У Аляксандра Лукашэнкі і Нікола Пашыньяна ёсць шмат агульнага. Памылкі прэм’ер-міністра Арменіі могуць яго загубіць?

Арменія загразла ў палітычным крызісе. Частка вайскоўцаў і апазіцыя патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра. Урад на чале з прэмʼер-міністрам Ніколам Пашыньянам і парламенцкая большасць выступаюць супраць кіраўніцтва Генеральнага штаба Узброеных сіл Арменіі. Эксперты Freedom House папярэджваюць, што «беспарадкі ў Арменіі ставяць пад пагрозу з цяжкасцю выпрацаваны прагрэс і могуць наблізіць Арменію да аўтакратычных тэндэнцый, пераважаючых у суседніх краінах». Каму выгадная нестабільнасць і якія шляхі выхаду з крызісу бачаць эксперты і палітыкі? Каментуюць палітолагі Рубен Меграбян і Сцяпан Грыгаран, а таксама апазіцыйныя палітыкі: дэпутат партыі «Квітнеючая Арменія» Наіра Заграбян, адзін з лідараў партыі «Рашэнне грамадзяніна» Сурэн Саакян і сустаршыня «Еўрапейскай партыі Арменіі» Тыгран Хзмалян.

Ужо больш за тыдзень Арменія ахопленая палітычным крызісам. На вуліцы Ерэвана выйшлі як прыхільнікі, так і праціўнікі цяперашняга прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна. Апазіцыя нават разбіла намётавы гарадок і патрабуе адстаўкі кіраўніка ўраду.

Вайсковы пераварот, ці палітычны крызіс? Што адбываецца ў Арменіі

Першай іскрай стала падпісанне Пашыньянам яшчэ ў лістападзе пагаднення аб поўным спыненні ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху. У выніку непрызнаная рэспубліка, якую падтрымлівае Арменія, страціла кантроль над значнай часткай тэрыторый.

Наіра Заграбян, дэпутат Партыі «Квітнеючая Арменія»:

«Мог Нікол Пашыньян спыніць вайну. Было некалькі прапановаў, каб спыніць вайну. Самая галоўная прапанова была 19 кастрычніка, калі прэзідэнт Расеі сказаў, што ён прапануе прэм’ер-міністру Арменіі спыніць вайну. На гэта быў згодны Аліеў. Я хачу нагадаць, што 19 кастрычніка ахвяраў з нашага боку, армянскіх салдат, было ўсяго 723. Калі б ён пагадзіўся на гэта, горад Шушы застаўся б армянскім. Нікол Пашыньян не пайшоў на гэта. Ён пайшоў да канца. У выніку падпісаўшы акт аб капітуляцыі».

Вайна ў Нагорным Карабаху стала дэтанатарам і цяперашняга абвастрэння сітуацыі. У лютым Нікол Пашыньян у адказ на словы былога прэзідэнта Сержа Саргсяна аб тым, што армянскія вайскоўцы маглі б прымяніць «Іскандэры» у самым пачатку баявых дзеянняў, заявіў, што ракеты альбо «не выбухалі» зусім, альбо «выбухалі на 10%». На гэта тут жа адрэагаваў Генштаб Узброеных сіл краіны, армянская апазіцыя і Расея.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта РФ:

«Мы з трывогай назіраем за развіццём сітуацыі ў Арменіі. І лічым гэта выключна ўнутранай справай Арменіі – нашага вельмі важнага і блізкага саюзніка».

З Расеяй канфлікт доўга не падоўжыўся. Пашыньян пасля размовы з Пуціным прызнаў ілжывымі свае словы пра расейскіх «Іскандэраў» і падкрэсліў, што яго дэзынфармавалі. Але вырашыць унутрыпалітычны канфлікт так лёгка не атрымалася.

Супраць Пашыньяна выступіў кіраўнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Арменіі Анік Гаспаран і старэйшыя афіцэры арміі. Пашыньян запатрабаваў іх звальнення і накіраваў адпаведны дакумент на подпіс прэзідэнту краіны. Вайскоўцы ўсклалі адказнасць за паражэнне ў вайне супраць Азербайджана на Пашыньяна і запатрабавалі яго адстаўкі.

Як успыхнуў канфлікт 30 гадоў таму. Інтэрв’ю з лідарам карабахскага руху

Кіраўнік ураду назваў дзеянні вайскоўцаў «спробай перавароту». Сітуацыю ўскладніла і тое, што дакумент аб адстаўцы кіраўніка генштаба адмовіўся падпісаць прэзідэнт краіны.

Сцяпан Грыгаран, кіраўнік Цэнтру глабалізацыі і рэгіянальных даследаванняў, палітолаг:

«Я думаю, што прэзідэнт па Канстытуцыі павінен быў падпісаць адстаўку начальніка Генеральнага штаба. Толькі па адной прычыне – вайскоўцы не павінны ўмешвацца ва ўнутраную палітыку. Па армянскай канстытуцыі ваенныя павінны быць нейтральнымі ў стасунку да ўнутрыпалітычнай барацьбы».

Але апазіцыя сцвярджае: вайна – не адзіная памылка Пашыньяна. Прычым такой пазіцыі прытрымліваецца і тая частка праціўнікаў цяперашняга прэм’ера, якая не выступае за яго адстаўку.

Былы кіраўнік Азербайджана «Белсату»: Канфлікт у Карабаху гэта «падатак на незалежнасць»

Сурэн Саакян, сакратар выканаўчага органа партыі «Рашэнне грамадзяніна»:

«Мы не падтрымліваем павестку ні аднаго з існуючых палітычных полюсаў: адзін, які за Пашыньяна, іншы – за яго адстаўку. Таму што ні адна з гэтых павестак не вырашае тых праблем, якія сваёй моцай зваліліся на маленькую Арменію. На працягу гэтых трох гадоў не выкананая ні адна з рэвалюцыйных павестак таго часу».

Людзі абураюцца не з-за вайны, а з-за адсутнасці адказаў на свае пытанні, – пацвярджаюць палітолагі.

Сцяпан Грыгаран:

«Людзі патрабавалі пакарання за карупцыю, за злачынствы супраць грамадзян, за фальсіфікацыю выбараў. На жаль нічога з гэтага не зроблена. Незадаволенасць Ніколам Пашыньянам ідзе з-за яго кадравай палітыкі. І толькі на трэцім месцы стаіць паражэнне ў Карабахскай вайне. І гэта здавалася б дзіўна, не?»

На думку Грыгарана, вінаватай у пройгрышы лічаць больш Расею, чым цяперашняга прэм’ера. Расею вінавацяць у праблемах у Арменіі і некаторыя апазіцыянеры. Прычым сцвярджаюць, што Крамлю выгодная палітычная нестабільнасць унутры краіны.

Тыгран Хзмалян, сустаршыня Еўрапейскай партыі Арменіі:

«Пры ўсіх знешніх адрозненнях у паліцэйскага рэжыму Лукашэнкі ў Менску і так званага дэмакратычнага рэжыму Пашыньяна ёсць шмат агульнага. Гэта агульнае – Крэмль і Пуцін. Яны абодва залежаць ад яго і служаць яму. Развіццё сітуацыі – гэта кантраляваны хаос, які выклікае Крэмль. Тое, што я параўноўваю Пашыньяна з Лукашэнкам, можа камусьці здацца несур’ёзным, дзікім, няслушным. Успомнім, у Беларусі, я ўпэўнены, ніхто не забыўся, што Пашыньян – адзін з першых і нешматлікіх лідараў дзяржаваў, якія павіншавалі Лукашэнку ў жніўні 2020 году з так званым »абраннем», гэта значыць з тым, што зʼяўляецца ганьбай для рэжыму Лукашэнкі і няшчасцем для беларускага народа«.

Пры ўсім гэтым, па заяве экспертаў, большасць грамадзян краіны падтрымлівае цяперашняга лідара.

Арменія. Рэвалюцыя – гэта не страшна

Рубен Меграбян, Армянскі Інстытут міжнародных адносін і бяспекі (AIISA):

«Апошнія падзеі ў Ерэване, у прыватнасці два мітынгі, паказалі, што сімпатыі пераважнай большасці грамадства на баку дзеючага ўрада на чале з Пашыньянам, што і варта было чакаць. Асобы, якія пазіцыянуюцца у якасці апазіцыі – гэта адны і тыя ж старыя знаёмыя твары. Колькасць іх прыхільнікаў застаецца адной і той жа«.

Выхад з сітуацыі, якая склалася, палітыкі бачаць у правядзенні новых парламенцкіх выбараў, пра якія ўжо заявіў Пашыньян.

Тигран Хзмалян: Армения в своей стране – приживалка

Рубен Меграбян:

«Ёсць толькі адзін шлях выхаду – гэта дэмакратычны, палітычны, мірны выхад з сітуацыі, якая стварылася, шляхам волевыяўлення армянскага грамадства. Іншага шляху няма і быць не можа«.

Сцяпан Грыгаран:

«Радыкальная апазіцыя патрабуе адстаўкі Нікола Пашыньяна. Апошнім часам і ўмераная апазіцыя таксама гэтага патрабуе. Гэта значыць, апазіцыйныя сілы, якія так жорстка не патрабавалі, таксама пачалі патрабаваць. Урад так млява працуе, неактыўна. Таму нерадыкальныя палітычныя сілы таксама патрабуюць адстаўкі. У бліжэйшы час напружанне паміж грамадствам і Ніколам Пашыньянам будзе расці. Хоць усё роўна ў грамадстве ў яго будзе 30-40% падтрымкі. Заўсёды ў такі крызісны момант у парламенцкіх сістэмах ідуць на пазачарговыя выбары«.

Ажыццявіць гэтую задуму прэм’ер-міністру будзе няпроста. Для вырашэння крызісу спатрэбяцца не толькі выбары, але і рэформы, якіх пасля падзеяў 2018 года так чакаюць грамадзяне Арменіі.

Сюжэт Святланы Аўчаровай для праграмы «ПраСвет» 4 сакавіка 2021 году.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum; SPUTNIK / Reuters / Forum; Aleksiej Witwickі

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны