Партызанская мова: як у краіне людзі патаемна вучаць беларускую


На хвалі сацыяльных працэсаў апошніх месяцаў у грамадстве наспела патрэба далучацца да ўсяго беларускага і да мовы ў прыватнасці.

Праз тое, што людзі не могуць збірацца ў дварах суполкамі, суседзі прыдумляюць розныя варыянты таго, як разам вывучаць ці паляпшаць веданне роднай мовы. Вось тры натхняльныя гісторыі пра моўных партызанаў.

Горадня. Ірына. «Мамчын клуб»

У мяне двое дзяцей, старэйшаму 4 гады, а малодшай – 7 месяцаў. Мы даўно, яшчэ да жніўня [мінулага года] з суседкамі камунікавалі на дзіцячай пляцоўцы, ведаем адна адну, і дзяцей ведаем.

Калі ў жніўні пачаліся пратэсты, некаторых мам затрымлівалі, ці іхных мужоў забіралі, мы падтрымлівалі адна адну, дапамагалі з дзецьмі. Потым пачалі ладзіць дваравыя святы, а цяпер жа гэта ўсё нібыта забаронена. А трэба хоць нешта рабіць, разумееце? Хоць нешта маленькае, але рабіць.Таму мы прыдумалі збірацца з мамамі і вучыць беларускую.

Гарадзенцы пішуць дыктоўку.
Фота: Белсат

Спачатку мы хацелі збірацца ў садочку, што побач з нашым дваром, але нам адмовілі, сказалі: «Вы ж самі разумееце». Я не разумею, але што зробіш. Таму мы сустракаемся ў той мамы, у якой кватэра большая, каб усіх нас змясціць. Разам з дзеткамі прыходзім, кніжкі чытаем, вучым новыя словы.

Нас, напэўна, няшмат, каб лічыць нейкай суполкай, усяго 7-8 чалавек. Часам дзесяць бывае, але такое рэдка. З нас ніхто раней па-беларуску не размаўляў, таму мы карыстаемся матэрыяламі з сайту «Мова нанова». Мы па чарзе вядзем заняткі. Ну, як вядзем, раздрукоўваем лексіку ці рыхтуем практыкаванні. Але часцей за ўсё хуценька ўсё робім і проста размаўляем на мове.

Падаецца, ніхто з дзяўчат не гаворыць на беларускай па-за нашым колам. Але для нас нават на сустрэчах пачаць размаўляць – гэта вялікае дасягненне. Спачатку было вельмі сорамна, а цяпер лягчэй.

Менск. Ігар. Моўныя вандроўкі

Мы з суседзямі перазнаёміліся пасля вялікіх маршаў. Чаго ў нашым двары толькі ні было! Калі пераможам, зноў будзем ладзіць розныя канцэрты і сустрэчы. А пакуль у нас у двары больш гэтых у форме і без, чым саміх жыхароў. Кожны дзень тут соваюцца, таму збірацца для нас не варыянт.

Нам вельмі пашанцавала, што ў суседнім доме жыве настаўніца беларускай мовы. Калі ў мясцовым чаціку пачалі абмяркоўваць, што ўсе хочуць вучыцца, яна прапанавала дапамагаць, зрабіла асобны чацік і дасылала скрыншоты правілаў і практыкаванняў. Было няёмка, што ты дарослы мужык, а па падручніку 5-га класу вучышся. Але калі ў школьны час мазгоў не было, то хоць цяпер навучуся.

Гуканне вясны ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Наша настаўніца нам раіць размаўляць на беларускай дома, каб практыкавацца. Але не ўва ўсіх хатнія падтрымалі такую ідэю. Таму мы вырашылі ездзіць у нейкія цікавыя месцы ў Беларусі і размаўляць падчас вандроўкі па-нашаму. Проста сядаем на свае машыны, падбіраем суседзяў і едзем.

Аказалася, у нашым двары такія валацугі жывуць! Спачатку хацелі толькі па Менскім раёне катацца, а на тым тыдні ездзілі ў Гервяты. З нас ніхто там раней не быў, і за гэта таксама сорамна – жывем каля такой прыгажосці, а раней толькі фота ў інтэрнэце бачылі.

Пра тое, што затрымліваюць экскурсійныя групы, ведаем, але ж мы не група і не экскурсія. Проста тры аўтамабілі з пасажырамі. Нас заўважыць складана.

Я мару нашаю камандай з’ездзіць на балота. На любое балота. Мо, атрымаецца сёлета на разліў Прыпяці трапіць – было б выдатна.

Менск. Кацярына. Літаратурныя сустрэчы

Спачатку мы абмяркоўвалі ідэю займацца мовай у чаце двара, увялі правіла – у сераду пісаць там толькі па-беларуску. І гэта самы ціхі дзень на тыдні. Звычайна 150–200 паведамленняў на дзень бывае, а ў сераду менш за 50.

Нейкага асобнага чату для мовы ў нас няма, бо ў кожнага рознае веданне беларускай. Таму мы проста ў сераду абвяшчаем, які твор чытаем цягам тыдня, а потым сустракаемся ў кавярні, каб яго абмеркаваць. Вялікіх твораў не бярэм, каб усе паспелі прачытаць.

Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім. XXVІII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. 20 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

У кавярні на нас ніхто асабліва ўвагі не звяртае. За два месяцы ў нас не было такіх спрэчак аб літаратуры, каб людзі пачыналі крычаць, усё адбываецца шляхетна.

Складана сказаць, колькі людзей у нашым літаратурным клубе. Ці варта нават гэта клубам называць, не ведаю. Проста ўсе ведаюць, у якой кавярні за якім сталом і ў які час будуць абмяркоўваць творы. Прыходзім і гутарым.

Цяпер чытаем Караткевіча, усім раю пачынаць з яго.

Hавiны
Больш за тысячу навучэнцаў: Беларускаму гуманітарнаму ліцэю – 30 гадоў
2021.01.15 14:47

МГМ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў