«Калі не выстаіць Украіна, Беларусі не будзе». Беларусы распавядаюць пра свой удзел у абароне Украіны


Ва Украіне з’явілася рота беларускіх добраахвотнікаў. Хто яны і чаму пастанавілі змагацца за Украіну? Паразмаўлялі з жаўнерамі.

Беларускія добраахвотнікі фармуюць першую роту ў войсках тэрытарыяльнай абароны Кіева.
Фота: Cialežnikau Antoś / Facebook

Адзін з беларускіх добраахвотнікаў – Тромблі, родам з Менскага раёну. У 2020 годзе браў удзел у паслявыбарчых пратэстах у Беларусі. Калі на яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342, быў вымушаны пакінуць краіну. Гэтак аказаўся ва Украіне, дзе знайшоў сабе новы дом, у які 24 лютага 2022-га прыйшла вайна:

«Я з самага пачатку хацеў запісацца ў тэрытарыяльную абарону. Маё тлумачэнне было простым: я і так застаўся без айчыны, а цяпер маскалі яшчэ і мой новы дом руйнуюць. Таму я тут».

Лёс іншага беларускага жаўнера, Воскара, падобны: паходзіць з Маладзечанскага раёну, браў удзел у пратэстах, пасля чаго апынуўся ва Украіне, ратуючыся ад крымінальнай справы. Свой удзел у вайне тлумачыць так:

«Калі Украіна не выстаіць у гэтай вайне, то Беларусь фактычна страціць незалежнасць. І, магчыма, на вельмі вялікі тэрмін. Мы не можам гэтага дазволіць, таму мы павінныя абараніць Украіну, а потым вызваліць Беларусь».

Беларускі добраахвотнік Альгерд родам са Старых Дарог. У беларускі пратэст прыйшоў яшчэ задоўга да выбараў 2020 года і нават паспеў узяць удзел у Майдане, менавіта праз гэта яму ў выніку і давялося канчаткова перабрацца ў Кіеў. Калі Альгерд зразумеў, што расейскія войскі намагаюцца знішчыць незалежную Украіну, пастанавіў яе абараняць:

«Маё рашэнне далучыцца да атрадаў, якія будуць змагацца за Кіеў, змагацца за Украіну, было натуральным. Ніколі не будзе вольнай Беларусі без вольнай Украіны, як ніколі не будзе вольнай Украіны без вольнай Беларусі. Нашыя лёсы паяднаныя не толькі вайной і агульным ворагам, мы яшчэ паяднаныя нашаю гісторыяй. І нашая гісторыя гаворыць, што толькі тады, калі мы былі разам, мы маглі перамагчы ворага. Так пад Грунвальдам было, так і пад Воршаю было, і ў іншых бітвах, дзе мы перамагалі нашых ворагаў».

Беларускія добраахвотнікі фармуюць першую роту ў войсках тэрытарыяльнай абароны Кіева.
Фота: Cialežnikau Antoś / Facebook

Пасля ўдзелу ў беларускіх пратэстах 2020-га Дзянісу пагражала да 15 гадоў зняволення. Як і астатнія добраахвотнікі, ён вырашыў эміграваць ва Украіну, дзе і напаткала вайна:

«Калі пачаліся гэтыя падзеі, я далучыўся да самаабароны, каб ваяваць з расейскай агрэсіяй. На жаль, паколькі беларусы дазволілі акупаваць сваю краіну, туды зайшлі расейскія войскі. Беларусь на гэты момант цалкам залежыць ад Украіны: калі не выстаіць Украіна, Беларусі не будзе».

Дзяніс падкрэслівае, што толькі перамога Украіны ў вайне дасць шанец беларусам зрабіцца незалежнымі. Цяпер любыя пратэсты ў Беларусі будуць душыцца Расеяй:

«Таму цяпер нашае заданне – бараніць Украіну, падрыхтаваць і назапасіць сілы, каб вяртацца ў Беларусь вызваляць яе. Трэба разумець, што мірным шляхам мы нічога не зробім, перамога ўсё адно будзе за Украінай, увесь свет цяпер за Украінай. Я не думаю, што Пуцін знойдзе нейкую падтрымку ў іншых, ягоная дыктатура ляснецца ў хуткім часе. Пасля гэтага ў нас будзе магчымасць вызваляць Беларусь».

У гэты ж час беларускія добраахвотнікі прызнаюць: пасля расейскага ўварвання ва Украіну шмат хто з украінцаў пачаў варожа ставіцца да беларусаў. Звязана гэта найперш з тым, што з тэрыторыі Беларусі заходзяць варожыя войскі ды абстрэльваюцца ўкраінскія гарады. Беларускія жаўнеры разумеюць эмоцыі мясцовага насельніцтва, але заўважаюць, што далёка не ўсе жыхары Беларусі падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

«Лукашэнка стаўся прарасейскім не цяпер, не ўчора і не пазаўчора: Лукашэнка быў прарасейскі з самага пачатку сваёй улады. Гэта ўсе ведалі і бачылі, але нашай віны тут няма. Нашая беларуская нацыя заўсёды была саюзнай украінскай нацыі. Хто быў першы забіты на Майдане? Міхась Жызнеўскі, беларус. Мы ведаем каля 20 беларусаў, якія загінулі ў АТА, і яны не пайшлі ваяваць за Пуціна, яны пайшлі ваяваць за нашую Украіну. За нашую, бо яна наш саюзнік, бо мы саюзныя нацыі. Так заўсёды было», – адзначае добраахвотнік Альгерд.

Hавiны
Як генерал з Чарнігава дапамагае абстрэльваць Украіну. Або дзе нарадзіліся кіраўнікі беларускага Мінабароны
2022.03.06 04:44

Далёка не ўсе ўкраінцы пачалі лічыць беларусаў ворагамі. Добраахвотнік з Беларусі Воскар заўважае, што байцы-ўкраінцы вельмі прыязна ставяцца да іх:

«Знаходзячыся побач з украінскімі добраахвотнікамі, я магу сказаць, што да мяне ставяцца добра, мяне не лічаць здраднікам, дыверсантам. Мяне, наадварот, падтрымліваюць, гавораць, што мы малайцы, што нам потым дапамогуць. Шчыра кажучы, я на сабе не адчуваю нейкай варожасці з боку ўкраінцаў».

Крыніца: Беларускія добраахвотнікі Украіны / Facebook

Гэтыя словы пацвярджае і добраахвотнік Тромблі:

«Да нас ставяцца з павагаю, ніякай нянавісці няма. Няма такога, каб хтосьці казаў, што беларусы – здраднікі. Сярод украінскіх добраахвотнікаў я такога не чую».

Жаўнер падкрэслівае, што беларусы заслужылі добрае стаўленне з боку ўкраінцаў, бо нават пад пагрозамі рэпрэсіяў не баяцца выходзіць на антываенныя мітынгі:

«Лукашэнка ды ягоныя функцыянеры ніколі не лічыліся з воляю народу. Цяпер адбываюцца антываенныя мітынгі ў Беларусі, якія менавіта супраць вайны, супраць таго, каб беларуская тэрыторыя ўжывалася ў якасці плацдарму для баявых дзеянняў».

Акрамя гэтага, жаўнеры адзначаюць: цяпер беларусы масава едуць ва Украіну з-за мяжы, каб абараніць яе ад расейскай агрэсіі. Такіх асобаў было б яшчэ больш, калі б рэжым Лукашэнкі адкрыў межы.

Аналітыка
Што вядома пра страты Украіны і Расеі ў вайне?
2022.03.04 19:38

«Я не адчуваю ніякага комплексу віны, я адчуваю гонар за сваю нацыю. Гонар за нацыю, якая выходзіць на акцыі пратэсту ў Беларусі, не баіцца содняў, не баіцца арыштаў, нацыю, якая дапамагае змагацца з аўтаматам у руках украінскай нацыі, не баіцца памерці, бо толькі разам мы можам перамагчы. Нашыя краіны паяднаныя агульным лёсам, агульнаю гісторыяй і агульнаю бядою», – гаворыць Альгерд, які жыве ва Украіне ўжо 8 гадоў і лічыць яе сваім другім домам.

Крыніца: Беларускія добраахвотнікі Украіны / Facebook

Жаўнеры падкрэсліваюць: у выпадку наўпроставага ўдзелу арміі Беларусі ў вайне супраць Украіны яны будуць страляць у сваіх суайчыннікаў, бо для іх гэта будуць звычайныя лукашысты, а не браты-беларусы, якія ніколі не пагодзяцца напасці на свайго паўднёвага суседа.

Аналітыка
Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны
2022.03.05 18:08

ВК, belsat.eu

 

Стужка навінаў