Мэркель паабяцала новыя санкцыі ў адказ на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі


Нямеччына і Еўразвяз будуць прыцягваць да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта заявіла канцлерка Ангела Мэркель у сваім выступе з назвай «Салідарнасць з жанчынамі ды мужчынамі Беларусі».

«Нямеччына і Еўрапейскі звяз і надалей будуць прыцягваць да адказу вінаватых у бесперапынных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, як мы гэта ўжо зрабілі прыняццем санкцыяў ЕЗ», – сказала яна.

Мэркель падкрэсліла, што ані Нямеччына, ані Еўразвяз не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года, бо яны не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі, ні празрыстымі».

Канцлер выказала салідарнасць з удзельнікамі акцый пратэсту «супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, за палітычныя змены і глыбокія пераўтварэнні ў іх краіне». Пры гэтым яна падкрэсліла, што «дзяржаўнае кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Лукашэнкам ведае толькі адзін адказ на мірныя дэманстрацыі – гвалт».

«Разлік уладаў, як здаецца, заключаецца ў надзеі, што свет хутка зноў забудзе гэтых адважных людзей. Мы не павінны гэтага ні ў якім разе дапусціць», – дадала яна.

Мэркель заклікала дзейныя ўлады Беларусі неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітычных зняволеных, «паважаць, нарэшце, права грамадзян на свабоду выказвання меркавання».

Яна нагадала, што Нямеччына прыняла план падтрымання грамадзянскай супольнасці Беларусі, у рамках якога спрашчаюцца правілы атрымання візаў, прадугледжаныя стыпендыі і падтрыманне незалежных медыяў. Канцлер прызнала, што «гэта не вырашыць канфлікту паміж законнасцю і прыгнётам у Беларусі», бо гэта немагчыма звонку. Але, падкрэсліла Мэркель, «гэта паказвае адважным людзям там, што мы [Нямеччына. – Рэд. Belsat.eu] падтрымліваем і чуем іх голас».

Hавiны
«Вы разумееце, што гэта вайна?» Як на гарадзенскіх прадпрыемствах праваліўся збор подпісаў супраць санкцыяў
2021.02.05 21:08

Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі збірае подпісы пад скаргай у Міжнародную арганізацыю працы. У дакуменце выказваецца нязгода з увядзеннем ЕЗ эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі.

Але тым працаўнікам, якія адмаўляюцца падпісваць праўладны зварот, пагражаюць праблемамі, пазбаўленнем прэміі ды пуцёвак. Пакуль толькі на словах. Але многія ўсё роўна адмаўляюцца ставіць свой подпіс.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў