«Цынічна раскідаў металічныя прадметы тыпу «Ёж». Чарговы ператрус у журналіста Анатоля Гатоўчыца


Увечары 5 лютага міліцыянты прыйшлі з ператрусам да гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца. Летась у журналіста былі два ператрусы і затрыманні, піша «Народная воля».

Анатоль Гатоўчыц.
Фота: Народная воля

Да журналіста прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Чыгуначнага РАУСу – Алег Федзяй, Станіслаў Лукаўцоў. У пастанове на ператрус не было санкцыі пракурора гораду.

«Мы паведамім пракурору пазней, бо сёння субота, пракуратура не працуе», – тлумачылі міліцыянты.

У адказ на пытанне журналіста пра прычыну ператрусу міліцыянты запыталіся, ці ёсць у доме бел-чырвона-белыя сцягі. Потым маёр Федзяй патлумачыў, што 3 лютага а 20 гадзіне каля ўпраўлення ДАІ на вуліцы Федзюнінскага нехта раскідаў металічныя шыпы, і ёсць падставы лічыць, што гэта мог быць Анатоль Гатоўчыц.

У пастанове на ператрус было пазначана, што зламыснік, «дзейнічаючы з выключным цынізмам, раскідаў 48 канструкцыяў тыпу «Ёж».

«Я стаў пытацца ў маёра, – распавядае Анатоль Гатоўчыц, – павінны ж быць нейкія факты, каб падазраваць? Федзяй без усялякага вагання заявіў, што ёсць фотаздымак, праўда, не надта выразны, камплекцыя нібыта адпавядае маёй. Цікаўлюся: «Ну, а вопратка на «цыніку» якая на тым здымку»? Маёр паглядзеў на зімовую куртку, якая вісела ў вітальні, і кажа: «Во, падобная на вашу». Адказваю старэйшаму афіцэру, што ў гэтай куртцы я хаджу толькі ў выходныя, а на будні дзень у мяне зусім іншая».

Hавiны
Перад прысудам у «справе Ціханоўскага» затрымалі журналіста Гатоўчыца, аштрафавалі на Br 580
2021.12.14 18:03

Журналіст зазначае, што ад ягонага дому ў цэнтры гораду да будынку ДАІ як найменей шэсць кіламетраў – дзяржінспекцыя знаходзіцца на паўночнай ускраіне Гомля. Гатоўчыц таксама дадаў, што міліцыянт стараўся гаварыць па-беларуску, праўда, «нёс нейкую бязглуздзіцу: А гдзе вы былі ў жніўні, кагда нас, міліцыянераў, жглі на плошчы Леніна?»

Пасля ператрусу міліцыянты апыталі Анатоля Гатоўчыца, які патлумачыў, што 3 лютага ўвечары быў удома і ніякім чынам не мог знаходзіцца каля ДАІ.

Ператрус доўжыўся каля гадзіны і скончыўся блізу 17.00. Нічога падазронага не знайшлі не забралі. Аднак жонцы спадара Анатоля Марыі, таксама журналістцы, давялося выклікаць хуткую медычную дапамогу.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў