«Усе зрухі ў нашым грамадстве пачаліся з ByCovid-19». Выстава фотагісторый валанцёраў у Бабруйску


Амаль год прайшоў з моманту стварэння ў Беларусі ці не самага маштабнага валанцёрскага руху за ўсю гісторыю краіны – ByCovid-19. Самыя розныя людзі тады прыйшлі на дапамогу медыкам, якім не хапала элементарнага – ахоўных масак, антысептыкаў і т.п. Найчасцей гэтыя людзі заставаліся «нябачнымі анёламі» – яны рабілі сваю працу, але іх імёнаў ніхто не ведаў. Змянялі сітуацыю і ў Бабруйску. Каманда актывістаў сабрала гісторыі мясцовых валанцёраў і зрабіла з іх выставу.

«Адчуваць сябе патрэбным – вельмі важна для нас усіх»

Найстарэйшай бабруйскай валанцёрцы ByCovid-19 Ганне Пановай – 79 гадоў. Па адной са сваіх трох адукацый спадарыня Ганна – швачка. Таму, калі з’явілася патрэба ў людзях, якія маглі б шыць ахоўныя камбінезоны, халаты, касцюмы для медыкаў, пенсіянерка з радасцю далучылася. Пра валанцёрскі рух спадарыня Ганна даведалася на занятках «Акадэміі 50+» – нефармальных курсах для сталых людзей, якія жанчына актыўна наведвала.

Ганна Панова.
Фота: Ала Сказава
Ганна Панова.
Фота: Ала Сказава

– Я рабіла гэта з задавальненнем, – кажа Ганна Панова пра свой валанцёрскі досвед. – Я ж на пенсіі, у хаце ўжо ўсё перарабіла, тэлевізар амаль не гляджу. Таму часу ў мяне шмат. А што з ім рабіць? А дзякуючы валанцёрству, мой час быў запоўнены. А калі час запоўнены, гэта значыць, што ты жывеш, ты некаму патрэбны. Адчуваць сябе патрэбным – вельмі важна для нас усіх.

Людміла Дудузава – яшчэ адна валанцёрка з Бабруйску, якая ламае стэрэатыпы пра пенсіянераў. Спадарыня Людміла – таксама, як Ганна Панова – студэнтка «Акадэміі 50+», а яшчэ – актыўная ўдзельніца розных дабрачынных акцый.

Спадарыня Людміла працавала электрамеханікам на тэлефоннай станцыі. Калі выйшла на пенсію, прысвяціла сябе творчасці – дома рэстаўравала мэблю, стала шмат шыць. У рамках ByCovid-19 краіла і адшывала халаты і баваўняныя касцюмы для медыкаў.

Людміла Дудузава.
Фота: Ала Сказава

– Я не магла рабіць шмат – увесну больш часу праводзіла дома, бо я баюся заразіцца каронавірусам – з маімі захворваннямі я знаходжуся ў групе падвышанай рызыкі, – распавядае спадарыня Людміла. – Але адначасова я не магла заставацца ў баку, таму радавалася, калі мне прывозілі матэрыялы, і я магла шыць.

«Не хачу быць пакаленнем «да» – даношваць, дажываць»

У ByCovid-19 Людмілу Дудузаву найбольш уразіла салідарнасць.

– Мяне здзіўляла і натхняла, што мы такія файныя і можам сабрацца і такую важную справу зрабіць разам. Здаецца, мы і самі раней гэтага не ведалі. 2020 год паказаў нам, як шмат мы можам разам, – дзеліцца валанцёрка ўражаннямі ад ўдзелу ў ByCovid-19.

Hавiны
Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж
2020.04.17 08:00

Спадарыня Людміла падкрэслівае, што не хоча быць пакаланнем «да», якім становяцца шмат якія беларусы, калі выходзяць на пенсію.

– Ведаеце, як часта кажуць – навошта мне новыя туфлі – я ў гэты дахажу? Навошта мне новая сукенка – я гэтую данашу? – пытаецца жанчына. – Я так не хачу – ні даходжваць, ні даношваць, ні дажываць. Хачу хадзіць, насіць, жыць. І калі я чую, як нехта кажа – ну куды ўжо мне, бо мне ўжо 50, я адказваю – а мне – усяго 62.

«Хачу стаць сумленнай суддзёй, бо Беларусі гэта патрэбна»

Самай малодшай валанцёрцы ByCovid-19 з Бабруйску, Насце Каваленцы – 16 гадоў. Хоць шмат хто з удзельнікаў распавядаў, што і зусім маленькія дзеці дапамагалі ім краіць і шыць.

Наста далучылася да руху, гледзячы на сваю маму Юлію Саковіч – каардынатарку ByCovid-19 у Бабруйску.

– Мне адразу спадабалася гэтая ідэя падтрымкі медыкаў, і я стала дапамагаць маме – мы разам краілі, шылі – камбінезоны, халаты, маскі, – распавядае Наста. – Я радавалася, што маю дачыненне да такой велічнай справы. Я пакуль не зарабляю, і не магу дапамагчы грашыма, але сваёй працай – так.

Даведка

Для Насты ByCovid-19 – не адзіны валанцёрскі досвед. Разам з аднакласнікамі яна часта ходзіць у прытулак для жывёлаў, гуляе там з сабакамі, з мамай – дапамагае грамадскай арганізацыі, якая працуе з бяздомнымі людзьмі.

Дзяўчына вучыцца ў 11 класе бабруйскай гімназіі №3. Пасля сканчэння школы дзяўчына марыць паступіць на юрыдычны факультэт і стаць «сумленнай суддзёй».

– Бо Беларусі патрэбныя сумленныя суддзі, – тлумачыць сваё рашэнне Наста. – Мне вельмі сумна, калі я чытаю, як у нас цяпер выносяцца прысуды, і мне шчыра хочацца нешта змяніць. Я лічу, што ў любых умовах можна заставацца сумленным. У скрайнім выпадку лепш сысці, чым прадацца і хлусіць.

Наста Каваланка з мамай Юліяй Саковіч.
Фота: Ала Сказава

Разам беларусы могуць зрабіць што заўгодна

Дзяніс Носаў – вядомы ў Бабруйску журналіст і стваральнік і вядоўца інтэлектуальных гульняў. Далучыўся да валанцёрскага руху, як толькі з’явілася патрэба – збіраў ахоўныя экраны на твар, развозіў дапамогу па лякарнях ня толькі Бабруйску, але і суседні гарадоў.

– Медыкі нас тады сустракалі з абдымкамі, вельмі радаваліся, але мне падавалася, што радасць гэтая была сарамлівай, – узгадвае Дзяніс. – На жаль, часам было не так проста дапамагаць, бо недзе медыкі баяліся прымаць, недзе кіраўніцтва забараняла.

Даведка

Па словах валанцёра, галоўнай высновай ад ByCovid-19 для яго стала разуменне, што беларусы разам могуць зрабіць што заўгодна.

– Гэты рух паказаў, як шмат народу можа вось так узяць і пачаць пахаць на нейкую агульную справу, проста за ідэю. І не проста пахаць, а яшчэ і самаарганізавацца, і стварыць механізм, які цудоўна працуе, – кажа журналіст. – Я ўпэўнены, усе зрухі мінулага года ў нашым грамадстве пачаліся з ByCovid. Мы здолелі зрабіць і ўбачылі, што мы – самадастатковы народ.

«Было б больш валанцёраў, калі бы людзі не баяліся выйсці ва ўласны двор»

На думку Дзяніса, працы для валанцёраў што ў Бабруйску, што ў Беларусі, хапае. Прычым, падкрэслівае бабруйчанін, можна знайсці шмат кірункаў, якімі ніхто не займаецца – нешта, акрамя такой «класікі жанру», як дапамога жывёлам і бяздомны людзям.

– Больш людзей валанцёрылі б, калі б маглі спакайней пра гэта думаць, не азірацца заўсёды па баках, і калі б не баяліся лішні раз выйсці ва ўласны двор тыя ж дрэўцы падвязаць, – зазначае Дзяніс.

Валанцёр і журналіст не ўяўляе жыцця без сваёй колі Дзіны.

– Яна з’явілася ў мяне шэсць гадоў таму, і стала больш, чым сябрам – родным дзіцём, – распавядае пра свайго гадаванца Дзяніс. – Я заўсёды ведаў, што жывёлы – тыя ж людзі, толькі што словамі не гавораць. Цяпер я ў гэтым пераконваюся штодня. Я не магу сабе ўявіць сябе без маёй Дзінкі. Мы з ёй – працяг адно аднаго.

Дзяніс Носаў.
Фота: Ала Сказава
  • Аўтары выставы фотагісторый бабруйскіх валанцёраў ByCovid-19 «Яны ратавалі свой горад ад пандэміі» – выпускніцы праграмы культурнага абмену паміж Беларуссю і ЗША «Community connections» – гарадская актывістка, прадпрымальніца, стваральніца тайм-клуба «1387» Наталля Халанская і журналістка Марына Маўчанава. Разам з дзяўчынамі над праектам працавала каардынатарка руху ByCovid-19 у Бабруйску Юлія Саковіч. Фатограф – Ала Сказава.
  • Выставу можна паглядзець да 1 красавіка па адрасе: г.Бабруйск, вул.Чангарская, 54, тайм-клуб «1387». Уваход вольны. Таксама гісторыі і фотаздымкі валанцёраў сабраныя тут.

Ганна Ганчар, фота Ала Сказава belsat.eu

Стужка навінаў