Паліцыя Алматы заявіла аб затрыманні каля 2000 чалавек


Сілавікі Казахстану ладзяць «зачыстку» найбуйнейшага гораду. Улады ставяць знак роўнасці між пратэстоўцамі і марадзёрамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэсты ў Казахстане. 5 студзеня 2022 года.
Фота: ORDA

У органы паліцыі Алматы даставілі каля дзвюх тысяч чалавек, паведамляе казахскае выданне «Vласть» са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў. Затрыманні працягваюцца.

«Зброю ўжываюць? Канешне, супраць гэтых, – сказалі выданню ў прэс-службе МУС. – Я не магу сказаць, гэта падчас надзвычайнага становішча належыць. Яны прыкрываюцца дзецьмі, жанчынамі, мы папярэджваем усіх не выходзіць. Гэта ўскладняе нашу працу. А ім хочацца паздымаць».

У Алматы ад 2 да 5 студзеня адбываліся масавыя пратэсты супраць спачатку падаражэння паліва ўдвая, затым – за адстаўку ўраду і сыход Нурсултана Назарбаева з палітыкі. Назарбаеў сышоў, але ягоны пераемнік Касым-Жамарт Такаеў застаўся ў прэзідэнцкім крэсле. Раніцай 6 студзеня ў горад увайшлі войскі.

Але ў ноч з 5 на 6 студзеня ў горадзе ўладарылі марадзёры, якія рабавалі крамы і банкі, чынілі пагромы. Марадзёры здабылі зброю са складаў сілавікоў, якія разбегліся або здаліся пратэстоўцам.

Hавiны
Казахскі пратэст скончыўся? Сведка: у Алматы ваююць не з пратэстоўцамі, а з марадзёрамі
2022.01.06 12:40

Пры тым афіцыйныя асобы Казахстану ставяць знак роўнасці між пратэстоўцамі і марадзёрамі, усіх называюць «бандытамі» і «тэрарыстамі». Замежных «міратворцаў» такаеўцы запрашалі на «антытэрарыстычную аперацыю».

Так, у МУС заявілі, што «сярод тэрарыстаў і затрыманых няма звестак аб загінулых». Раней прэс-сакратарка Дэпартаменту ўнутраных справаў Алматы казала, што ў выніку «антытэрарыстычнай аперацыі» сілавікі «ліквідавалі» дзясяткі чалавек. Улады заяўлялі аб ці то 12, ці то 13 загінулых сілавіках.

На дзяржаўнай тэлевізіі таксама заяўлялі, што ў выніку пратэстаў у Казахстане пацярпелі звыш тысячы чалавек, каля 400 шпіталізаваныя, 62 – у рэанімацыі.

На кадрах расейскіх медыяў з Алматы бачна, што ўзброеныя аўтаматамі сілавікі пільнуюць людзей, якія стаяць на каленах. На вуліцах ляжаць целы забітых. Ці марадзёры гэтыя затрыманыя і забітыя, ці пратэстоўцы, невядома.

Hавiны
Беларускія вайскоўцы ўвайшлі ў склад «міратворцаў» АДКБ для Казахстану. Па іх ляціць самалёт са Пскова
2022.01.06 10:58

АА belsat.eu

Стужка навінаў