Вугоршчына, Чэхаславаччына, Афганістан. З якімі аперацыямі можна параўнаць дзеянні АДКБ у Казахстане?


Вайсковая інтэрвенцыя краінаў АДКБ у Казахстан шмат у каго выклікала паралелі са здушэннем антыкамуністычнага паўстання ў Вугоршчыне ў 1956 годзе, уварваннем у Чэхаславаччыну ў 1968-м і вайной у Афганістане ў 1979–1989 гадах. Belsat.eu распавядае гісторыю гэтых кампаніяў, у адным шэрагу з якімі цяпер можа аказацца «контртэрарыстычная аперацыя» ў Казахстане.

У Казахстане не сціхаюць пратэсты, выкліканыя рэзкім павышэннем цэнаў на звадкаваны газ у два разы. Пратэсты пачаліся 2 студзеня ў Жангаўэзене, іх падтрымалі найбліжэйшыя паселішчы. Алматы, Казахстан. 4 студзеня 2022 года.
Фота: newsnurkz / Telegram

Вугоршчына, 1956 год

Масавыя пратэсты супраць камуністычных уладаў пачаліся 23 кастрычніка 1956 года, калі 200 тысячаў чалавек сабраліся перад будынкам парламенту. Яны патрабавалі свабодных выбараў і адмены цэнзуры. Калі пратэстоўцы паспрабавалі трапіць у будынак радыё, каб зачытаць свае патрабаванні, адбыліся сутычкі з сілавікамі, з’явіліся першыя забітыя і параненыя. Дэманстранты ў сваю чаргу захапілі некалькі пастарункаў, у іхных руках таксама цяпер была зброя.

Палац парламенту ў Будапэшце, Вугоршчына, 2005 год.
Фота: Peter Schickert / Visum / Forum

На хвалі пратэстаў кіраўнікоў ураду быў прызначаны Імрэ Надзь, які падтрымаў патрабаванні пратэстоўцаў і паабяцаў правесці дэмакратычныя рэформы. Органы дзяржбяспекі і кіроўную Вугорскую партыю працы распусцілі, быў сфармаваны шматпартыйны ўрад. Паўстанцы ўзялі пад кантроль турмы і вызвалілі палітычных вязняў. Рэвалюцыя, як тады здавалася, перамагла. Але пры гэтым не абыходзілася і без жорсткасці: жадаючы адпомсціць за гады камуністычнага тэрору, натоўп на вуліцах Будапэшту ладзіў самасуды над вугорскімі чэкістамі і камуністамі, некаторых проста вешалі на дрэвах.

Савецкі вайсковы кантынгент на той момант і так быў на тэрыторыі Вугоршчыны на сталай аснове. 24 кастрычніка яны ўвялі свае падраздзяленні (агулам каля 6 тысячаў) у Будапэшт, браняваную тэхніку сустрэлі кактэйлямі Молатава, а савецкія вайскоўцы адкрылі агонь па дэманстрантах. Але потым вайскоўцам загадалі вярнуцца ў месцы сталай дыслакацыі.

Hавiны
Вайсковы аглядальнік: Прысутнасць АДКБ у Казахстане будзе мець больш сімвалічны характар, чым вайсковы
2022.01.06 19:40

Кіраўніцтва СССР спачатку не ведала, як рэагаваць на вугорскую рэвалюцыю, і нават дапускала поўны вывад войскаў з краіны. Аднак Мікіта Хрушчоў баяўся, што перамога вугорскай рэвалюцыі натхніць на перамены іншыя краіны Усходняй Еўропы, а на Захадзе гэтыя саступкі будуць успрынятыя як слабіна. Таму быў узяты курс на сілавы сцэнар. Масква сама стварыла прасавецкі вугорскі ўрад на чале з Янашам Кадарам, які фармальна звярнуўся да кіраўніцтва СССР з просьбаю «дапамагчы нашаму народу разбіць чорныя сілы рэакцыі ды контррэвалюцыі».4 лістапада распачалася вайсковая аперацыя «Віхура», распрацаваная пад кіраўніцтвам маршала Георгія Жукава. Былі сканцэнтраваныя каля 30 тысяч вайскоўцаў, 1130 танкаў і самаходных установак, 615 гарматаў і мінамётаў.

Уварванне суправаджалася сур’ёзнымі баямі. Кіраўнік савецкай групоўкі маршал Іван Конеў увёў танкі на вузкія вуліцы Будапэшту, дзе тыя сталіся зручнаю мішэнню для паўстанцаў: яны закідвалі тэхніку акупантаў кактэйлямі Молатава і стралялі з вокнаў. Але да 8 лістапада былі знішчаныя апошнія асяродкі супраціву вугорцаў. Агулам падчас баёў загінулі 669 савецкіх вайскоўцаў, 1251 атрымаў раненні, 51 чалавек знік без вестак. Страты вугорцаў былі ў шмат разоў вышэйшыя: каля 3 тысячаў забітых і 13 тысячаў параненых.

Па завяршэнні вулічнага супрацьстаяння камуністычны рэжым на чале з Янашам Кадарам пачаў масавыя палітычныя рэпрэсіі. Цягам некалькіх гадоў каля 26 тысяч грамадзянаў былі рэпрэсаваныя, з іх 13 тысячаў былі асуджаныя на розныя турэмныя тэрміны і каля 350 пакаралі смерцю, у тым ліку Імрэ Надзя.

Чэхаславаччына, 1968 год

У 1968 годзе ў Чэхаславаччыне адбыліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назваю «Пражская вясна». Гэта быў перыяд дэмакратычных рэформаў, пашырэння правоў і свабодаў грамадзянаў, аслаблення цэнзуры. Курс на рэформы быў узяты кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны на чале з Александэрам Дубчэкам. Ён абвесціў сваёй мэтаю пабудаваць «сацыялізм з чалавечым тварам» – без рэпрэсіяў і таталітарызму. Палітыка Дубчэка атрымала шырокае падтрыманне ў грамадстве.

Hавiны
Назарбаеў сышоў. Чаму пратэсты ў Казахстане не спыняюцца і чаму іх не здушылі, як у Беларусі?
2022.01.06 00:57

Пражская вясна прынцыпова адрознівалася ад падзеяў у Вугоршчыне ў 1956 годзе. Па-першае, рух быў абсалютна мірны. Па-другое, не ішлося пра адхіленне ад улады камуністаў, забарону партыі і органаў дзяржаўнай бяспекі. Але кіраўніцтва СССР і яго хаўруснікі з Варшаўскага блоку разглядалі дэмакратычныя рэформы як пагрозу камуністычнай сістэме ў цэлым, яны лічылі падзеі ў Чэхаславаччыне «паўзучаю контррэвалюцыяй».

У выніку Пражская вясна была здушаная інтэрвенцыяй СССР ды яго хаўруснікаў ва Усходняй Еўропе 21 жніўня. У Чэхаславаччыну ў межах аперацыі «Дунай» увялі 300 тысяч жаўнераў і 7 тысяч танкаў (у асноўным гэта былі савецкія войскі).

Савецкая прапаганда тлумачыла, што СССР ды іншыя саюзныя краіны «задаволілі просьбу партыйных і дзяржаўных дзеячаў ЧССР неадкладна дапамагчы чэхаславацкаму народу», але гэта была хлусня. Дубчэк і ягоныя паплечнікі былі ўзятыя пад варту савецкімі жаўнерамі. Іх сілаю вывезлі ў Маскву, дзе 26 жніўня прымусілі падпісаць Маскоўскі пратакол. Дакумент прадугледжваў згортванне рэформаў і размяшчэнне савецкіх войскаў у Чэхаславаччыне на сталай аснове. Дубчэка адпусцілі, але на пасадзе кіраўніка КПЧ яго замянілі на цалкам лаяльнага Маскве Густава Гусака.

Жыхары Чэхаславаччыны спрабавалі арганізаваць грамадзянскі супраціў замежнай агрэсіі, будавалі барыкады ў гарадах, ладзілі акцыі непадпарадкавання, адмаўлялі акупантам у прадуктах. У некаторых выпадках пратэстоўцы кідалі ў браняваную тэхніку кактэйлі Молатава, але ўзброенага супраціву акупацыі не было. Чэхаславацкае войска засталося ў казармах.

Падчас уварвання былі забітыя ад 108 да 400 мірных жыхароў. Больш за паўсотню чалавек загінулі ў будынку Чэшскага радыё ў Празе, дзе пратэстоўцы спрабавалі абараніць ад савецкіх войскаў трансляцыю незалежнага медыя. Паводле афіцыйных савецкіх звестак, падчас уварвання загінулі 12 жаўнераў.

Пасля разгрому Пражскай вясны кіраўніцтва ЧССР узяло курс на палітычныя рэпрэсіі ды ўзмацненне кантролю за ўсімі сферамі жыцця. Гэты курс атрымаў назву «нармалізацыя». Тысячы людзей былі арыштаваныя або страцілі працу.

Hавiны
Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане
2022.01.05 19:38

Афганістан, 1979–1989 гады

У красавіку 1978 года ўладу ў Афганістане захапіла марксісцкая прасавецкая Народна-дэмакратычная партыя, якая сваёй радыкальнаю палітыкаю справакавала ўзброеныя антыўрадавыя выступленні па ўсёй краіне. НДП чыніла жорсткія рэпрэсіі: яшчэ да ўводу савецкіх войскаў ад іх загінулі 17–45 тысячаў чалавек, каля 600 тысячаў мусілі ўцякаць. Але самастойна справіцца з паўстанцкім рухам НДП не магла, таму афганскія ўлады неаднаразова звярталіся па дапамогу да кіраўніцтва СССР.

Вайсковец з ЗША разгружае і разбірае скрыні з рэчамі для кваліфікаваных эвакуяваных у нераскрытым месцы дзесьці ў паўднёва-заходняй Азіі. Кабул, Афганістан. 21 жніўня 2021 года.
Фота: U.S. Air Force / Zuma Press / Forum

Спачатку ў Маскве не хацелі ўмешвацца ў чужую грамадзянскую вайну, але 12 снежня 1979 года ЦК КПСС усё ж ухваліў увядзенне савецкіх войскаў у Афганістан «дзеля інтэрнацыянальнай дапамогі дружалюбнаму афганскаму народу, а таксама стварэння спрыяльных умоваў для забароны магчымасці антыафганскіх акцыяў з боку сумежных дзяржаваў».

Да гэтага кроку Крэмль падштурхнула незадаволенасць асобаю новага лідара Афганістану – Хафізулы Аміна, які толькі некалькі месяцаў таму зрынуў і забіў папярэдняга кіраўніка НДП – Нура Мугамэда Таракі. Таксама савецкія спецслужбы лічылі, што Амін мае сувязі з Цэнтральным выведным кіраўніцтвам і можа пераарыентаваць сваю палітыку на ЗША (насамрэч падазрэнні былі беспадстаўныя).

Спецназ КДБ СССР 27 снежня 1979 года ўзяў штурмам палац Аміна, забіў яго, двух сыноў і яшчэ каля 200 афганскіх вайскоўцаў. Кіраўніком Афганістану пасля гэтага стаў больш зручны Маскве Бабрак Кармаль. Парадокс сітуацыі заключаўся ў тым, што СССР афіцыйна абгрунтоўвала ўвядзенне войскаў адпаведнаю просьбай афганскага кіраўніцтва (і Таракі, і Амін сапраўды звярталіся па вайсковую дапамогу). Але ў выніку Крэмль проста зліквідаваў аднаго з тых кіраўнікоў, на просьбы якіх спасылаўся.

Першымі ўваходзілі ў Афганістан і апошнімі яго пакідалі так званыя віцебскія дэсантнікі – 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія. Гэта ўласна тое беларускае падраздзяленне, што мусіць быць накіраванае ў Казахстан у межах аперацыі АДКБ.

Згодна з дырэктываю міністра абароны СССР Дзмітрыя Усцінава ад 24 снежня 1979 года, савецкія вайскоўцы павінны былі размясціцца ў Афганістане гарнізонамі і ўзяць пад ахову стратэгічныя аб’екты, пра ўдзел у баявых дзеяннях супраць паўстанцаў не ішлося (амаль даслоўна тое самае цяпер абяцае Расея адносна аперацыі АДКБ у Казахстане). Але сітуацыя вельмі хутка пачала развівацца не паводле плану: СССР аказаўся ўцягнуты ў сапраўдную вайну. Усяго, паводле афіцыйных звестак, у Афганістане загінулі 14 453 грамадзяніны СССР, 49 983 атрымалі раненні, 6669 сталі інвалідамі, 330 прапалі без вестак.

У Афганістане ваявалі каля 30 тысяч беларусаў. 771 чалавек загінуў (у тым ліку 4 жанчыны), больш за 1,5 тысячы беларусаў атрымалі раненні і кантузіі, 718 вярнуліся інвалідамі, 12 чалавек лічацца зніклымі без вестак.

Гісторыкі лічаць, што вайна ў Афганістане сталася важным фактарам разбурэння СССР: яна паўплывала на пагаршэнне эканамічнага стану краіны і падзенне аўтарытэту савецкай улады.

РР belsat.eu

Стужка навінаў