Да палітзняволенай Наталлі Хершэ зноў не даходзілі лісты. Яна абвесціла другое галадаванне


Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Палітзняволеная Наталля Хершэ, якую пасадзілі за сарваную з амапаўца балаклаву, пачала другое галадаванне. Пра гэта «Белсату» паведаміў ейны брат Генадзь.

Нядаўна Наталлю Хершэ перавялі гомельскую папраўчую калонію № 4, але ейным сваякам, як таго патрабуе закон, цягам трох дзён пра тое не паведамілі. Інфармацыю пра этап яны атрымалі толькі ад праваабарончага цэнтру «Вясна».

Таксама да грамадзянкі Швейцарыі не даходзілі лісты. Праз гэта 22 лютага яна адмовілася ад харчавання. Ці спыніла палітзняволеная галадаванне, невядома.

Гэта ўжо другое галадаванне Хершэ. У студзені яна таксама адмовілася ад харчавання праз недаходжанне карэспандэнцыі. У выніку яе перавялі ў камеру з лепшымі ўмовамі, куды цягам трох дзён прыйшло 38 лістоў.

Hавiны
Палітзняволеная Хершэ галадоўкай палепшыла свае ўмовы ў вязніцы
2021.01.22 16:53

Наталля Хершэ нарадзілася ў Беларусі, але апошнія 12 гадоў жыла ў Швейцарыі. На жаночым маршы 19 верасня яна сарвала з амапаўца Сяргей Кончыка балаклаву. Суд прызнаў яе вінаватай паводле ч. 2 арт 363 Крымінальнага кодэксу («Cупраціў працаўніку органаў унутраных спраў, які ахоўвае грамадскі парадак, з ужыткам гвалту ці пагрозай ягонага ўжытку») ды пакараў Br 1000 штрафу, 2,5 гадамі калоніі, а таксама пастанавіў забраць і знішчыць БЧБ-сцяг, які ў жанчыны адабралі пры затрыманні.

Пісаць Наталлі Хершэ можна на адрас ПК (папраўчая калонія) №4 246035 ГОМЕЛЬ вул. Антошкiна. 3.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў