Радыё «Свабода» спыніла працу на тэрыторыі Расеі з-за пераследу з боку Крамля


Радыё «Вольная Еўропа/Радыё Свабода» (RFE/RL) прыпыніла працу ў Расеі пасля таго, як 4 сакавіка бягучага года мясцовыя падатковыя органы заявілі аб банкруцтве расейскай юрыдычнай асобы «Радыё «Свабода» і расейская паліцыя ўзмацніла ціск на журналістаў.

У маскоўскім офісе радыё «Свабода».
Фота: Радыё «Свабода»

«Гэтыя атакі Крамля на здольнасць радыё «Свабода» дзейнічаць у Расеі з’яўляюцца кульмінацыяй працяглай кампаніі ціску на радыё «Свабода», якое працуе ў Расеі з 1991 года, калі стварыла сваё маскоўскае бюро на запрашэнне тагачаснага прэзідэнта Барыса Ельцына», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні радыё «Свабода» ад 6 сакавіка.

Уладзімір Пуцін 4 сакавіка падпісаў закон, паводле якога любы журналіст, які адхіляецца ад поглядаў Крамляю на вайну супраць Украіны, можа быць асуджаны да 15 гадоў зняволення.

Расейская служба радыё «Свабода» плануе працягнуць працу з-за межаў Расеі.

Прэзідэнт радыё «Свабода» Джэймі Флай пракаментаваў спыненне працы ў Расеі:

«З глыбокім шкадаваннем я сёння абвяшчаю аб прыпыненні нашай фізічнай дзейнасці ў Маскве. Гэтае рашэнне было прынятае радыё «Свабода» супраць нашай волі, гэтае рашэнне нам навязалі з-за наступу рэжыму Пуціна на праўду… Мы будзем працягваць распаўсюджваць нашыя рэпартажы расейскай аўдыторыі і выкарыстоўваць усе магчымыя платформы, каб дагрукацца да яе, калі яна мае патрэбу ў нашай журналістыцы. Нягледзячы на гэты змрочны момант, мы ведаем з 70-гадовай гісторыі нашай арганізацыі, што аднойчы, магчыма, раней, чым многія думаюць, мы зможам зноў адкрыць свой офіс у Расеі. Час на баку свабоды, нават у пуцінскай Расеі».

Дзевяць расейскамоўных праектаў радыё «Свабода» былі заблакаваныя за апошні тыдзень пасля таго, як RFE/RL адмовілася выканаць патрабаванне маскоўскага ўраду выдаліць інфармацыю пра ўварванне Расеі ва Украіну. У ноч з 3 на 4 сакавіка расейскія ўлады заблакавалі доступ да сайтаў і праектаў радыё «Свабода» у Расеі, у тым ліку да кругладзённай расейскамоўнай тэлесеткі «Настоящее время», створанай у супрацоўніцтве з «Голасам Амерыкі».

Радыё «Свабода» транслюе для расейскай аўдыторыі з 1 сакавіка 1953 года. У перыяд з лістапада 1988 годв да жніўня 1991 года, калі палітыка «галоснасці» савецкага лідара Міхаіла Гарбачова ўмацоўвалася, расейская служба стварыла сетку з 400 чалавек па ўсёй тэрыторыі СССР і больш за 40 чалавек у Маскве. 27 жніўня 1991 года прэзідэнт РФ Барыс Ельцын выдаў дэкрэт, які даваў радыё «Свабода» акрэдытацыю і дазваляў адкрыць офіс у Маскве. У 2002 годзе Уладзімір Пуцін адмяніў гэты дэкрэт.

Пасля нападу на Украіну Расея заблакавала шэраг незалежных расейскамоўных сайтаў: «Медуза», ВВС, «Deutsche Welle», «Голас Амерыкі». Таксама быў заблакаваны доступ да «Фэйсбуку» і «Тўітара».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў