«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды


Апошнімі месяцамі ўсё часцей стала з’яўляцца інфармацыя пра звальненне з дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў тых працаўнікоў, хто падтрымлівае пратэсты. З імі не працягваюць кантрактаў або проста звальняюць, спасылаючыся на скарачэнне штатаў ці залічваючы адміністратыўны арышт у прагулы. Belsat.eu сабраў некалькі гісторыяў палітычна матываваных звальненняў.

Марыя Чысцякова, працавала трэнеркай нацыянальнай каманды па падводным спорце

Марыя Чысцякова.
Фота: асабісты архіў

Марыя Чысцякова 8 гадоў працавала ў ДТСААФ – гэта дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне, якая курыруецца Саветам бяспекі. Між тым, на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года жанчына запісалася ў незалежныя назіральнікі. «Ужо тады нашаму старшыні пачалі тэлефанаваць з КДБ. Я тады ўзяла адпачынак, але майму непасрэднаму кіраўніку начальства выстаўляла прэтэнзіі: маўляў, навошта нам гэтыя праблемы?» – распавядае яна.

Марыя была назіральніцай на выбарчым участку, які размяшчаўся ў менскай гімназіі № 6, пісала скаргі на парушэнні. «Думаю, пра гэта сігналы на працу таксама ішлі», – дадае яна. Але праблемы ў Марыі пачаліся пазней: 12 лістапада яе затрымалі ў цэнтры Менску.

«Я тады паехала ў Міністэрства спорту, каб адвезці дакументы. Гэты быў чацвер, а па чацвяргах тады на плошчы Незалежнасці праводзілі акцыі пратэсту інваліды. Але калі я прыехала на плошчу Незалежнасці, то акцыі ўжо не было, людзі разышліся. Я проста сядзела на прыпынку, чакала аўтобуса № 100, каб вярнуцца на працу. Але тут пад’язджае бусік, і мяне затрымліваюць», – распавядае яна.

Марыю адвезлі ў Маскоўскі РУУС. Там жанчыне стала кепска, яе шпіталізавалі.

Завочна на Марыю склалі адміністратыўны пратакол паводле арт. 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах»). Суд так і не адбыўся: праз два месяцы ёй проста даслалі пастанову, што адміністратыўная справа закрытая, бо прайшоў тэрмін разгляду пратаколу.

Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды. Пастанова аб спыненні адміністратыўнай справы супраць Марыі Чысцяковай. Фота: асабісты архіў
Марыя Чысцякова, дакумент, звальненне
Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды. Пастанова аб спыненні адміністратыўнай справы супраць Марыі Чысцяковай. Фота: асабісты архіў
Марыя Чысцякова, дакумент, звальненне

Аднак з міліцыі на працу ўсё роўна даслалі ліст, што трэнерка была затрыманая як удзельніца несанкцыянаванай акцыі, і цяпер з ёй трэба правесці «прафілактычную гутарку».

«Мяне выклікалі да кіраўніцтва і паспрабавалі са мной пагутарыць. Але якая можа быць прафілактычная гутарка? Я ж ехала на грамадскім транспарце ў міністэрства, я выконвала загад свайго начальніка. Што я зрабіла не так? Нельга даручэнне начальства выконваць ці аўтобусамі карыстацца? Патлумачце, і тады я зраблю высновы. Карацей, размова не склалася. А старшыня сказаў: цяпер я вам давяраць не магу. Я ж раней, у прынцыпе, не хавала, на якім я баку», – кажа яна.

Марыя Чысцякова мела на руках дакументальнае пацверджанне таго, што за 10 хвілін да затрымання яна перадала працоўныя дакументы ў Міністэрства спорту

Марыі не працягнулі кантракту без тлумачэння прычынаў. «Да мяне не было прэтэнзіяў па працы. У мяне ж вельмі шмат грамат. Мае спартоўцы, за якіх я адказваю, медалі атрымлівалі, узнагароды. Цікава, што кожны год ДТСААФ узнагароджвае найлепшага трэнера і найлепшага спартоўца – і трэнер, і спартовец летась былі з майго віду спорту. А галоўнага трэнера каманды пры гэтым звольнілі», – канстатуе яна.

Кірыл Бурдзюк, працаваў эканамістам у аддзеле забеспячэння МТЗ

Кірыл Бурдзюк.
Фота: асабісты архіў

Кірыла затрымалі 10 студзеня 2021 года за ўдзел у дваравым маршы каля Партызанскага праспекту. Склалі адразу два пратаколы: 23.34 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і 23.4 («Непадпарадкаванне міліцыі») КаАП. На наступны дзень у судзе Заводскага раёну суддзя Алена Капцэвіч пакарала яго 8 соднямі адміністратыўнага арышту, якія ён часткова адбываў у ізалятары на Акрэсціна, а часткова – у Жодзінскай турме.

Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды. Пастанова аб адміністратыўным арышце Кірыла Бурдзюка. Фота: асабісты архіў
Кірыл Бурдзюк, дакумент, звальненне
Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды. Пастанова аб адміністратыўным арышце Кірыла Бурдзюка. Фота: асабісты архіў
Кірыл Бурдзюк, дакумент, звальненне
Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды. Пастанова аб адміністратыўным арышце Кірыла Бурдзюка. Фота: асабісты архіў
Кірыл Бурдзюк, дакумент, звальненне

«19 студзеня я выйшаў на працу. Прапрацаваў месяц, і 18 лютага мяне звольнілі. Увесь гэты месяц на мяне спрабавалі ціснуць: сыходзь на ўласнае жаданне, табе працаваць усё роўна не дадуць. Я адмовіўся. 18 лютага патэлефанавалі з аддзелу кадраў – сказалі, прыйдзі, распішыся і забяры працоўную кніжку».

Кірыла звольнілі з фармулёўкаю «прагул па няўважлівай прычыне» – менавіта так расцаніла кіраўніцтва адбыццё адміністратыўнага арышту. «Але ж я прынёс апраўдальныя дакументы, гэта не можа лічыцца прагулам», – падкрэсліў ён. Раней ніякіх спагнанняў на працы ў Кірыла не было. Агулам ён адпрацаваў на МТЗ тры гады.

Кірыл актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці з мінулай вясны.

«Кіраўніцтва ведала маю пазіцыю, я гэтага не хаваў. Захадзілі здалёку: маўляў, лепш ва ўсім гэтым не ўдзельнічаць, каб не было праблемаў. Але раней у адкрытую не пагражалі», – кажа ён.

Ніна Скрыпец, працавала інжынеркай выпрабаванняў на віцебскім заводзе «Візас»

Ніна Скрыпец.
Фота: асабісты архіў

Ніна Скрыпец была затрыманая 27 студзеня. Тады падчас «хапуна» ў віцебскім мікрараёне Тарны міліцыянты затрымалі 13 чалавек – іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Праз тры дні судзілі. Як адзначалі праваабаронцы, той працэс увойдзе ў гісторыю беларускага судаводства. Справы 13 чалавек аб’ядналі ў адну і разглядалі на выязным судовым паседжанні ў будынку Першамайскага РАУСу Віцебску. Суд, які пачаўся а 15-й гадзіне, цягнуўся да поўначы. Некалькі разоў суддзя Вераніка Барысава абвяшчала перапынкі, бо людзям рабілася блага, і яны прасілі выклікаць хуткую дапамогу. Частку затрыманых пакаралі адміністратыўным арыштам, частку – штрафамі. Ніну Скрыпец аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

Пакаранні ў адміністратыўнай «справе трынаццаці»

1 лютага Ніна выйшла на працу. Спачатку да яе прэтэнзіяў не было: «Усе спакойна, нармальна ўспрынялі. Ніякіх размоваў пра звальненне не было. Усе ведалі пра мае погляды, і затрымлівалі мяне не ў першы раз».

«У панядзелак-аўторак усё было нармальна. А ў сераду, калі я ўжо сышла дадому, на прадпрыемства прыехаў наш куратар з КДБ. Як мне потым распавялі ў аддзеле кадраў, ён прыйшоў да кіраўніцтва і сказаў, каб мяне прыбралі з заводу», – кажа Ніна.

Афіцыйна яе звальненне патлумачылі скарачэннем штатаў. Пры гэтым кіраўніцтва спасылалася на загад ад 1 лютага, хаця 1–3 лютага Ніна хадзіла на працу як звычайна, і ніхто ёй пра звальненне не казаў.

Апавяшчэнне аб звальненні Ніны Скрыпец

У дакуменце таксама адзначалася, што Ніне прапаноўваецца перавод на іншую пасаду. Аднак, па-першае, ёй прапанавалі пасаду з паніжэннем. Па-другое, пасада мусіла заставацца вольнай толькі да траўня, калі чалавек выйдзе з дэкрэтнага адпачынку. Па-трэцяе, непасрэдным начальнікам Ніны мусіў стаць ейны муж, які таксама працуе на прадпрыемстве. Аднак такога падпарадкавання на працы блізкіх сваякоў у прынцыпе быць не павінна. Таму ад пераводу Ніна адмовілася.

Ніна Скрыпец.
Фота: асабісты архіў

Ніну затрымлівалі і ў кастрычніку. Тады на завод прыйшоў ліст з пракуратуры, паводле якога кіраўніцтва мусіла правесці з працаўніцай прафілактычную размову. Фармальная размова адбылася, гэтым усё і абмежавалася.

Ужо пасля звальнення жанчыну зноў затрымалі – 25 сакавіка, на Дзень Волі, яе амаль 9 гадзінаў пратрымалі ў міліцыі.

Аляксандра (імя змененае з меркаванняў бяспекі), працавала юрысткай у адміністрацыі адной з установаў аховы здароўя ў Менску

Улетку-ўвосень Аляксандра ўдзельнічала ў акцыях пратэсту, але тады яе не затрымлівалі. Кіраўніцтва звярнула ўвагу на палітычныя погляды Аляксандры пасля таго, як Аляксандра напісала на працы заяву аб выхадзе за прафкаму:

«Гэта было яшчэ ў верасні. Калі мы размаўлялі з галоўнай лекаркай, чаму я выйшла з прафкаму, яна мне казала наўпрост: думай пра дзяцей. Ты што, не хочаш тут працаваць?»

Аляксандра ўспрыняла гэтую размову як пагрозу. Паводле жанчыны, спачатку яе пазбавілі надбаўкі да заробку, а кантракту, які канчаўся ў лютым, проста не працягнулі. У канцы снежня ёй паклалі апавяшчэнне на стол.

«Я пайшла да галоўнай лекаркі. Я была ў шоку. Чаму мне асабіста не сказалі, чаму не патлумачылі? Я мяркую, што такія рэчы неяк трэба абгрунтоўваць, а не проста кідаць апавяшчэнне».

Галоўная лекарка патлумачыла звальненне тым, што ва ўстанове адбываюцца кадравыя скарачэнні.

«Але звычайна ў выпадках скарачэнняў людзям або даюць кампенсацыю, або даюць дадатковую падпрацоўку на палову стаўкі, каб чалавек не губляў заробку. Чаму ж вы проста дачакаліся завяршэння майго кантракту? Але яна сказала: я галоўны лекар, я маю права».

Мужа Аляксандры пры канцы верасня арыштавалі за ўдзел пратэстах і асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі.

«З верасня я адна з двума дзецьмі, а з лютага яшчэ і без працы», – канстатуе жанчына.

Hавiны
Пасля крытычнага допісу ў Facebook звольнілі галоўнага інфекцыяніста Менску
2021.01.26 15:39

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў