Як гаманцы Лукашэнкі ўцякаюць ад санкцый


Адною з навінак сёлетніх санкцыяў сталася ўлучэнне ў спіс некаторых беларускіх айцішнікаў.

Сузаснавальнік кампаніі «Synesis» Аляксандр Шатроў нашумеў раней сваймі палітычнымі каментарамі. Напрыклад, пасля Дня Волі 2017 года ён скрытыкаваў дэманстрантаў, якіх затрымлівала міліцыя. А пазней наагул параўнаў пратэсты з гандлем наркотыкамі. Вось як выказаўся Аляксандр Шатроў:

«Будзе дзіўна, калі вы пачняце крычаць, што калі ў Амерыцы наркотыкі легалізавалі, то вы не разумееце, чаму да вас тут такое стаўленне. То бок вы разумееце наступствы, вы ідзяце і робіце. Калі раптам наступствы наступаюць, не прыміце гэтага. Тут тое самае. Людзі ішлі на дэманстрацыю. Ім яе не санкцыянавалі. Ёсць закон, у якім прапісана, што можна, а што нельга. Яны на што разлічвалі?»

Апрача таго, кампанія вызначылася забаронаю на выкарыстанне беларускай мовы ва ўнутраных працоўных чатах. Так выказаўся сузаснавальнік кампаніі «Synesis» Аляксандр Шатроў:

«Ён ведае расейскую, але ўжывае беларускую. Я катэгарычна супраць такіх момантаў. То бок ён стварае нязручнасці ўсім, хто гэтай мовы не ведае».

Прадукт, за які кампанія трапіла пад абмежаванні, называецца «Kipod» – воблачная платформа для маніторынгу грамадскай бяспекі. Тэхнічным аператарам для Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі «Synesis» стаў у 2018 годзе.

Вынікі закупак

Як гэта адбылося, невядома. Адкрыты конкурс адмянілі праз тое, што на яго заявіўся толькі адзін прэтэндэнт – фірма «24х7 Панаптэс», уласнік якой – «Synesis». Далейшую працэдуру адбору закрылі ад грамадства.

Потым Савет Міністраў забавязаў шэраг аб’ектаў падлучыцца да сістэмы «Synesis» і ў дадатак – плаціць «Synesis» паводле вельмі высокага тарыфу – 100 рублёў на месяц за кожную камеру.

Цяпер «Synesis» на 100 % належыць Аляксандру Шатрову. Але так стала зусім нядаўна – праз два тыдні пасля ўвядзення супраць гэтай кампаніі чарговага раўнду санкцыяў Еўразвязу. Да таго часу долі ў фірме належалі кампаніі «Энерга-Оіл-Інвест» і жонцы галоўнага бенефіцыяра «Энерга-Оілу» – Іне Алексінай.

Цяпер «Synesis» на 100 % належыць Аляксандру Шатрову

У долю «Synesis» яны ўвайшлі ў 2016 годзе – за сем месяцаў да прыняцця ўказу аб Рэспубліканскай сістэме маніторынгу. То бок можа скласціся ўражанне, што інвестыцыя мела на мэце канкрэтна атрыманне замовы на стварэнне рэспубліканскай сістэмы назірання. Адмысловец IT-сектару Сяргей Лаўрыненка мяркуе, што «Synesis» – выключэнне:

«Беларускі ІТ-сектар адрозніваецца тым, што ў большасці сваёй працуе на экспарт. Больш за 95 % усіх паслуг, якія ён вырабляе, ідзе ў краіны па-за межамі Беларусі. Беларускія праекты ў кампаніях – гэта рэдкасць. Таму сапраўды, кампаніі, у якіх ёсць вялікія беларускія кліенты, вялікія беларускія замовы, хутчэй, вылучаюцца з агульнага шэрагу. Але для тых, хто працуе на беларускі рынак, гэта, можна сказаць, значная прэферэнцыя».

Аляксандр Шатроў.
Фота: Аляксандр Глебаў / probusiness.io

Аляксандр Шатроў кажа, што ягоная фірма атрымлівае грошы не ад МУС, а ад абанентаў, і на падставе гэтага плануе абскарджваць санкцыі ЕЗ. І камераў пакуль падлучылі вельмі мала. Верагодна, каб аблегчыць сабе абскарджанне санкцыяў, Шатроў на паперы пазбавіўся і ад партнёрства са структурамі Аляксея Алексіна.

Шырокай публіцы Алексін стаў вядомы дзякуючы «Табакерцы», гэта адзіная прыватная сетка сталічных шапікаў.

10 гадоў таму менскія ўлады забаранілі шапікі ў горадзе, спасылаючыся сярод іншага на тое, што гэта неэстэтычна. Кампанія, якой пасля гэтага перадалі манаполію на іх, называецца «Энерга-Оіл». Цяпер – «Энерга-Оіл-Інвест». Гэта тая самая кампанія, якой перад увядзеннем санкцыяў належаў і «Synesis». Старшыня ГА «Перспектывы», што лучыць індывідуальных прадпрымальнікаў, Анатоль Шумчанка адзначыў, што дзяржава паводзіць сябе дзіўна:

«Дзіўным чынам паводзіць сябе дзяржава, якая ў гэтым выпадку мусіць даваць усім роўныя магчымасці, а замест гэтага, зыходзячы з атрыманых адказаў, што кіёскі немэтазгодныя для прадпрымальнікаў, робім выснову, што для дзяржавы ёсць прадпрымальнікі – простыя смяротныя і прадпрымальнікі не простыя, якія маюць асаблівыя прэферэнцыі».

Расследaванні
На чым трымаецца бізнес-імперыя Лукашэнкі?
2021.03.04 11:30

Кампанія «Энерга-Оіл-Інвест» у пачатку 2021 года таксама зазнала раптоўную змену ўласнікаў. 12 студзеня ім стаў Аляксей Алексін.

Правапапярэднікам «Энерга-Оіл-Інвесту» дзяржаўны рэестр юрыдычных асобаў называе «Энерга-Оіл», які раней называўся «Трайпл-Энерга» і ўваходзіў у холдынг Юрыя Чыжа. Алексін ачоліў «Трайпл-Энерга» ў 2001 годзе. Да гэтага ён быў куратарам гандлю нафтапрадуктамі ў «Белзнешгандальінвесце» – структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Фота: ІА / Belsat.eu

«Трайпл-Энерга» пры Алексіне была адною з нешматлікіх прыватных кампаніяў, якой улады дазвалялі перапрацоўваць на беларускіх НПЗ танную расейскую нафту, а потым экспартаваць вырабленыя з яе нафтапрадукты. У пачатку мінулага дзесяцігоддзя гэтая фірма, паводле паведамленняў у СМІ, таксама незаконна рээкспартавала расейскія нафтапрадукты, выдаючы іх за растваральнікі, разбаўляльнікі і біядызель. Гэтым жа, паводле выдання штодзённіка, займаліся і іншыя кампаніі, што ўваходзілі на той час у «Трайпл»: «Неанафта» і «Белнафтагаз».

Пасля развалу бізнес-імперыі Чыжа гэтыя кампаніі таксама адышлі Алексіну.

У чарговы скандал «Неанафта» трапіла два гады таму. Медыі сцвярджалі, што фірма рээкспартавала расейскі мазут ва Украіну, выдаючы яго за беларускі. Праўда, сужэнцы Алексіны на той момант фірмай ужо фармальна не валодалі.

З 2016 года палова «Неанафты» належыць нейкай Лідзіі Ушаковай. А другая палова падзеленая паміж Алегам Пятровым і Алегам Герасімам.

Першы з іх працуе дырэктарам рэстаранна-гатэльнага комплексу «Сябры» – філіялу алексінаўскага «Энерга-Оілу». Другі Алег працуе намеснікам першага ў тым жа рэстаране. То бок абодва саўладальнікі «Неанафты» – адначасова дзейныя работнікі рэстарану Алексіна. Гэта пацвярджае журналіст naviny.by Алесь Ярашэвіч:

«Пасля таго як Алексін пачаў фігураваць у санкцыйным спісе ЕЗ, ён некаторыя свае актывы перапісаў на гэтых людзей, на сваіх менеджараў. Магчыма, такім чынам ён хоча пазбегнуць санкцыяў з боку ЕЗ».

Яшчэ адна кампанія Алексіна – «Белнафтагаз» – абараняе Мытны саюз ад кантрабанды. Акурат ад таго, у чым медыі вінавацілі гэтую кампанію ў пачатку дзесяцігоддзя. Цяпер «Белнафтагаз» – нацыянальны аператар сістэмы маніторынгу транзітных перавозак пад маркаю «БНгарант». Вось што нам пра гэта распавядае журналіст naviny.by Алесь Ярашэвіч:

«Гэтая сістэма дазваляе сачыць за перамяшчэннямі тавараў у рэжыме рэальнага часу. На фуры ці на машыны ставіцца пломба, і праз камп’ютарныя сістэмы можна паглядзець, дзе груз, адсачыць, ці была сарваная пломба, ці былі нейкія адхіленні ад маршруту. Аператар гэтай сістэмы – кампанія «Белнафтагаз», падкантрольная бізнесоўцу Аляксею Алексіну».

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Emica Elvedji / PIXSELL / Forum

Сістэму маніторынгу транзітных перавозак стварылі на распараджэнне Лукашэнкі ў лютым 2019 года. А распрацоўвалі яе нашыя старыя знаёмыя з «Synesis» – таго самага, што трапіў пад санкцыі Еўразвязу за сістэму відэаназірання. Канкрэтнай юрыдычнай асобаю на гэтым падрадзе была фірма «Synesis Stigma». Мінарытарнымі долямі там валодаюць Аляксандр Шатроў, ягоны брат Яўген і партнёр з Расеі. А 75 % належыць алексінаўскаму «Белнафтагазу».

Аляксея Алексіна сярод уласнікаў «Белнафтагазу» ўжо няма. Пасля ўвядзення санкцыяў ЕЗ ён перапісаў сваю долю на сыноў – Дзмітрыя і Віталя. Яшчэ адной акцыянеркаю сталася ягоная жонка Іна.

Уласнікамі «Влатэ Лагістык» сталі Пятроў і Герасім зусім нядаўна. Зноў жа – пасля ўвядзення санкцыяў Еўразвязу.

Графіка «Белсату»

Улюбёныя бізнесоўцы Лукашэнкі

Да таго моманту фірма належала «Брэміна груп», якой Алексін валодае супольна з яшчэ двума бізнесоўцамі з атачэння Лукашэнкі – Аляксандрам Зайцавым і Мікалаем Верабʼём. Вось што пра іх распавёў журналіст naviny.by Алесь Ярашэвіч:

«Зайцаў і Верабей – два буйныя беларускія бізнесоўцы, даволі ўплывовыя. Іх часта называюць гаманцамі Лукашэнкі. Аляксандр Зайцаў мае шматпрофільны бізнес, ягоныя інтарэсы сканцэнтраваныя ў гандлі беларускаю тэхнікай у краінах Блізкага Усходу. Таксама здабывае карысныя выкапні. Напрыклад, ён мае праекты здабычы золата ў Афрыцы, у Гане, у Судане. Інтарэсы Мікалая Вераб’я ў асноўным сканцэнтраваныя ў нафтавай сферы. Ён даўно валодае буйным прыватным нафтатрэйдарам «Інтэр-сэрвіс». А ўжо «Інтэр-сэрвісу» належыць шэраг актываў у нафтавай сферы: нафтабітумны завод, які бітум пастаўляе ва Украіну. Мікалай Верабей трапіў у трэці санкцыйны пакет ЕЗ».

«Брэміна груп» – уласнік трох вялізных лагістычных цэнтраў на беларускіх межах,у беспасярэдняй блізкасці ад пунктаў мытнага пропуску. Яны маюць права размытнёўваць тавары, а галаўны офіс кампаніі зарэгістраваны ў маленькім паселішчы Балбасава. Там свабодная эканамічная зона, якую Лукашэнка стварыў адмыслова пад гэтую кампанію.

«Брэміна груп» валодае складамі, а перавозкамі займаецца праз іншыя фірмы. Раней – праз «Транспетролбалтык». Потым – праз «Газ Венчурэ».

Абедзве гэтыя кампаніі СМІ неаднаразова вінавацілі ў кантрабандзе. Юрыдычна яны былі зарэгістраваныя ў будынку Алексіна, але іх офісу там не было. А фактычныя кантакты на сайце Менскага гарвыканкаму адсылалі да «Брэміна груп».

Дырэктаркаю «Газ Венчурэ» і «Транспетролбалтыку» працавала Вольга Палавец.

Вольга Палавец

На ейных старонках у сацыяльных сетках ёсць фотарэпартаж з карпаратыву, дзе на ёй – фірмовая майка «Трайпл-энерга»: кампанія, нагадаем, належала Аляксею Алексіну.

Фармальна «Газ Венчурэ», якую ачольвала Палавец, належала двум кіпрыёцкім афшорам, якія, у сваю чаргу, кіраваліся літоўскаю кампаніяй «Любэн».

Нашае расследаванне, супольна з літоўскім парталам «Сіена», выявіла, што гэтая «Любэн» не толькі абслугоўвала «Газ Венчурэ», але і персанальныя фінансы яе меркаваных бенефіцыяраў – Аляксея Алексіна і Аляксандра Зайцава.

Яшчэ адно нашае расследаванне супольна з інтэрнэт-парталам naviny.by паказала, што «Газ Венчурэ» стала адною з абраных фірмаў, якой улады Беларусі далі ільготу для імпарту кветак – вызвалілі ад падатку на дададзеную вартасць.

Графіка «Белсату»

З Беларусі яны вывозяць кветкі ў Расею, заніжаючы пры гэтым рэальны кошт у 10 разоў і адпаведна плацяць там толькі 1/10 ад падатку на дададзеную вартасць. Гэта дазволіла беларускім рээкспарцёрам, па-першае, заваліць таннымі кветкамі расейскі рынак. А па-другое, гэтыя ж кветкі, паводле ўдзельнікаў рынку, часта потым рэімпартуюцца назад у Беларусь. Старшыня Нацыянальнай асацыяцыі кветкаводаў у Расеі Аляксей Анціпаў выказаў сваё меркаванне.

«У Беларусі існуе ажно 200 кампаніяў, якія прэзідэнтам вызваленыя ад выплаты ПДВ. Яны былі створаныя, каб дапамагаць беларускім прадпрыемствам. Але пачыналі злоўжываць. І, як гэта выглядае, мыта плоціцца ў межах 5 %, а ад ПДВ вызваленыя».

Пасля шэрагу нашых журналісцкіх расследаванняў, якія даказалі сувязь «Газ Венчурэ» з «Брэміна» і персанальна з яе ўласнікамі – бізнесоўцамі з атачэння Лукашэнкі, «Брэміна груп» пачала выкарыстоўваць новы перавознік – «Влатэ Лагістык», які належаў наўпрост кампаніі «Брэміна». Але пасля санкцыяў фармальнымі ўласнікамі «Влатэ» сталі 6 асобаў. Сярод іх – працаўнікі алексінаўскага рэстарану Пятроў ды Герасім.

Яшчэ адзін з шасці – Дзмітрый Замулевіч – былы дырэктар фірмы «Інтэрсэрвіс», канчатковы бенефіцыяр якога – Мікалай Верабей. Пасля санкцыяў Еўразвязу Верабей паставіў дырэктарам «Інтэрсэрвісу» Алесю Беражную ды аформіў на ейную долю ў сваёй галаўной кампаніі «Красны Бор», якой належыць і «Інтэрсэрвіс».

Сыход ад санкцыяў

Верабей, хоць сам і трапіў пад санкцыі, вывеў з-пад удару свой галаўны актыў. Адмысловымі ўказамі Лукашэнкі структуры Алексіна атрымалі шэраг эксклюзіўных прывілеяў на гандаль, вялізныя ільготы на імпарт і лагістычныя перавозкі. Таксама праз непразрыстую працэдуру закупу Алексін стаў канчатковым бенефіцыярам нацыянальнай сістэмы сачэння. Яшчэ сярод ягоных актываў – «МТБанк», два гіганцкія свінакомплексы «Велес Міт», піваварня ў Латвіі.

І, вядома, тытунь. Па-першае, Алексін пабудаваў новую тытунёвую фабрыку, пад якую менскія ўлады адмыслова пашырылі межы гораду. Па-другое, алексінаўскім кампаніям дазволілі імпартаваць цыгарэты, хаця раней гэта маглі рабіць толькі дзяржаўныя структуры. І, нарэшце, «Энерга-Оіл», паводле інфармацыі на іх сайце, стала эксклюзіўным беларускім дылерам дзяржаўнай гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» – найбуйнейшага вытворцы цыгарэтаў у Беларусі.

Кантрабанда цыгарэт на польска-беларускай мяжы. Крыніца: strazgraniczna.pl

А цыгарэты гэтай фабрыкі – лідары сярод тытунёвай кантрабанды ў шэрагу краінаў Еўразвязу і ў Расеі. Пры гэтым, нагадаем, Лукашэнка прызначыў алексінаўскую кампанію кантралёрам за кантрабандаю.

І апошні штрых. Аднаму з працаўнікоў Алексіна належыць фірма «Мота івэнт». Яна зарэгістраваная на адрас, дзе месцяцца іншыя кампаніі Алексіна.

Графіка «Белсату»

Гэтая фірма арганізуе байкерскі фэст «H.O.G Ralli», у якім бралі ўдзел Аляксандр і Віктар Лукашэнкі. Стварэнне гэтага спрута манаполіяў сталася магчымым выключна дзякуючы ільготам і прэферэнцыям з боку ўладаў.

Адна з версіяў, якая гучала ў медыях, – гэта тое, што, напрыклад, алексінаўскаму «МТБанку» далі магчымасць завяршыць угоду для выкупу беларускага «Ідэя Банку» ў польскай кампаніі «Getin Holdings». Алексін жа, як паказала нашае расследаванне, выкарыстаў гэтую адтэрміноўку, каб экстранна вывесці з-пад магчымага санкцыйнага ўдару максімальную частку сваёй бізнес-імперыі, перапісаўшы свае фірмы на дзяцей, жонку і работнікаў свайго рэстарану. Гэтым жа займаецца і ягоны партнёр з «Брэміна груп» Мікалай Верабей.

Поўны тэкст расследавання даступны ў фарматах pdf, mobi, epub.

belsat.eu

Стужка навінаў