Сілавікі зладзілі ператрус у праваабаронцы Эніры Браніцкай і выклікалі на допыт


У вядомай праваабаронцы і юрысткі «Human Constanta» Эніры Браніцкай, а таксама ў ейных бацькоў адбываюцца ператрусы, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Эніра Браніцкая.
Фота: Эніра Браніцкая / Facebook

Першапачаткова сілавікі зладзілі ператрус па месцы рэгістрацыі праваабаронцы Эніры Браніцкай, у кватэры ейных бацькоў. Эніра Браніцкая ў гэты час была ў сябе ўдома, з двума дзецьмі. Вядома, што ёй адключылі электрычнасць.

Цяпер тэлефоны праваабаронцы недасяжныя.

Ператрус у Эніры Браніцкай скончыўся праз тры гадзіны. У праваабаронцы вынялі тэхніку, грошы, сама яна дома. Але на заўтра Эніру Браніцкую выклікалі на допыт на 11 гадзіну.

У пратаколе пазначана, што ператрус ладзіўся ў сувязі са справай аб масавых беспарадках.

Пераслед праваабаронцаў

Раней сілавікі арыштавалі праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны» Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу.

У сакавіку Галоўнае ўпраўленне расследавання злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату Следчага камітэту распачало крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). На гэты момант у межах справы адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў «Вясны» і ў кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншые.

На думку органаў следства, ПЦ «Вясна» нібыта фінансуе ды іншым шляхам матэрыяльна забяспечвае незаконныя масавыя акцыі, удзельнікі якіх з дапамогаю групавых дзеянняў груба парушаюць грамадскі парадак.

Hавiны
Следчы камітэт расследуе справу аб факце дзейнасці праваабарончага цэнтру «Вясна»
2021.03.05 14:40

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў