Дырэктар Інстытуту гісторыі НАН: Бел-чырвона-белы сцяг не вінаваты ў тым, хто яго выкарыстоўваў


Вадзім Лакіза.
Фота: Минск-Новости

Дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза выступае супраць таго, каб бел-чырвона-белы сцяг прызналі экстрэмісцкім праз тое, што яго ў часы Другой сусветнай вайны выкарыстоўвалі калабаранты. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

«Так, бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся калабарацыяністамі – гэта прызнаюць усе. Гэты сцяг быў дзяржаўным у Рэспубліцы Беларусь – гэта таксама важны факт. Сцяг не вінаваты ў тым, хто яго выкарыстоўваў. А выкарыстоўвалі канкрэтныя людзі», – заявіў Лакіза, які адзіны з гісторыкаў увайшоў у склад Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ці адсутнасці ў ёй прыкметаў экстрэмізму.

Ён падкрэсліў, што ніякіх рашэнняў адносна нацыянальнага сцяга пакуль не прынята.

«Гісторыя павінна выкарыстоўвацца ў нацыянальных інтарэсах дзяржавы, працаваць на аб’яднанне грамадства. І я заўсёды выступаў і выступаю за гэта», – адзначыў Лакіза.

Ён дадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны мела месца выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў на публічных мерапрыемствах з прапагандысцкімі мэтамі з ініцыятывы калабаранцкіх арганізацыяў, але не выяўлена дакументаў аб афіцыйным дазволе германскімі акупацыйнымі ўладамі аб выкарыстанні БЧБ-сцягоў.

Hавiны
«Ці рваць архіўныя фота, каб не расстралялі?» Лыжнік Далідовіч пракаментаваў ідэю забараніць БЧБ
2021.01.30 12:22

Нагадаем, 29 студзеня з’явілася інфармацыя пра тое, што Генпракуратура Беларусі збіраецца прызнаць экстрэмісцкім бел-чырвона-белы сцяг. Для такога рашэння хапіла калектыўнага звароту, пад якім падпісаліся «больш за сотню грамадзянаў». Яго аўтары просяць прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг, «які ў гады вайны стаў сімвалам зверстваў на беларускай зямлі», да экстрэмісцкай сімволікі.

Такая ініцыятыва ўладаў сустрэла адпор у беларусаў: у гэты ж дзень была створаная петыцыя супраць прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім, якую праз некалькі дзён падпісалі больш за 100 тыс. чалавек.

Раней бел-чырвона-белы сцяг называў фашысцкім Аляксандр Лукашэнка:

– Мы прыбяром гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства. Зробім гэта прыгожа і перш за ўсё растлумачваючы, убіваючы ў галаву людзям, што гэта нельга рабіць, – паабяцаў ён у лістападзе мінулага года падчас сустрэчы з працаўнікамі «Гомсельмашу».

Hавiны
«Канчатковы прысуд чырвона-зялёнаму сцягу». Палітычныя аглядальнікі ацанілі спробы забараніць БЧБ-сімволіку
2021.01.30 09:48

МГ belsat.eu

Стужка навінаў