Віктар Бабарыка: «Я не буду на гэтым этапе адказваць ні на якія пытанні»


Сёння, 6 красавіка, у судзе Маскоўскага раёну ў другой палове дня Віктар Бабарыка пачаў даваць паказанні. Яму адмовілі ў перапынку для сустрэчы з адвакатам, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

На судзе Віктар Бабарыка назваў выстаўленыя супраць яго абвінавачанні палітычна матываванымі.

«Я ня буду пакуль на гэтым этапе адказваць ні на якія пытанні, даваць нейкія тлумачэнні, нейкія паказанні. Лічу, што я досыць шмат сказаў па сутнасці выстаўленых абвінавачанняў», – заявіў Бабарыка суду.

У зале суда прысутнічаюць валанцёры ягонага штабу Лявон Халатран і Антон Бяленскі, а таксама адвакатка Людміла Казак і шмат іншых людзей.

Вось такая чарга была ў будынак суда Маскоўскага раёну Менску пасля абеду:

Чарга ў будынак суда Маскоўскага раёну Менску 6 красавіка.
Фота: viktarbabarykaofficial / Telegram

Сямёра з васьмі абвінавачаных у гэтай справе, акрамя Віктара Бабарыкі, прызналі сваю віну.

Віктар Бабарыка на судзе адмовіўся даваць паказанні, ягоны допыт прайшоў даволі хутка, але падчас паседжання палітык выступіў з прамоваю. Віктар Бабарыка адмаўляўся даваць паказанні і на этапе следства.

Віктар Бабарыка падчас свайго выступу ў судзе распавёў, што былыя калегі яго агаварылі пад ціскам у СІЗА КДБ. Гэтак жа ён выказаў сумневы ў аб’ектыўнасці суддзяў, паколькі лічыць, што на іх ціснуць улады.

Палітык адзначыў, што ніколі не браў хабараў.

«Я доўга не мог адказаць на пытанне, ці правільна я зрабіў 12 траўня (калі заявіў аб жаданні вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах). Былі наступствы для маёй справы, якой я аддаў 25 гадоў, для людзей, для сына, для сяброў. Але я ведаю адно, што матыў быў толькі адзін: я хачу жыць у краіне, дзе перамагае закон», – цытуе выступ Бабарыкі TUT.by.

Пасля гэтых словаў у зале раздаліся апладысменты. Суддзя прыгразіў выдаліць усіх з паседжання.

Віктар Бабарыка дадаў, што ўсе крымінальныя пераследы і абвінавачанні ў адносінах сябе, свайго сына, сяброў, калегаў і партнёраў Бабарыка лічыць «абсалютна неабгрунтаванымі».

«Катэгарычна супраць іх пярэчу, лічу, што яны палітычна матываваныя», – дадаў ён, піша Interfax.

Мэта гэтага пераследу, паводле Бабарыкі, пазбавіць яго ўдзелу ў палітычных працэсах у Беларусі.

«Выстаўляючы абвінавачанне, якое мы цяпер чуем, следчыя органы ставяць пад сумнеў прафесіяналізм і цэласнасць ўсёй сістэмы кантролю, якая існуе ў банкаўскай сістэме Беларусі, і прафесіяналізм сістэмы кантролю акцыянераў. На ўсялякі выпадак я нагадаю: акцыянер – «Газпромбанк» і «Газпром», – адзначыў Бабарыка

Далей Бабарыка адмовіўся адказваць на пытанні.

Артыкулы
За чатыры паседжанні не зразумелі сутнасці абвінавачання. Што кажуць пра справу Бабарыкі прысутныя на судзе
2021.02.22 20:53

АД, belsat.eu

Стужка навінаў