210 дзён пратэстаў. Палітвязні абвяшчаюць галадаванне, Акрэсціна стане музеем


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 210 дзён. Беларусы пратэстуюць супраць фальсіфікацыяў, гвалту сілавікоў і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. Чым адметны сённяшні дзень – у аглядзе «Белсату».

Акрэсціна стане музеем

Падчас наведвання музею Алжубе ў Партугаліі Святлана Ціханоўская заявіла, што ў новай Беларусі ізалятар на Акрэсціна, як і турма Алжубэ, таксама стане музеем – музеем супраціву і свабоды.

Святлана Ціханоўская ў музеі ў Алжубэ.
Фота: t.me/tsikhanouskaya

У Алжубэ ў зняволенні з 1926 да 1965 гадоў рэжым Партугаліі ўтрымліваў каля 50 тысячаў палітычных зняволеных. У палітвязняў не было камунікацыі з роднымі і блізкімі, яны сядзелі ў цесных камерах, зазнавалі гвалт і жорсткае стаўленне. Ціханоўская адзначыла, што ўсё гэта адбываецца ў Беларусі цяпер.

«Памяць пра палітвязняў, іх пакуты і ўсё, праз што яны прайшлі, назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі».

Hавiны
«Акрэсціна таксама стане музеем». Святлана Ціханоўская наведала былую турму ў Партугаліі
2021.03.06 18:45

Галадаванне на знак пратэсту

Палітзняволеная Наталля Хершэ, якую пасадзілі за сарваную з амапаўца балаклаву, пачала другое галадаванне. Пра гэта «Белсату» паведаміў ейны брат Генадзь.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Нядаўна Наталлю Хершэ перавялі ў гомельскую папраўчую калонію № 4, але ейным сваякам, як таго патрабуе закон, цягам трох дзён пра тое не паведамілі. Інфармацыю пра этап яны атрымалі толькі ад праваабарончага цэнтру «Вясна».

Таксама да грамадзянкі Швейцарыі не даходзілі лісты. Праз гэта 22 лютага яна адмовілася ад харчавання. Ці спыніла палітзняволеная галадаванне, невядома.

Hавiны
Да палітзняволенай Наталлі Хершэ зноў не даходзілі лісты. Яна абвесціла другое галадаванне
2021.03.06 09:01

З серады вязень Ігар Банцэр абвесціў сухое галадаванне, адмовіўся і ад ежы, і ад вады, каб апратэставаць абвінавачанне.

«Справядлівасці няма» – было напісана на плакаце актывіста ў першы судовы дзень. Тады ж Ігар Банцэр упаў, нібы знепрытомнеў. На другім паседжанні некалькі разоў звяртаў увагу на сваё пачуванне.

«Страта вадкасці можа адбывацца праз дыханне, праз скуру. І пры непаступленні новае вадкасці ў арганізм чалавек можа пратрываць не больш за тыдзень», – распавядае лекар Уладзімір Пруднікаў.

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка. Яму пагражае ад штрафу да трох гадоў зняволення за танец галяком перад аўтам міліцыянтаў, выкананы 5 верасня.

Ігар Банцэр.
Фота: Белсат

Ціск на вязняў

Палітвязня Міколу Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік у менскім СІЗА № 1 на Валадарскага, піша ягоны тэлеграм-канал.

Мікола Дзядок.
Фота: racyja.com

Гэткае рашэнне прыняла адмысловая камісія пад кіраўніцтвам начальніка СІЗА – Цэдрыка А. Фармальнай нагодай стала «схільнасць» Міколы Дзядка да гвалту ў дачыненні працаўнікоў адміністрацыі і захопу закладнікаў, а таксама да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў.

Цяпер пры выхадах з камеры, а таксама падчас ранішняй і вечаровай праверак на руках анархіста зашпільваюць кайданкі.

Сведка забойства Генадзя Шутава Аляксандр Кардзюкоў у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Сястра Аляксандра Кардзюкова 4 сакавіка наведала свайго брата ў берасцейскім СІЗА № 7 і даведалася, што замест ч. 2 арт. 363 («Супраціў працаўніку міліцыі») яму запісалі арт. 364 («Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі»). Пра гэта Марына Кардзюкова распавяла карэспандэнту «Белсату».

«А гэта значыць, што Аляксандра паставілі на ўлік, і цяпер усюды яго водзяць у кайданках, а на ложку вісіць таблічка, што быццам ён асабліва небяспечны злачынец. Мы не разумеем, на якім этапе падобнае адбылося, але Аляксандр напісаў скаргу на імя начальніка СІЗА. Агулам ён трымаецца добра», – распавяла «Белсату» сястра Кардзюкова Марына.

Hавiны
Аляксандру Кардзюкову, якога асудзілі на 10 гадоў, у СІЗА змянілі крымінальны артыкул
2021.03.06 19:41

Крымінальная справа не перашкодзіць «ByPol»

Генеральная пракуратура абвінаваціла былога пракурорскага працаўніка Алега Талерчыка, следчага Ігара Лобана, а таксама іншых сябраў ініцыятывы «ByPol» у распальванні сацыяльнай варажнечы паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы»).

«Завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні сябраў ініцыятывы «ByPol» – гэта чарговы доказ некампетэнтнасці пракуратуры і спроба ціску на свабоду слова. Але ініцыятыва працягне працаваць у штатным рэжыме. Калі яны думаюць, што такім чынам здольныя зрабіць на нас нейкі ціск, то яны памыляюцца. Мы як працавалі, гэтак і працягнем працаваць», – сказаў «Белсату» Ігар Лобан, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol».

Hавiны
«Будзем патрабаваць увядзення санкцый супраць Лукашэнкі» – украінскія дэпутаты ў Кіеве абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
2021.03.06 17:17

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў