Нацбанк распавёў, што ЗВР Беларусі выраслі амаль на $ 1 млрд. Але ёсць нюансы

Нацыянальны банк Беларусі падвёў вынікі адносна золатавалютных рэзерваў краіны. І там не так усё добра, як паведамляецца.

Паводле Нацбанку, міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 студзеня склалі 8,425 млрд долараў пры запланаваных не менш як 6 млрд долараў.

Фота: Белсат

За снежань ЗВР на $ 44,1 млн (на 0,5 %) пасля скарачэння ў лістападзе на $ 80,7 млн (на 0,9 %). У цэлым па выніках 2021 года міжнародныя рэзервовыя актывы павялічыліся на $ 956,5 млн (на 12,8 %).

У Нацбанку адзначылі, што росту ўзроўню ЗВР у 2021 годзе спрыялі купля Нацыянальным банкам валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы, размеркаванне спецыяльных правоў запазычання Міжнароднага валютнага фонду, паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін і размяшчэння Міністэрствам фінансаў на ўнутраным рынку аблігацыяў у замежнай валюце, а таксама прыцягненне вонкавых дзяржаўных пазык.

Мільярд ад МВФ: ці скарыстаецца ім Лукашэнка?

Пры гэтым Беларусь летась выплаціла паводле сваіх абавязкаў у замежнай валюце каля $ 3,1 млрд, у тым ліку ў снежні – $ 220 млн.

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2023 года з улікам пагашэння Урадам Рэспублікі Беларусь унутраных і вонкавых абавязкаў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 7,0 млрд. долараў ЗША.

Чаму так атрымалася?

Разам з тым тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску» адзначае, што хоць афіцыйна ЗВР Беларусі павялічыліся за год на $ 956,5 млн, з гэтай сумы ажно $ 926,5 млн прыйшлі ад МВФ, якія ў жніўні проста вылучылі ўсім краінам.

«Чорныя лебедзі» могуць вылецець зноў. Беларускія ЗВР застылі на месцы ў чаканні няпэўнай будучыні

«Такім чынам, калі б не дапамога МВФ, рэзервы падняліся б за 2021 г. толькі на $ 30 млн. Вось вам рэальны вынік працы эканомікі», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама яны адзначылі памяншэнне выплат па валютных даўгах: Калі за 2020 год улады растрацілі на гэта $ 3,9 млрд, то летась – толькі $ 3,1 млрд. Раней валютныя выплаты Беларусі былі яшчэ большымі: $ 4,2 млрд за 2019 год і $ 5,8 млрд за 2018 год.

«Такім чынам, у 2021 г. пашчасціла з графікам плацяжоў па даўгах. Выплаты сталі найменшымі за 4 гады запар. Калі б выплаты захаваліся нават на ўзроўні 2020 г., ЗВР за 2021 г. маглі істотна скараціцца», – адзначаюць аўтары «Эканомікі па-беларуску».

Долар ужо па 2,60 рубля. З Калядаў – плюс 9 капеек

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны