З бібліятэк прыбіраюць кнігу пра Скарыну. У чым правініўся беларускі першадрукар?


З фондаў некаторых беларускіх бібліятэк прыбіраюць манаграфію вядомага чэшскага скарыназнаўцы Іллі Лямешкіна «Партрэт Францыска Скарыны. Да 550-годдзя з дня нараджэння кнігавыдаўцы (1470-2020)». Пра гэта на ўмовах ананімнасці паведаміў «Белсату» адзін з супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы. Разбіраемся, ці праўда гэта і з якой прычыны пад забарону трапіла навуковая праца пра беларускага асветніка і гуманіста.

Францыск Скарына. Выява з манаграфіі «Портрет Франциска Скорины. К 550-летию со дня рождения книгоиздателя (1470–2020)»

Манаграфія «Портрет Франциска Скорины. К 550-летию со дня рождения книгоиздателя (1470–2020)» выдадзеная ў Вільні ў 2020 годзе. Як сцвярджаюць рэцэнзенты, яна «разблытвае клубок шматлікіх праблем, якія склаліся ў сучасным скарыназнаўстве».

Аўтар: «Гэта ўсяго толькі кніга…»

Звязаліся з аўтарам манаграфіі – выкладчыкам Карлава ўніверсітэту ў Празе гісторыкам і філолагам Іллём Лямешкіным. Ён не мае пакуль інфармацыі пра забарону сваёй кнігі ў Беларусі, але кажа, што не здзівіцца, калі такое раптам здарыцца.

«Гэтая кніга прысвечаная мастацтву эпохі Рэнесансу і мае выключна навуковы характар. Аднак у ёй змяшчаецца адзін раздзел, які мае актуальнае гучанне. Ён называецца «Праблема візуалізацыі вобраза выдаўца, або З якіх прычын варта адмовіцца ад ордэнаў Ф. Скарыны». І там выкладзеная крытыка гэтых узнагарод у гонар Скарыны», – патлумачыў навукоўца.

Па словах аўтара, у гэтым раздзеле гаворыцца пра дэградацыю ўзнагароды. Пра тое, што ордэн Скарыны «мае вельмі сумнеўныя мастацкія вартасці, таму што выяўлены на гэтым ордэне не Скарына, а незразумела які дзядзька, які не мае са Скарынам нічога агульнага».

«Ну і што тут сказаць: функцыя ордэну змянілася. У рэшце рэшт, вобраз і імя Скарыны ўвасабляе гуманізм, а ў сучаснай Беларусі гэтай якасці зараз асабліва бракуе», – сказаў Ілля Лямешкін.

Ён кажа, што, не будзе пераймацца з нагоды забароны манаграфіі ў бібліятэках, «таму што гэта ўсяго толькі кніга».

«Бо ў сучаснай Беларусі чыняцца рэчы куды больш трагічныя: людзі сядзяць у турмах. А тое, што прыбіраюць кнігу з абароту, – гэта, канечне ж, непрыемна, гэта блюзнерства, але гэта не так страшна ў параўнанні з тым, што зараз робіцца на радзіме Скарыны», – падсумаваў аўтар манаграфіі.

Што кажуць у цэнтральных бібліятэках

Афіцыйнага пацверджання канфіскацыі кнігі Іллі Лямешкіна з цэнтральных бібліятэк Менску атрымаць не ўдалося. У Нацыянальнай бібліятэцы РБ паведамілі, што праца маецца ў аддзеле кнігазахоўвання і ў чытальнай зале рукапісаў (спраўдзілі інфармацыю ў каталозе). Але ці даступная манаграфія для прачытання – невядома.

«Нічога не ведаю пра яе выняцце з фондаў. Ніякіх папер пра яе не бачыў. Думаю, гэта калі і праўда, то вынік нейкай дзіўнай ініцыятывы ў пэўнай бібліятэцы ці сетцы», – паведаміла крыніца ў Нацыянальнай бібліятэцы.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН РБ адказалі, што ў фондах бібліятэкі гэтай манаграфіі наагул няма, бо яе нібыта яшчэ туды не даслалі.

Адмоўны адказ атрымалі і ў абласной бібліятэцы імя Пушкіна ў Менску.

Чаму варта адмовіцца ад ордэну Скарыны

У апошнім, дзявятым і, па сутнасці, публіцыстычным, раздзеле навуковай працы («Праблема візуалізацыі вобраза выдаўца, або З якіх прычын варта адмовіцца ад ордэнаў Ф. Скарыны») аўтар вяртаецца да гісторыі з’яўлення ў Беларусі гэтай узнагароды – ад медаля Скарыны (1989) да ордэну (1995).

Піша, што Скарына, як сімвал эпохі Гуманізму, мусіў бы быць выкананы на метале анфас, а не ў профіль, а таксама – без вусаў.

Аўтар узгадвае таксама жнівеньскія пратэсты 2020 году ў Беларусі і адмову ад ордэна дырыжора Уладзіміра Співакова. Выказвае меркаванне, што Скарына «паслядоўна стаіць на баку пратэстоўцаў – «наркаманаў» і «беспрацоўных».

Hавiны
Музыка Уладзімір Співакоў адмовіўся ад ордэна, які яму даў Лукашэнка
2020.08.12 20:57

6 цытат з манаграфіі

«Стаўшы знакам пачатку Рэнесансу і Гуманізму, яго друкаваныя творы, створаныя па рэнесансным узоры італьянскай кнігі, увасабляюць заходнееўрапейскі вектар развіцця ў дзяржавах-правапераемніках Вялікага княства Літоўскага: у Літве, Беларусі і Украіне. З гэтай прычыны асоба Ф. Скарыны далёка не заўжды была зручнай для ўладных структур. Асабліва супярэчлівая сітуацыя склалася падчас кіравання Лукашэнкі, калі шанаванне рэнесанснага Інтэлектуала на дзяржаўным узроўні «манапалізавала» краіна, на чале якой стаяў прымітыўны Невук».

«Неразважлівае прызнанне расейскай мовы ў якасці дзяржаўнай, якое паставіла пад удар беларускую мову <…> у 1995 годзе парадкам абясцэніла заслугі гучна шанаванага, але пры гэтым нязручнага Ф. Скарыны, які па віне ўладаў <…> становіцца маргіналам у сваёй уласнай краіне».

«Валявы твар ананіма, які чамусьці названы Францыскам Скарыны, створаны сыходзячы са стандартных прынцыпаў выяўлення правадыроў пралетарыяту: арліны (сталінскі?) нос, выступаючыя скулы, масіўная сківіца. Ленінскую кепку замяніў акадэмічны берэт <…> а пад носам красуюцца вусы – характэрны атрыбут правадыроў мінулага (згадаем некалі папулярныя барэльефы-«бутэрброды» з выявамі Маркса-Энгельса-Леніна-Сталіна)» (пра медаль Скарыны).

Ордэн Францыска Скарыны.
Фота: 25.by

«У 1995 годзе па волі Лукашэнкі ў медаля зʼявіўся канкурэнт – ордэн Ф. Скарыны. Профіль вусатага даўганосага дзядзькі, які механічна прывандраваў з медаля, троху адрэдагавалі і змякчылі, аднак «лукашэнкаўскую» ўзнагароду ўзбагацілі іншым абсурдным ідэалагічным штрыхом у духу часу – імем Георгій».

Даведка

Выбраныя кавалеры ордэну Скарыны:

Міхаіл Савіцкі, мастак (1997)

Барыс Ельцын, прэзідэнт РФ (1999)

П’ер Кардэн, мадэльер (2002)

Філарэт, мітрапаліт (2003)

Філіп Кіркораў, спявак (2012)

Адам Мальдзіс, літаратуразнаўца і пісьменнік (2013)

«Мемориальный комплекс «Брестская крепость-герой» (2021)

«Па рэшткавым прынцыпе, калі на прывілеяваным месцы апынаюцца сілавікі, а інтэлігенцыя – дзесьці напрыканцы спісу, скарынаўскія ўзнагароды часта атрымліваюць людзі, якія не маюць нічога агульнага ні з беларускай культурай і мастацтвам, ні з беларускай навукай і асветай.

На аднога Уладзімірава і Співакова ў сярэднім прыпадае тузін выпадковых чыноўнікаў і ружовых, душэўна-забаўляльных таварышаў кшталту Кіркорава, якія не здагадваюцца, як, зрэшты, і сам ордэнадаўца, кім быў Ф. Скарына і які след ён пакінуў у культуры і навуцы Заходняй Еўропы».

«На ордэне (і на медалю) мы бачым сілуэт чалавека, з якім Ф. Скарына не мае роўна нічога агульнага».

Hавiны
Каго Лукашэнка ўзнагароджвае ордэнамі і медалямі? Топ-7 недарэчных выпадкаў
2021.01.12 20:02

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў