Бізнесы сыходзяць і з Беларусі – спыняюць працу кампанія-суўладальніца «Лідскага піва» і мэблевы завод у Магілёве


Кампанія «Olvi PLC», часткай якой з’яўляецца «Лідскае піва», заявіла аб згортванні бізнесу ў Беларусі і спыненні экспарту ў Расею.

Кіраўніцтва кампаніі заявіла, што заробак 840 працаўнікам піўзаводу ў Лідзе пакуль будзе выплочвацца.

«Мы рэзка асуджаем напад Расеі на Украіну. Мы абавязаліся дзейнічаць адпаведна каштоўнасцям «Olvi», і гэта адзінае разумнае рашэнне дзеля забеспячэння этычнай працы», – так патлумачыў рашэнне кампаніі старшыня ўправы Пэнці Хакарайнэн.

Новыя інвестыцыі ў «Лідскае піва» спыняюцца з 6 сакавіка, а згортванне бізнесу ў Беларусі будзе ажыццяўляцца паступова. «Лідскае піва» – гэта пятая частка даходу ўсёй кампаніі «Olvi», якая таксама валодае броварамі ў Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Літве.

На долю Беларусі летась прыпадала каля чвэрці бізнес-аперацыяў «Olvi Group», 33 % абʼёму продажаў, 21 % чыстых продажаў і 24 % аперацыйнага прыбытку. Экспарт кампаніі з Фінляндыі і краін Балтыі ў Расею складаў каля 13,5 млн еўраў. Экспарт «Лідскага піва» ў Расею даваў каля чвэрці чыстай выручкі.

Спыняе працу завод «Mebelain», што месціцца ў свабоднай эканамічнай зоне Магілёва. Які лёс напаткае 800 супрацоўнікаў прадпрыемства − невядома.

Завод «Mebelain».
Фота: Mebelain

Прычыну спынення працы «Mebelain» патлумачыў на сваім сайце:

«Са шкадаваннем інфармуем вас аб часовым прыпыненні працы ЗТАА «Mebelain» у сувязі з шэрагам прычынаў, а менавіта: спыненнем паставак шэрагам замежных пастаўляльнікаў сыравіны і матэрыялаў, запасных частак і дэталяў, спыненнем збыту на адрас ІКЕА у поўным аб’ёме. У дадзеных умовах кіраўніцтвам групы SBA прынятае рашэнне аб вытворчым прастоі ЗТАА «Mebelain» з 06.03.2022 да змянення сітуацыі».

Агулам лясная і дрэваапрацоўчая гаспадарка Беларусі пад ударам. З аднаго боку, Еўразвяз абвесціў пра ўвядзенне санкцыяў супраць лясной галіны, адначасова ІКЕА заявіла аб спыненні супрацы.

5 сакавіка стала вядома, што беларускія прадпрыемствы больш не змогуць атрымліваць сертыфікаты найбуйнейшай у свеце міжнароднай сістэмы сертыфікацыі FSC. Рашэнне было прынятае па выніках расследавання, якое распачалося пасля падзеяў 2020 года. Набываць драўніну і вырабы з яе без гэтых сертыфікатаў пагодзіцца толькі вельмі абмежаванае кола кліентаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў