Канфлікт ва Украіне як звышкрызіс. Беларускі кантэкст

Павел
Усаў
Беларускі палітолаг і аналітык, доктар палітычных навук

Абвастрэнні на міжнароднай арэне, канфлікты, войны заўсёды былі для рэжыму Лукашэнкі магчымасцю палепшыць сваё становішча як унутры краіны, так і ў адносінах з Захадам. Праблемы глабальнага характару, якія датычылі агульнай або нават рэгіянальнай бяспекі, былі выратавальным рэсурсам для сістэмы ў самыя крытычныя моманты, калі пра Беларусь проста забывалі.

Найбольшым патэнцыялам для ўмацавання становішча беларускага аўтарытарызму валодалі ўзброеныя канфлікты на постсавецкай прасторы, ініцыяваныя Расеяй. Так было ў перыяд расейска-грузінскай вайны 2008 года, вайны ва Украіне 2014–2020 гадоў. Вайна, агрэсіўная палітыка Масквы не толькі выводзілі Беларусь са спісу праблемных краінаў, але рабілі з Аляксандра Лукашэнкі «гаранта стабільнасці і незалежнасці» краіны. З палітычнага ізгоя ён ператвараўся ледзь не ў партнёра. Асабліва паказальным было ператварэнне беларускага аўтарытарызму ў прымальны для дыялогу з Захадам рэжым у перыяд з 2014 да 2020 года. У дачыненні любога аўтарытарызму працуе правіла: стабільны – значыць легітымны.

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Фота: ТК / «Белсат»

Становішча Лукашэнкі ў гэты перыяд было непарушным, да моманту, пакуль краіна не пагрузілася ў новы, напэўна, самы глыбокі крызіс за ўсю гісторыю існавання рэжыму Лукашэнкі.

Праблемы, спароджаныя выбарамі 2020 года, для ўлады Беларусі больш разбуральныя. Гэта звязана не проста з поўнай стратай унутранай і вонкавай легітымнасці (Лукашэнка не быў легітымны для Захаду задоўга да выбараў 2020 года), але, перш за ўсё, з маштабнымі рэпрэсіямі, катаваннямі і забойствамі пратэстоўцаў. Да гэтага трэба дадаць функцыянаванне ўплывовых, прызнаных на Захадзе апазіцыйных інстытутаў, якія яшчэ больш пагаршаюць становішча Лукашэнкі.

Тым не менш, у пытанні стабілізацыі важную ролю могуць адыграць тры фактары:

  • час,
  • дэкансалідацыя апазіцыі,
  • звышкрызісы.

Час. Мы ўжо назіраем згубны для пратэставага руху фактар часу, які спрыяе ўнутранаму аднаўленню сістэмы, размывае пратэст, а таксама робіць пытанне Беларусі менш актуальным у міжнародным парадку.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020. Фота: Света Фар / belsat.eu

Дэкансалідацыя. Час таксама ўплывае на стан апазіцыі. Не маючы агульнага ідэалагічнага і палітычнага базісу, сфармаваная хутчэй з выпадковых людзей, чым аднадумцаў, апазіцыя з цягам часу траціць адзінства, спароджанае гістарычным момантам. У сукупнасці гэта пашырае жыццёвую прастору для рэжыму Лукашэнкі.

Вядома, найбольшым патэнцыялам валодаюць сусветныя ЗВЫШКРЫЗІСЫ (войны, катастрофы, эпідэміі), якія сваім драматызмам і маштабнасцю затушоўваюць праблемы Беларусі. За гэтыя паўгода адбылося нямала такіх падзеяў: COVID, вайна ў Нагорным Карабаху, атручанне Навальнага, выбары і поствыбарчы крызіс у ЗША, ваенны пераварот і кровапраліцце ў М’янме, у некаторай ступені абвастрэнне сітуацыі на Данбасе.

У той ці іншай ступені гэта ўжо паўплывала на пазіцыю заходніх краін у дачыненні Беларусі. Яна робіцца менш жорсткай, а прыняцце важных палітычных рашэнняў зацягваецца або адкладаецца. Драматызм падзеяў і ахвяры ў іншых кутках планеты абʼектыўна адводзяць увагу міжнароднай супольнасці ад Беларусі. Захад проста чарговы раз пачынае прывыкаць да праблемы Лукашэнкі.

Толькі дзякуючы таму, што ўласна самі ўлады працягваюць тэрарызаваць насельніцтва, ладзіць новыя палітычныя расправы, актуалізуецца пытанне Беларусі на міжнароднай арэне. Апошнім такім дзеяннем сталі рэпрэсіі ў дачыненні Саюзу палякаў у Беларусі.

Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі

Ніякага сумневу, інтэнсіфікацыя канфлікту ва Украіне ў перспектыве можа стварыць для Лукашэнкі прастору для манеўру. Але гэта будзе залежаць ад некалькіх умоваў.

  1. Узровень драматызму падзеяў ва Украіне. Захад ужо прывык да вайны ва Украіне і да агрэсіўнай палітыкі Расеі. Таму пазітыўны эфект для рэжыму Лукашэнкі будзе толькі тады, калі тое, што адбываецца ў суседняй краіне, будзе параўнальнае з тым, што мела месца ў 2014 годзе. А гэта малаверагодна.
  2. «Нармалізацыя» сітуацыі ўнутры Беларусі. Рэпрэсіі і тэрор працягваюцца, а існаванне розных асяродкаў супраціву ў Беларусі і за мяжой не даюць магчымасці ўспрымаць беларускі аўтарытарызм як палітычную дадзенасць, з якой неабходна змірыцца. Унутраны крызіс будзе аслабляць неабходны эфект (рэлегітымізацыя рэжыму) ад ЗВЫШКРЫЗІСУ. У гэтым выпадку працуе правіла: нестабільны – значыць нелегітымны.
  3. Узнікненне вобразу «большага зла». У 2014 годзе такім большым, чым Лукашэнка, злом была пуцінская Расея, якая захапіла Крым, развязала вайну, якая збіла «Боінг 777», МН17. У той перыяд Лукашэнка для Захаду перастаў быць «апошнім дыктатарам». На дадзены момант статус «вялікага зла» зноў вярнуўся да Лукашэнкі, і наўрад ці сітуацыя зменіцца бліжэйшым часам, пагатоў беларускі дыктатар пачаў інтэнсіўнае збліжэнне з Расеяй. Што цікава, дзякуючы падзеям 2020 года ў Беларусі менавіта Масква спрабуе выкарыстаць рэсурс «большага зла», якім стаў Лукашэнка, у сваіх інтарэсах. Бо менавіта Крэмль сёння разглядаецца як магчымы партнёр у пераадоленні палітычнага крызісу ў Беларусі.

У беларусаў пачаліся праблемы з уездам ва Украіну

У бягучай сітуацыі абвастрэнне сітуацыі на ўсходзе Украіны хоць і выклікае занепакоенасць, але яшчэ не перайшло ў стан звышкрызісу, які можа быць выратавальным для рэжыму Лукашэнкі. Усё ж я не выключаю, што калі Лукашэнку ўдасца ўтрымацца ва ўладзе, то фактары часу, драматычныя падзеі ў свеце, канфлікты ўнутры апазіцыі могуць спрыяць хуткай стабілізацыі рэжыму (рэлігітымізацыі) і паслабленню вонкавага ціску на яго.

/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў