Святлана Ціханоўская пра адпраўку вайскоўцаў у Казахстан: «Беларускі народ ніколі не выступіць за гэта»


Беларускія вайскоўцы выпраўляюцца ў Казахстан у межах «міратворчай місіі» АДКБ, каб падтрымаць барацьбу такаеўцаў з масавымі пратэстамі. Лідарка беларускага пратэсту – супраць.

Святлана Ціханоўская, архіўнае фота. Вільня, Літва. Травень 2021 года.
Фота: Белсат

«Не трэба быць палітыкам ці экспертам, каб разумець: увод войскаў – гэта заўсёды ўзброенае ўмяшанне ў справы іншай дзяржавы, – гаворыцца ў заяве Святланы Ціханоўскай, якую распаўсюдзіў ейны офіс. – Народ Беларусі ніколі не выступіў бы і не выступіць за тое, каб адправіць войска на прыгнечанне волі народу Казахстана».

На думку Ціханоўскай, кожны беларус «сэрцам разумее рашэнне супрацьстаяць дыктатуры» і разумее, што «Лукашэнка, які страціў легітымнасць, не мае права прымаць рашэнні аб уводзе войскаў і ахвяраваць беларусамі дзеля ўзброенай сімуляцыі стабільнасці ў рэгіёне».

Hавiны
Беларускія вайскоўцы ўвайшлі ў склад «міратворцаў» АДКБ для Казахстану. Па іх ляціць самалёт са Пскова
2022.01.06 10:58

«Толькі жыхары Казахстана маюць права вызначаць лёс сваёй краіны і адстойваць свой выбар, – заявіла Ціханоўская. – Выхад на вуліцу – гэта нармальны, а ў аўтарытарных рэжымах адзін з нямногіх даступных грамадзянам спосабаў выказвання сваёй грамадзянскай волі. Я спадзяюся, што пратэстоўцы і ўлады Казахстана знойдуць магчымасці пачаць дыялог і развязаць сітуацыю, не дапускаючы новых ахвяраў».

На вуліцах казахскіх гарадоў 6 студзеня пратэсты сціхаюць. Пратэстоўцы дамагліся зніжэння цэнаў на паліва, адстаўкі ўраду і фармальнага сыходу Нурсултана Назарбаева з пасады старшыні Савету бяспекі. Наступнік Назарбаева Касым-Жамарт Такаеў застаўся на пасадзе прэзідэнта і заняў месца Назарбаева ў Савеце бяспекі.

Hавiны
Казахскі пратэст скончыўся? Сведка: у Алматы ваююць не з пратэстоўцамі, а з марадзёрамі
2022.01.06 12:40

Дакладная колькасць ахвяраў кахазскага пратэсту невядомая. Паведамлялі пра смерці пратэстоўцаў, улады заяўляюць аб 13 забітых паліцыянтах. У Алматы ноччу і раніцай было чуваць страляніну.

АА belsat.eu

Стужка навінаў