Святлана Ціханоўская і амбасадарка ЗША Джулі Фішэр усклалі вянкі на магіле Каліноўскага


Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская ўсклалі вянкі да месца пахавання героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў Вільні. Такім чынам палітык і дыпламат адзначылі міжнародны Дзень салідарнасці з Беларуссю, паведамляе Telegram-канал Святланы Ціханоўскай.

Цягам апошніх дзён Джулі Фішэр, якую прызначылі на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі, знаходзіцца ў Вільні. Тут дыпламат сустрэлася з Святланай Ціханоўскай, прадстаўнікамі яе Офісу, Кабінету прадстаўнікоў, а таксама шэрагу беларускіх ініцыятываў і арганізацыяў. Сёння разам з Святланай Ціханоўскай Джулі Фішэр усклала кветкі да месца пахавання Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў Вільні.

Святлана Ціханоўская і Джулі Фішэр на магіле Каліноўскага.
Фота: https://t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская і Джулі Фішэр на магіле Каліноўскага.
Фота: https://t.me/tsikhanouskaya

«Гэты тыдзень сапраўды можна назваць тыднем герояў Беларусі: 2 лютага быў дзень народзінаў Каліноўскага, 4 лютага – дзень народзінаў Касцюшкі. Аднак галоўныя героі сучаснай Беларусі – гэта тыя, хто сядзяць у турмах за свае погляды. Тыя, хто выходзіць на вуліцы. Тыя, хто ахвяруе сабой кожны дзень за свабоду. Сёння мы ўшаноўваем Каліноўскага, і ў нашых думках кожны, хто працягвае змагацца за свабодную Беларусь», – сказала Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Джулі Фішэр, прызначаная амбасадаркай ЗША ў Беларусь, наведала «Белсат»
2021.02.03 20:58

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў