Лукашэнка загадаў распавесці Захаду пра «польскі рэваншызм»


Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра стасункі з Польшчай і пра некамерцыйныя арганізацыі ды фонды. На ягоную думку, частка з іх – дэструктыўныя, таму ён даручыў правесці перарэгістрацыю гэтых структураў, паведамляе БелТА.

Падчас нарады аб вонкавапалітычнай тэматыцы Лукашэнка адказаў на прэтэнзіі афіцыйнай Варшавы.

«Я хацеў бы сёння пачуць канкрэтныя прапановы аб вяртанні да паслядоўнай, праактыўнай палітыкі з Польшчай. Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, не хочам ні з кім ваяваць, але калі толькі да нас будуць вось такім чынам ставіцца, як гэта было ў канцы мінулага года і цяпер, па мордзе атрымаюць і вельмі моцна, і нам хопіць быць нейкімі пасіўнымі назіральнікамі: там, дзе трэба, мы павінны рэагаваць адэкватна, як гэта было ў Берасці і Горадні. Але мы нікуды не падзенемся ад таго, каб размаўляць на нармальнай мове з нашымі суседзямі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць, што настаў час сурʼёзна «папрацаваць над рэпрэзентацыяй грамадскасці і заходнім партнёрам так званага польскага пытання».

«На Захадзе не ўсе разумеюць, што адбываецца насамрэч. Адпаведны план, як я ўжо сказаў, рэалізуецца, але трэба паскорыць гэтую працу. Варта больш актыўна прасоўваць тэмы пераследу этнічных беларусаў у міжваенны і пасляваенны перыяды, дзейнасці польскіх нацыяналістычных бандфармаванняў (і не толькі польскіх) на нашай тэрыторыі, рэваншысцкіх памкненняў уладаў гэтых дзяржаваў па вяртанні кантролю над асобнымі тэрыторыямі і рэгіёнамі Беларусі. У Варшаве, напрыклад, іх дагэтуль называюць як «усходнія крэсы». Афіцыйна дзейны Саюз палякаў у Беларусі, дзе нядаўна быў абраны новы кіраўнік, павінен канструктыўна працаваць на карысць нашай краіны, спрыяючы ўмацаванню адносінаў», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што ўлады Беларусі абсалютна не прыгнятаюць польскай меншасці: у гэтых грамадзянаў ёсць сваё абʼяднанне, з дапамогай якога яны могуць рабіць свой унёсак у развіццё стасункаў паміж дзяржавамі. А вось з тым фондамі і арганізацыямі, якія фінансуюцца з-за мяжы, Лукашэнка загадаў разабрацца.

«Даўно трэба было правесці праверкі курсаў вывучэння моваў, скаўцкіх арганізацыяў і іншых падобных ім структураў, якія кіруюцца і фінансуюцца з-за мяжы. І вельмі сумна, што наш новы ва ўрадзе чалавек, які адказвае за нацыянальныя і рэлігійныя адносіны, не заўважыў гэтага і не пачаў сваёй працы з гэтага. Гэта вам урок! Такіх праблемаў не шмат, але яны ёсць. Вазьміце ў свае рукі і разруліце», – сказаў Лукашэнка Аляксандру Румаку, упаўнаважанаму ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў.

Наступ на польскую меншасць

Напрыканцы сакавіка Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых чальцоў арганізацыі. 25 сакавіка ў некаторых сябраў Саюзу палякаў адбыліся ператрусы, таксама сілавікі прыйшлі ў польскую грамадскую школу і сядзібу Саюзу палякаў у Горадні. Гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, дырэктарку грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыю Цішкоўскую і кіраўніцу лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэну Бярнацкую затрымалі ў межах крымінальнай справы.

Прадстаўнікоў Саюзу палякаў абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму і апраўданні генацыду беларускага народу паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці праз прыкмету нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ды іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама праз рэабілітацыю нацызму, учыненыя групай асобаў»). Фармальнай падставаю для пераследу сталі гістарычныя і культурніцкія імпрэзы.

На пачатку сакавіка затрымалі кіраўнікоў Польскай школы ў Берасці.

Арыштаваных прадстаўнікоў Саюзу палякаў правабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00
ВІДЭА
Лукашэнка рыхтуецца да гандлю закладнікамі. Ці магчымая поўная ізаляцыя Беларусі?
2021.04.02 21:33

СК belsat.eu

Стужка навінаў