Да беларускіх ветэранаў у час пандэміі вадзілі школьнікаў без масак


Як стала вядома карэспандэнту «Белсату», у розных вобласцях Беларусі перад 9 траўня да ветэранаў Другой сусветнай вайны водзяць школьнікаў, і тыя не выконваюць масачны этыкет, хоць пажылым людзям COVID-19 пагражае асабліва моцна.

Ветэраны, якім за 90 гадоў, кажуць, што сустрэчы са школьнікамі ім складана даюцца. Людзі са сталіцы, Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцей кажуць, што школьнікі падчас такіх сустрэчаў не носяць медычныя маскі. Адна жанчына згадала, што калі прыходзілі да яе, толькі настаўніца была ў масцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Таксама ветэраны расказваюць, што да іх перад Днём Перамогі «ломяцца» дзяржаўныя газеты, а некаторым ветэранам тэлефанавалі міліцыянты, каб «апытаць пра генацыд».

Дзеці і ўнукі ветэранаў наракаюць, што пра саміх ветэранаў дзяржава згадвае толькі перад 9 траўня, а на сустрэчах вельмі настойваюць. Адзін чытач «Белсату» заяўляе, што служба сацыяльнай абароны распарадзілася «знайсці па адным ветэране з раёну» для фільма дзяржаўнай тэлевізіі.

Тым часам сёлета ўлады не плануюць рабіць аднаразовыя выплаты ветэранам да Дня Перамогі, якія рабілі ў мінулым і пазамінулым гадах, але працягваюць віншаванні з аркестрам пад вокнамі ветэранаў.

Паводле Міністэрства працы, на 1 красавіка ў Беларусі было 3337 чалавек, залічаных у «ветэраны Вялікай Айчыннай вайны», з іх 1877 – непасрэдныя ўдзельнікі і інваліды вайны. Год таму ветэранаў было 4806.

Абноўлена: афіцыйны канал Менгарвыканкаму апублікаваў днём 6 траўня фота, на якім удзельніка Другой сусветнай вайны віншуе старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімір Кухараў – і ён, і пенсіянеры на фота не носяць маскі.

Ці трэба дзецям насіць маскі?

Падчас школьных экскурсіяў да ветэранаў – дакладна трэба.

Сусветная арганізацыя здароўя адзначае, што ў пажылых людзей асабліва высокія шанцы развіцця цяжкай формы хваробы COVID-19, але каронавірус могуць перадаваць людзі ўсіх узроставых групаў, таму маскі рэкамендуюць насіць усім дзецям ад 12 гадоў, а дзецям 6–11 гадоў – пры належным кантролі дарослых. Маскі найбольш эфектыўныя тады, калі і хворыя, і здаровыя іх носяць, а найменш эфектыўныя – калі маску носіць толькі здаровы чалавек, а перад ім хворы без маскі.

Паводле звестак амерыканскага Цэнтру кантролю і перадухілення хваробаў, старэйшыя за 85 гадоў хварэюць на COVID-19 удвая часцей за дзяцей 5–17 гадоў, але пры гэтым трапляюць у шпіталі ў 95 разоў часцей, а паміраюць ад каронавірусу ў 8700 разоў часцей.

АБ / АА belsat.eu

Стужка навінаў