У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Беларускі зноў выйшлі ў белым і з кветкамі


Жанчыны ў белым выйшлі на алею салідарнасці ў Варшаве, каб сказаць не гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Сёння на пратэст выйшлі жанчыны з Беларусі і Польшчы, каб выказаць нязгоду з уварваннем Расеі ва Украіну і ўдзелам у гэтым Беларусі.

6 сакавіка 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат

Ксенія, Беларусь

«Такі фармат акцыі ўжо асацыюецца з Беларуссю, з нашымі пратэстамі, з 12 жніўня 2020 года. Тады жанчыны ў белым выйшлі на вуліцы з кветкамі – і стала зразумела, што беларусы не згодныя з вынікамі выбараў.

Мне здаецца, гэта такая гісторыя пра голуба міру з кветачкаю. Вельмі класна, што гэты вобраз тады нарадзіўся і ўсё перавярнуў. Жанчыны маюць вагу ўва ўсёй гэтай гісторыі і далей будуць мець. Гэта была жаночая беларуская рэвалюцыя, і не трэба забываць нікога – ні аб’яднаны штаб, ні Машу.

Адрозненне варшаўскай акцыі ад менскай у тым, што няма аўтазакаў, ніхто не ганяе, а паліцыя пытаецца, колькі будзе чалавек, ці трэба прынесці ўзмацняльнік гуку і дзе паставіць машыны. Паводле адчуванняў, вядома, менш падтрымання, бо палякі не так пагружаныя ў кантэкст, яны не так моцна сігналяць і рэагуюць. Але ўсё роўна ёсць адчуванне, што палякі разумеюць, чаму мы тут сабраліся.

Я за мір. Сама сутнасць жанчыны супраць вайны. Нядаўна нават быў запушчаны флэш-моб: калі б мужчыны ведалі, як цяжка даюцца дзеці, тады б не пачыналі войнаў».

Надпіс на плакаце: «Лукашэнка – з Пуціным, беларускі – з Украінаю».
Фота: ТК / Белсат
Надпіс на плакаце: «Стоп вайне».
Фота: ТК / Белсат
Надпісы на плакатах: «Займайцеся сексам, а не вайной», «Змагайся як украінская дзяўчына».
Фота: ТК / Белсат
Надпісы на плакаце і сцягу: «Пуцін – забойца», «Свабодная Украіна».
Фота: ТК / Белсат

Тэрэза, Польшча

«Я тут, бо нельга выкарыстоўваць гвалт, нельга забіваць, нельга наносіць шкоду людзям. Не можа адзін чалавек уявіць сябе богам і навязаць усім сваё бачанне, як павінен быць уладкаваны свет. Я кажу пра Пуціна. Ён адзін не так шмат бы зрабіў, але ёсць людзі, якія ахвотна дапамагаюць яму і зарабляюць на здзяйсненні гэтых злачынстваў. Гэта такая банда, пуцінская мафія – яна знішчае свабодных людзей, у якіх ёсць права на свабоду і спакойнае жыццё, права на шчасце, на дзяцей.

Цяпер вельмі цяжкі час: пандэмія, кліматычныя змены. У сувязі з гэтым і так шмат людзей памірае. Навошта яшчэ вайна?

Хтосьці аказаўся псіхапатам, інакш і сказаць нельга. Ён любіць толькі сябе і свае ідэі. Калі хоча пагутарыць з народам, хай робіць рэферэндум, хай сустракаецца з людзьмі. Калі хтосьці ва Украіне гаворыць па-расейску, гэта не падстава для нападу. Я напісала Пуціну: «А колькі людзей размаўляе па-англійску? Яны што, усе англічане? Адумайцеся, так не можа быць». Мова служыць для таго, каб мы адно аднаго разумелі.

Я ведаю расейскую мову, бо быў час, калі яна была абавязковая. Хочаш не хочаш, а ты павінен быў яе вучыць. Але гэта не значыць, што я люблю Расею і я расейка. Ніколі ў жыцці! Я таксама ведаю англійскую і нямецкую, валодаю чыстаю польскаю моваю. Люблю Польшчу, але таксама люблю і беларусаў. У нас ёсць агульная гісторыя – навошта нам мяжа з Беларуссю? Тысячу гадоў не было ніякай мяжы ні на захадзе, ні на ўсходзе. А цяпер будуем нейкія сцены, платы. Навошта? Мільярды злотых выкідваюцца на гэтую будоўлю, у той час як увесь свет прыбірае мяжы. Такога не можа быць. Дык што цяпер, будзем яшчэ і з Расеяй будаваць сцяну? З усімі? Так не можа быць. Я не згодная.

Я бяру ўдзел ува ўсіх пратэстах, якія датычаць нашых правоў на свабоду. Чалавек нараджаецца свабодным і памірае свабодным».

Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат

Вольга, Беларусь

«Я прыйшла сюды, бо я супраць вайны ва Украіне, супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне, супраць таго, каб нашыя народы сварыліся, забівалі адно аднаго. Натуральна, я за тое, каб Беларусь была квітучая, каб не было ніякіх нацыяналістычных настрояў супраць нашага народу. Незразумела, чаму так адбылося, што Беларусь аказалася агрэсарам у дачыненні Украіны ў гэтай вайне. Ува ўсіх нас ёсць сваякі і сябры ва Украіне, і вельмі дзіўна, што атрымалася такая дурная недарэчная сітуацыя. Проста да слёзаў крыўдна, што ўсё павярнулася такім чынам.

На мой погляд, цяпер сусветная супольнасць вельмі моцна сканцэнтраваная на тым, што робяць беларусы ў краіне. Мне здаецца, беларусы ў краіне павінны спрабаваць нешта рабіць. Ясна, што гэта цяжка і пагражае пэўнымі наступствамі. Але форма выказвання сваёй нязгоды з тым, што адбываецца, бывае розная. Трэба ўключаць крэатыў, спрабаваць нешта, а не проста сядзець, адмоўчвацца і крый божа яшчэ спрабаваць апраўдаць дзеянні ўладаў і згаджацца з тым, што адбываецца».

Фота: ТК / Белсат
Надпісы на плакаце і букеце: «Маё сэрца – з Марыупалем», «Не вайне».
Фота: ТК / Белсат

Алеся, Беларусь

«Сёння адбываюцца жудасныя падзеі, асабліва ў Марыупалі. На маім плакаце напісана, што маё сэрца – з Марыупалем. Сёння там забіваюць людзей. Я лічу, што такога не павінна быць. Таму ўсё, што я магу цяпер, – выйсці і казаць пра гэта. Неабходна гэта спыняць і падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду не толькі ў Марыупалі, але і ў іншых гарадах.

Выдатна, што гэтая акцыя прайшла. Шкада толькі, што мала часу [акцыя доўжылася паўгадзіны. – Заўвага рэд.], але выдатна, што людзі прыйшлі. Як разумею, тут у асноўным беларускі – і гэта таксама выдатна, бо цяпер беларусаў цкуюць, і гэта добрая магчымасць сказаць, што мы супраць Лукашэнкі, супраць ягоных лукашысцкіх забабонаў. Мы разам з Украінаю».

Фота: ТК / Белсат
Надпіс на плакаце: «Неба для птушак, а не для бомбаў».
Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат
Фота: ТК / Белсат

ТК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў