Колькі ў Віктара Лукашэнкі спецназу? Інтэрв'ю з Ігарам Тышкевічам


Адстаўка Віктара Лукашэнкі з пасады памочніка Аляксандра Лукашэнкі ў нацыянальнай бяспецы і новае прызначэнне ў Нацынальны алімпійскі камітэт не маюць вялікага значэння. Галоўнае ці застаўся ён кіраўніком Міжведамаснага савету спецыяльных падраздзяленняў? Ці магчымая змена ўлады ў Беларусі мірным шляхам? Што азначаюць іранскі ды казахскі варыянты палітычнай рэформы ў Беларусі? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Ігарам Тышкевічам, беларускім аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні.

Віктара Лукашэнку знялі з пасады памочніка ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, але ён атрымаў у падарунак званне генерал-маёра. Што гэта азначае? Ці губляе сваю моц Віктар Лукашэнка?

І адно і другое не азначае нічога, бо ў размовах пра Віктара Лукашэнку няма адказу на ключавое пытанне – ці сышоў ён з пасады Міжведамаснага савету спецыяльных падраздзяленняў. Гэта вельмі малавядомая, незалежная ад ведамаснага падпарадкавання каардынацыйная структура атрадаў спецназу. Яна была створаная на мяжы 2008–2009 гадоў. Яе ад пачатку ўзначальвае Віктар Лукашэнка. Спачатку на рэгулярных паседжаннях каардынацыйнай рады сустракаліся камандзіры атрадаў.

Віктар Лукашэнка ўзнагароджвае байцоў спецаддзелу “А” КДБ Рэспублікі Беларусь.
Фота: sb.by

Пасля структура была перафармаваная ў Міжведамасны савет спецыяльных падраздзяленняў. У прэсе вельмі мала згадак. Пра першы каардынацыйны савет пару разоў спрабавалі пісаць у часопісе Міністэрства абароны. Пасля гэтыя публікацыі, на маё здзіўленне, зніклі, таму што я на іх спасылаўся.

Апошні раз інфармацыя згадвалася ў інтэрв’ю Віктара Лукашэнкі ў «Беларусь сегодня» на пачатку 2020 года. Ён крышачку распавёў, чым займаецца структура.

Са словаў Віктара Лукашэнкі, гэта цэнтралізаваны падыход да ўзбраення і вайсковай падрыхтоўкі ды «слаживание отрядов спецназа». Паводле папярэдніх звестак, складаўся з ядра: службы бяспекі прэзідэнта, АСАМУ, то бок памежнага спецназу (дарэчы, вельмі цікавая сакрэтная арганізацыя), «Алмазу», САХРу. Да ядра дадаваліся: спецпрызначэнцы з Мар’інай Горкі, асобныя роты, якія раскіданыя па абласных цэнтрах, і аператыўнікі ААЦ (Аператыўна-аналітычны цэнтр). Гэта агульны сілавы блок.

Калі ацэньваць прыкладную колькасць гатовых байцоў, то гэта не менш за 2000 чалавек.

Паводле ўзроўню падрыхтоўкі, узбраення, устойлівасці да стрэсавай сітуацыі згаданыя байцы – на парадак вышэйшыя за афіцэра звычайнага мотастралковага падраздзялення.

Hавiны
Віктара Лукашэнку звольнілі з пасады ў званні генерал-маёра запасу
2021.03.01 18:17

Можа, генерал-маёру будзе прасцей кіраваць такім падраздзяленнем? Будзе мець большы аўтарытэт, бо дагэтуль ён быў капітанам, так?

У справе кіравання спецпрызначэнцамі Віктар Лукашэнка і так меў пэўны аўтарытэт. Ён яго не губляў, бо гэта структура напалову фармальная, а нефармальны аўтарытэт не залежыць ад колькасці зорачак на пагонах ці іх выгляду. Мне вельмі цікавы ў гэтым шуме акурат лёс Лукашэнкі і гэтага Міжведамаснага савету, бо калі ён адтуль не сышоў, то нічога кардынальна не змянілася.

Навошта была паказуха? Навошта яго прыбралі з пасады памочніка прэзідэнта? Каму гэта патрэбна? Гэта было патрабаванне Крамля, бо адбылося адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка вярнуўся з Сочы?

Я не думаю, што Нацыянальны алімпійскі камітэт – патрабаванне Крамля. Гэта магла быць проста звычайная інфармацыйная акцыя дзеля адцягнення ўвагі, гэта магла быць дэманстрацыя, пачатак PR-кампаніі кшталту «Аляксандр Лукашэнка не трымаецца за ўладу». Варыянтаў насамрэч багата. Пытанне не ў тым, як гэта ўспрымаць, пытанне – ці змянілася нешта па сутнасці. Пакуль што адказу на яго я не маю.

Hавiны
Віктар Лукашэнка ўзначаліў Нацыянальны алімпійскі камітэт
2021.02.26 11:55

На каго цяпер ставіць у сілавым блоку Аляксандр Лукашэнка? Ці застаецца галоўнай набліжанай фігурай старэйшы сын Віктар Лукашэнка? Ці прыярытэт змяняецца?

Давайце расставім кропкі па задачах. Калі мы бяром атрады спецназу, то гэта не тыя сілы, якія будуць ганяцца за дэманстрантамі. Часткова так, яны прыцягваліся ў жніўні, хутчэй за ўсё – праз камандзіраванне пэўных групаў байцоў. Цалкам сама сістэма задзеяная не была, такія сістэмы ствараюцца на выпадак узброеных правакацыяў, аналагічных данбаскаму сцэнару ва Украіне, калі захоплівалі горад Славянск. На сёння гэтая структура стаіць асобна. Яна можа быць задзеяная і стаць ключавым фактарам у выпадку, калі нешта здарыцца з самім Лукашэнкам.

Уявіце, што Лукашэнкі проста няма. І атачэнне пачынае высвятляць дачыненне, хто пераймае кіраўніцтва.

Альбо нейкія ўзброеныя правакацыі. Альбо спроба вонкавай правакацыі, незалежна, з Захаду ці Усходу. Такія структуры ствараюцца, каб страляць ва ўсе бакі. Прашу прабачэння за цынізм. Калі казаць пра вулічную палітыку альбо спробы прыдушыць масавыя пратэсты, то тут – зусім іншае. Тут акурат ідзе ніжэйшае звяно: АМАП, структуры МУС і больш прафесійныя байцы. Калі можна так казаць, у якасці маральнага падтрымання. Але пры абвастрэнні крызісу, зыходзячы з наяўнасці ў складзе контрвыведкі, групах аператыўна-пошукавай дзейнасці, яны могуць заняцца нейтралізацыяй найбольш актыўных праціўнікаў улады.

Аляксандр і Віктар Лукашэнкі ў берасцейскім гарнізоне памежных войскаў. 2 чэрвеня 2018.
Фота: president.gov.by

На гэтым тыдні была актывізацыя тэмы будавання партыяў у Беларусі. Напрыклад, «Белая Русь» можа стаць Партыяй народнага адзінства. Таксама Юрый Васкрасенскі заявіў, што будзе ствараць партыю «на основе вовремя остановившихся активистов протестов». Што азначаюць гэтыя рухі, хто імі кіруе?

Гэта лагічны працэс, які быў прагназаваны. Давайце згадаем нашумелае відэа Бабарыкі, якое было апублікаванае, калі сам палітык і банкір ужо сядзеў за кратамі. На выбарах мы не перамаглі, але будзем будаваць партыю.

Гэта разлік на будучую палітычную рэформу ў Беларусі, калі будзе ўзмоцненая роля палітычных партыяў.

Справа ў тым, што сёння само партыйнае будаўніцтва ў Беларусі, можна сказаць, не пачыналася. Рэформа, з аднаго боку, патрэбная, каб у пэўнай ступені даць выпуск пары для пратэставых настрояў, а з другога боку – гэта патрабаванне Масквы. Тут ёсць інтарэсы: а) атачэння Лукашэнкі, стварэння некалькіх палітычных праектаў, якія б перацягнулі на сябе рэальныя ўпадабанні людзей; б) інтарэс Расейскай Федэрацыі, якая настойвае на партыйным будаўніцтве, на стварэнні партыйнай сістэмы, бо ёй важна мець сваё структураванае крыло.

Улічваючы тое, што сёння ідзе поўнае зацісканне гаек у палітычнай сферы, натуральна, могуць стартаваць палітычныя праекты, што атрымалі адмашку і дазвол ад Адміністрацыі прэзідэнта, альбо тыя, хто мае «дах» у выглядзе Расейскай Федэрацыі. Бліжэй да восені магчымы старт і іншых праектаў.

Hавiны
Васкрасенскі cтварае сваю партыю. У ёй будуць пратэстоўцы, якія «своечасова спыніліся»
2021.03.03 20:28

Мы бачым, што палітычная рэформа будзе. Але рэальнага перадавання ўлады ці аперацыі «Пераемнік» чакаць не выпадае?

Навошта аперацыя «Пераемнік»? Ён можа нават сысці. Я схіляюся больш да такога варыянту, як казахскі альбо іранскі. Звярніце ўвагу на дзве рэчы. Па-першае, размова пра Усебеларускі народны сход як канстытуцыйны орган, які мусіць у будучыні глядзець на выкананне Канстытуцыі і займацца зменамі ў Канстытуцыю.

Тут вельмі важныя некалькі аспектаў. Першы: заявілі, што гэты орган будзе сталы, але пры гэтым на грамадскіх пачатках. Але калі мы маем сталы працоўны орган, патрэбныя структуры, якія стала працуюць: прэзідыум і г. д. У выніку, тыя, хто ў прэзідыуме, будуць кіраваць стратэгічнымі кірункамі развіцця Беларусі. Яны не будуць займацца тактыкай, бюджэтам і г. д.

Замежная палітыка, змена прыярытэтаў, змена Канстытуцыі – гэта ўсё мае праходзіць праз Усебеларускі народны сход.

Напрыклад, калі старшынём прэзідыуму будзе Лукашэнка, то да яго на ўзгадненне прыйдзе новы варыянт Канстытуцыі. Давайце, абыдземся без УНС. Рэальна сход прагаласуе супраць. Гэта казахскі варыянт. Другі варыянт, бліжэйшы да іранскага. Размова пра рэфармаванне і ўзмацненне Савету бяспекі.

Тут нават не трэба мяняць сістэму. Тут трэба проста зрабіць персанальнае прадстаўніцтва, не па пасадзе персанальнае, у Савеце бяспекі, што цяпер пачалося з КДБ, МУС і г. д. Зрабіць для адной асобна ўзятай персоны статус і зрабіць немагчымасць зняцця. А Савет бяспекі паводле цяперашніх нарматыўных актаў мае права займацца амаль усім. Вось другі варыянт.

ВІДЭА
Хітры план Лукашэнкі. Перадачы ўлады не будзе?
2021.03.05 12:58

З’явіўся даклад аб свабодзе «Freedom House», дзе Беларусь заняла месца паміж Узбекістанам, Еменам і сектарам Газа, што нас абсалютна не суцяшае. У адным з радкоў гэтай справаздачы эксперты пішуць, што змена ўлады мірным шляхам у Беларусі не магчымая. Ці пагаджаецеся вы з высновамі экспертаў?

Давайце раздзелім, што мы маем на ўвазе пад зменай улады. Змена ўлады ці змена сістэмы? Гэта дзве розныя рэчы. Калі мы проста гаворым пра змену ўлады, то можна паставіць Лукашэнку, але больш маладога, у тую ж самую сістэму. У такім выпадку палітычна няўгодныя людзі ў Беларусь не вернуцца пры ягоным жыцці, бо, банальна, малады Лукашэнка больш пражыве.

Другая рэч – гэта змена сістэмы. Паступовая трансфармацыя сістэмы ў Беларусі будзе незалежна ад таго, хоча гэтага Лукашэнка ці не. Нават з той прычыны, што ядро пратэставых настрояў сёння – гэта прыкладна мільён насельніцтва. Мільён на дзевяць з паловай мільёнаў насельніцтва – гэта вельмі шмат.

Дзяржава альбо трансфармуе палітычную сістэму, альбо развальваецца. Трэцяга не дадзена!

Таму калі казаць пра хуткія персанальныя змены менавіта ўлады, то мірным шляхам – не. Калі казаць пра трансфармацыю сістэмы і змены на пэўным моманце персаналіяў праз кампрамісы альбо праз ціск, то адназначна – так.

Пытанне – хто чаго хоча. Для таго, хто хоча зрабіцца новым Лукашэнкам, гэта кепскія навіны. Для таго, хто хоча зменаў палітычнай сістэмы Беларусі, гэта, магчыма, неблагія навіны.

Інтэрв’ю запісалі для праграмы «ПраСвет» 4 сакавіка 2021 г.

Стужка навінаў