Украіна адмаўляецца ехаць у Менск на перамовы Трохбаковай кантактнай групы ў пытаннях Данбасу


Украінскі бок мае намер шукаць іншыя горад і краіну замест Менску для вочных перамоваў Трохбаковай групы для мірнага ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу ICTV заявіў украінскі віцэ-прэм’ер у пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Аляксей Рэзнікаў, паведамляе «Українська правда».

Аляксей Рэзнікаў.
Фота: «Народная правда»

Цяпер перамовы праходзяць у фармаце відэаканферэнцыі без вочных сустрэч удзельнікаў.

«Мы катэгарычна паведамілі, што не будзем удзельнічаць у пасяджэннях ТКГ, калі раптам скончыцца каранцін і будзе прапанавана працягнуць кансультацыі, як і раней, у Менску.

Мы патлумачылі, што ўкраінская дэлегацыя не будзе накіроўваць сваіх чальцоў у Менск для сустрэч у рэальным жыцці. Усё роўна прыйдзецца шукаць для сустрэч іншую краіну і іншы горад», – сказаў Рэзнікаў.

«Я думаю, паколькі сёння Беларусь пакуль застаецца пад уплывам Расейскай Федэрацыі, то для нас няма даверу да гэтай тэрыторыі», – растлумачыў ён і дадаў, што ў Беларусі цяпер «дамінуе антыўкраінская рыторыка».

У жніўні 2020 года паўнамоцны прадстаўнік Украіны ў Кантактнай групе і першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук заяўляў Украінскаму радыё, што з прычыны пратэстаў у Беларусі перамовы групы ў будучыні, магчыма, будуць праходзіць не ў Менску, а на іншай тэрыторыі, напрыклад у Жэневе альбо Швецыі.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў