«Будзем патрабаваць увядзення санкцый супраць Лукашэнкі» – украінскія дэпутаты ў Кіеве абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі


5 сакавіка ў Кіеве ў Музеі Рэвалюцыі Годнасці прайшоў круглы стол салідарнасці з беларускім народам «Не – рэпрэсіям! Так – свабодзе!». Яго ўдзельнікі абмеркавалі сітуацыю ў суседняй краіне, магчымасці ўплыву на вызваленне палітычных зняволеных і беларускіх журналістаў.

Круглы стол салідарнасці з беларускім народам у Кіеве 5 сакавіка.
Фота: Белсат

Сярод удзельнікаў былі ўкраінскія народныя дэпутаты Аляксей Ганчарэнка, Саломія Баброўская, Юлія Кліменка, намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі, першы сакратар Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Ліна Кушч, аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч і беларуская грамадская актывістка Іна Зайцава.

Абмяркоўваючы канкрэтныя крокі з боку Украіны ў знак салідарнасці з Беларуссю, кіраўнік міжфракцыйнага парламенцкага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка паведаміў пра магчымасць увядзення санкцый з боку Украіны ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў.

– Нашае абʼяднанне зрабіла зварот на імя прэзідэнта з нагоды таго, што трэба ўводзіць такія санкцыі. Сёння я атрымаў адказ. Гэты адказ – папярэдні, але, я спадзяюся, што за гэтым будзе канкрэтны вынік. Усе гэтыя прозвішчы, якія ёсць у еўрапейскіх санкцыях, некалькі пакетаў, гэта накіравана ў Раду нацбяспекі і абароны Украіны, і ўжо там разглядаецца. Мы спадзяемся, што за гэтым разглядам будуць канкрэтныя крокі, будзем гэтага патрабаваць – увядзення санкцый супраць лукашэнкаўскай камарыллі, якая знішчае ўласны народ, – паведаміў Аляксей Ганчарэнка.

Іна Зайцава, вядомая як БЧБ-нявеста, выступаючы, агучыла шэраг бюракратычных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ва Украіне. Аляксей Ганчарэнка паабяцаў ужо ў бліжэйшы час вырашыць іх на ўзроўні парламента.

Марш герояў
Іна Зайцава.
Фота: ІА / Белсат

МС/ІР belsat.eu

Стужка навінаў