Улады Львова адмовіліся набываць беларускія аўтобусы МАЗ, бо не хочуць «фінансаваць рэжым»


Мэр Львова Андрэй Садовы заявіў, што ўлады гораду адмаўляюцца ад набыцця 100 беларускіх МАЗаў, бо не хочуць «фінансаваць рэжым» і плануюць падтрымаць айчыннага вытворцу.

Беларусь падтрымлівае свайго вытворцу і прапаноўвае самы нізкі кошт, таму беларуская кампанія абышла ўкраінскіх канкурэнтаў і перамагала на тэндары, які праводзіць Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

Цяпер улады гораду звярнуліся да Еўрапейскага інвестыцыйнага банку з просьбай правесці тэндар паўторна, бо не хочуць «фінансаваць рэжым».

«Рэвалюцыя і развіццё дэмакратычнага грамадства – гэта справа беларускага народу. Але фінансаваць «рэжым» мы не маем права. Урэшце, у нас ёсць украінскія вытворцы, якія маюць патрэбу ў падтрыманні. Калі мы не будзем інвеставаць у развіццё свайго машынабудавання, то як гэтая галіна зможа развівацца?» – кажа Андрэй Садовы.

Таксама мэр Львова звярнуўся ў Кабінет Міністраў Украіны з просьбай увесці «ахоўныя тарыфы» або мыта на закуп грамадскага транспарту за мяжой, бо яго можна набыць ва Украіне. Ён заклікаў мэраў украінскіх гарадоў, якія цяпер стаяць перад такім выбарам, выбіраць свайго вытворцу.

Нагадаем, што ў студзені беларуская супольнасць Львова звярталася да мэра Андрэя Садавога з просьбаю не купляць для горада МАЗы.

«Мы звяртаемся да мэра горада Львоў. Інфармацыя пра закупы ў Беларусі прадукцыі МАЗу выклікала ў нас здзіўленне і занепакоенасць.

Андрэй Іванавіч, мы ўсе ведаем Вас як вельмі дасведчанага і разумнага палітыка. Палітыка з праеўрапейскімі поглядамі і каштоўнасцямі. Вас любяць і Вам давяраюць жыхары Львова. У тым ліку дзякуючы Вам Львоў – адно з самых любімых месцаў для адпачынку ў беларусаў.

Мы, беларусы, просім Вас прыняць правільнае рашэнне, стаць на бок беларускага народу і не спансараваць крывавага рэжыму. Беларусы і ўкраінцы заўсёды былі разам!» – гаворыцца ў звароце.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў