцыяў не толькі супраць беларускіх бізнесоўцаў, якія фінансуюць Лукашэнку (Віктара Шэймана, Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб’ёва, Аляксандра Зайцава, Аляксандра Машэнскага і Уладзімера Пефціева), але і блізкіх да яго расейскіх алігархаў ды прапагандыстаў з тэлеканалу RT. Гэтак, паводле яго, маюць пацярпець Міхаіл Гуцэрыеў, Герман Грэф, банкі ВТБ, ВЭБ і «Газпромбанк», кампаніі «Газпром», «Слафнефть», «Роснефть» і «Уралкалий».

Паводле яго, пад санкцыі маюць патрапіць таксама прадстаўнікі Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, з якімі Лукашэнка мае шчыльныя бізнес-сувязі.

Крэймэр падкрэсліў, што Расеі трэба даць ясныя сігналы пра непрымальнасць захопу – вайсковага ці эканамічнага Беларусі, а «Эміратам і іншым у рэгіёне», што падтрыманне Лукашэнкі адаб’ецца на стасунках з ЗША.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў